Top.Mail.Ru

Да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны беларускія тэлеканалы падрыхтавалі тэматычны эфір

22 чэрвеня гледачоў чакаюць паказы дакументальных і мастацкіх фільмаў, спецвыпускі розных тэлепраектаў.

Да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны беларускія тэлеканалы падрыхтавалі тэматычны эфір. 

22 чэрвеня гледачоў чакаюць паказы дакументальных і мастацкіх фільмаў, спецвыпускі розных тэлепраектаў.

На «Першым інфармацыйным» у 11.10 і ў 21.20 — дакументальная хроніка Алены Борматавай «Лета 1941. На досвітку вайны». Акрамя гэтага, гледачы змогуць далучыцца да прамой трансляцыі Другога міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня».

Тэлеканал «Беларусь 1» падрыхтаваў цыкл мастацка-публіцыстычных тэлефільмаў «Кніга памяці. Асабісты архіў». Яго паказ стартуе 22 чэрвеня. Цыкл складаецца з 

16 тэлефільмаў, якія заснаваны на гісторыях з архіваў дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, вядомых палітыкаў і прадстаўнікоў грамадскасці. Таксама тэлефільмы ўключаюць звесткі, сабраныя Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

На «Беларусь 2» у спецвыпуску праграмы «Уключайся» раскажуць аб мерапрыемствах у Брэсцкай крэпасці, старце «Цягніка Памяці», паказе пад адкрытым небам фільма «Сем вёрст да світанку», аднаўленні падзей апошняга мірнага дня на вуліцы Савецкай у Брэсце, мітынге-рэквіеме і ваенна-гістарычнай рэканструкцыі абароны цытадэлі, а таксама аб тым, як знайсці інфармацыю аб зніклых без вестак продках праз архіўныя базы. На гэтай жа кнопцы — ваенная драма «Доўгія вёрсты вайны».

На «Беларусь 3» на працягу дня можна будзе паглядзець шэраг адметных мастацкіх фільмаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне: «Заўтра была вайна», «Узыходжанне», «У небе «Начныя ведзьмы», «Гадзіннік спыніўся апоўначы». У 11.40 і 12.40 гэты сацыякультурны тэлеканал запланаваў паказ дакументальнага цыкла «Памяць зямлі маёй», прысвечаны мемарыяльным комплексам «Маці-патрыётка» і «Трасцянец».

У 14.30 «Беларусь 3» прадставіць маштабны вакальна-харэаграфічны праект Вялікага тэатра Беларусі «Патэтычны дзённік памяці», у аснове якога — творы беларускіх кампазітараў і дакументальныя сведчанні мужнасці беларускага народа. У 23.35 пачнецца канцэрт-рэквіем «Кожны трэці».

Тэматычны эфір, прысвечаны 85-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, падрыхтавалі і іншыя тэлеканалы. АНТ, напрыклад, прапануе мастацкія стужкі «Ідзі і глядзі» і «На вайне як на вайне». На СТБ — «Дзяржаўная граніца. Год сорак першы», а «Спецыяльны рэпартаж» будзе прысвечана генацыду беларускага народа.

На тэлеканале «МІР» з самай раніцы ў эфіры таксама кінакласіка: «Помні імя сваё», «22 чэрвеня, роўна ў 4 гадзіны...», «Бацька салдата», «Фронт без флангаў», «Фронт за лініяй фронту», «Фронт у тыле ворага».

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю