Top.Mail.Ru

Да 80-годдзя Перамогi ў Ваўкавыскiм раёне праходзiць добраўпарадкаванне памятных месцаў

Тут налiчваецца 68 воiнских пахаванняў, з якiх 53 адносяцца да перыяду Вялiкай Айчыннай вайны. З iх сем маюць статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, 27 — помнiкi воiнскай славы.


На тэрыторыi раёна тры мемарыяльныя комплексы. Адзiн з iх — «Сквер памяцi» знаходзiцца ў Ваўкавыску. Абелiск узведзены ў гонар вызвалiцеляў горада — воiнаў i партызан, якiя загiнулi ў лiпенi 1944 года. Тут пахаваны i Героi Савецкага Саюза — Еўдакiмаў, Жолудзеў, Мядзведзеў.

На ўскраiне горада знаходзiцца сумна вядомае ўрочышча Парахаўня. Ад рук нямецкiх захопнiкаў тут загiнула больш за 4000 мiрных жыхароў горада i наваколля. Пасля вайны на месцы шматлiкiх магiл устаноўлены манументальны помнiк ахвярам фашызму.

Яшчэ адзiн мемарыяльны комплекс узведзены на месцы вёскi Шавулiчы. Тут падчас карнай аперацыi ў лiпенi 1943 года немцы расстралялi 366 чалавек i спалiлi 77 дамоў. «Вогненная вёска» так i не адрадзiлася, а памяць аб жыхарах увекавечана ў мемарыяле. Побач з брацкiмi магiламi ўстаноўлена скульптурная кампазiцыя: крыжы, а на месцы дамоў — 40 драўляных зрубаў-сiмвалаў. У цэнтры мемарыяла на пастаменце — бронзавы звон. Закладзена Алея славы.

Усе помнiкi i мемарыялы пастаянна знаходзяцца пад пiльнай увагай. Вядзецца работа па iх аднаўленнi i добраўпарадкаваннi.

Як паведамiла вядучы спецыялiст аддзела iдэалогii Ваўкавыскага райвыканкама Валянцiна Мялешка, усе формы ўвекавечвання i воiнскiя пахаваннi пастаўлены на баланс сельскiх выканаўчых камiтэтаў альбо замацаваныя за арганiзацыямi i ўстановамi раёна.

— У раёне распрацаваны i зацверджаны планы-графiкi па навядзеннi парадку на дадзеных аб’ектах. У перыяд з 24 лютага да 14 сакавiка праведзены манiторынг iх стану, каб вызначыць канкрэтныя работы ў гэтым кiрунку. Добраўпарадкаванне плануецца завяршыць да канца красавiка, — зазначыла Валянцiна Мялешка.

Iдэолаг паведамiла, што цяпер iдуць работы на мемарыяльным комплексе «Сквер памяцi» ў Ваўкавыску. Вядзецца замена плiт на брацкай магiле з нанясеннем новых устаноўленых iмёнаў загiнулых. На шэрагу манументаў раёна iдуць работы па ачыстцы, тынкоўцы i афарбоўцы, рамантуецца фундамент, прыводзiцца ў парадак агароджа, высаджваюцца зялёныя насаджэннi, чысцяцца i раўняюцца дарожкi. У лiку аб’ектаў — воiнскае пахаванне ў аграгарадку Шылавiчы, помнiк землякам у Ендрыхаўцах, брацкiя магiлы ў вёсках Раднiкi, Iзабелiн, Бiскупцы.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю