Выніковая калегія Мінлясгаса, якая прайшла днямі, сабрала кіруючы актыў галіны з усёй краіны. У мерапрыемстве ўзяў удзел намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч. У рамках работы калегіі ў першую чаргу былі адзначаны лясгасы і гаспадаркі, якія спрацавалі летась лепш за іншых. Да вызначэння пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця лясной гаспадаркі камісія падышла максімальна строга.
Па словах міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка, у цэлым па галіне дасягнуты нядрэнны фінансавы вынік. «Тэмп росту выручкі склаў больш як 135%. Мы выйшлі на ўзровень першага паўгоддзя 2021 года», — сказаў ён. І дадаў: «Якіх-небудзь прычын спасылацца на санкцыі цяпер быць не можа, для нас яны засталіся ў мінулым».
Акрамя таго, у 2024 годзе ўдалося знізіць фінансавую нагрузку на арганізацыі галіны. Пратэрмінаваная запазычанасць па лізінгавых плацяжах скарацілася больш як у 2,5 раза, па крэдытах — амаль у 9 разоў. У многім гэта было дасягнута і дзякуючы таму, што галіна нарасціла продаж дзелавой драўніны ў 2024 годзе амаль на 20%. «У 2024 годзе мы рэалізавалі 10 млн куб. м дзелавой драўніны з тэмпам росту да ўзроўню 2023 года ў 119%. Гэта сведчыць і аб развіцці сферы перапрацоўкі драўніны ўнутры краіны, у тым ліку ў арганізацыях канцэрна «Беллеспаперапрам», — адзначыў ён.
Навучыліся зарабляць грошы. Выручка арганізацый Міністэрства лясной гаспадаркі ў 2024 годзе вырасла на трэць. У сувязі з гэтым, напрыклад, сёлета плануецца арганізаваць яшчэ дзевяць вытворчасцяў па выпуску домакамплектаў. У мінулым годзе гандлёвая сетка «Лясны домік» павялічылася на тры гандлёвыя пункты. Сёння гэта ўжо 19 аб’ектаў, выручка па якіх павялічылася амаль у два разы, адзначыў Аляксандр Кулік. «Лідарамі продажаў па выніках 2024 года з’яўляюцца гандлёвыя пляцоўкі Клічаўскага, Гомельскага доследнага і Капыльскага доследнага лясгасаў.
У мінулым годзе праз рознічную сетку мы рэалізавалі грамадзянам 94 домакамплекты і 63 лазні, вырабленыя па розных тэхналогіях», — расказаў ён. Сёлета, улічваючы попыт на домабудаванне, Мінлясгас плануе дадаткова арганізаваць яшчэ дзевяць вытворчасцяў па выпуску ацыліндраваных драўляных домакамплектаў.
Што датычыцца ўсёй прамысловай дзейнасці, то ў мінулым годзе ведамства выйшла на ўзровень першага паўгоддзя 2021 года, на дасанкцыйны перыяд. «Мы знайшлі альтэрнатыўныя рынкі збыту і цяпер прадаўжаем працаваць у гэтым кірунмку. Цяпер ужо адгружаем пробныя партыі пелет на экспарт», — расказаў кіраўнік галіны.
Паводле слоў Аляксандра Куліка, у цэлым усе паказчыкі па галіне, якія даводзяцца дзяржавай і дзяржпраграмай «Беларускі лес», выкананы. «Але лёгкіх гадоў у нас не бывае, стыхія правярае нас на трываласць — то пажары, то бураломы», — падкрэсліў ён.
У першую чаргу ўдалося захаваць лясы ад пажараў. «283 гектары агульнай плошчы пажараў у 2024 годзе — самая мінімальная плошча за апошнія дзесяць гадоў. Прафілактыка і зніжэнне плошчы пажараў — наша асноўная задача», — сказаў міністр.
Актыўна ў мінулым годзе працавалі і з бураломам, асабліва на плошчах, дзе ў ліпені прайшоў ураган. «На сёння ў Гомельскай вобласці застаецца 700 гектараў, у параўнанні з пачаткам — гэта мізер. Мы выйшлі на распрацоўку 53 гектараў у суткі. Прэзідэнтам пастаўлена задача аб аператыўнай распрацоўцы, і да 25 лютага мы плануем выканаць усе работы і адпусціць людзей у месцы пастаяннай дыслакацыі. Людзі здзейснілі подзвіг — паўгода знаходзяцца там», — сказаў Аляксандр Кулік.
Стабільны стан паляўнічых рэсурсаў дае магчымасць развівацца паляўнічаму турызму, адзначыў кіраўнік Мінлясгаса. Агульныя даходы лесапаляўнічых гаспадарак склалі больш як Br11 млн, у тым ліку ад замежнага паляўнічага турызму — Br2,3 млн.
Найбольшыя даходы ад замежнага паляўнічага турызму атрымалі Навагрудскі, Магілёўскі, Быхаўскі, Івацэвіцкі, Пружанскі, Ушацкі, Рэчыцкі і Гродзенскі лясгасы.