Top.Mail.Ru

Да 500-годдзя Мірскага замка выйшла ўнікальная кніга-летапіс

Выйшла з друку ўнікальная кніга-летапіс «Мірскі замак. Пяць стагоддзяў» — падзея, прымеркаваная да 500-годдзя першай згадкі помніка ў пісьмовых крыніцах.



Як паведаміла загадчыца аддзела па інфармацыйна-метадычнай рабоце і сувязях з грамадскасцю Ганна Язерская, эмацыянальным стрыжнем уступнага слова кнігі выступае ўрачыстае прысвячэнне ўсім «... хто меў дачыненне да будаўніцтва Мірскага замка, хто тут жыў і рамантаваў яго сцены, хто на працягу стагоддзяў ствараў навакольнае асяроддзе, хто вывучаў і даследаваў, хто клапаціўся пра рэстаўрацыю і музеефікацыю, хто пажадаў аднавіць з руін слаўны куточак нашай радзімы...».

Выданне ўяўляе сабой маштабнае даследаванне, якое аб’яднала пад адной вокладкай унікальныя факталагічныя, картаграфічныя і ілюстрацыйныя матэрыялы. Старонкі кнігі паслядоўна раскрываюць шматвяковую гісторыю аднаго з галоўных архітэктурных сімвалаў Беларусі, ахопліваючы перыяд з XVI па XX стагоддзе.


Чытачы змогуць не толькі паглыбіцца ў гістарычны кантэкст эпох, праз якія прайшоў помнік, але і наглядна прасачыць, як мянялася архітэктурнае аблічча Мірскага замка з цягам часу. Дзякуючы рэдкім планам, картам і архіўным выявам кніга-летапіс узнаўляе жывую карціну жыцця замкавага комплексу на працягу пяці стагоддзяў.

«...Над ім шумелі вятры стагоддзяў, пакінуўшы на шурпатых сценах свае сляды. А ён стаіць, як і стаяў, як сімвал непераможнасці нашага народа і яго незалежнасці...» — гэтыя радкі дакладна адлюстроўваюць лёс жамчужыны беларускага дойлідства. І сёння Мірскі замак — гэта першы аб’ект замкавай архітэктуры ў незалежнай Беларусі, дзе быў адкрыты музей з рэканструяванымі інтэр’ерамі канца XVI — сярэдзіны XVIII стагоддзяў.

Кніга-летапіс «Мірскі замак. Пяць стагоддзяў» стане каштоўнай крыніцай ведаў для гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, краязнаўцаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца багатай культурнай спадчынай Беларусі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю