Top.Mail.Ru

Да акцыі «Беларусь адзіная» ўчора далучылася моладзь Магілёўшчыны і Брэстчыны

Сустрэчы, якія натхняюць

Рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная», прымеркаваная да Дня народнага адзінства, якая праходзіць пад эгідай таварыства «Веды», сёлета мае абсалютна маладзёжны фармат. З маладой аўдыторыяй размаўляюць іх равеснікі, і гэта дадае такім разважанням аб важным нязмушанасці і паразумення. Учора да дыялогу аб сэнсах нашага адзінства далучыліся навучэнцы каледжаў у Бабруйску, Ляхавічах і Ганцавічах.

У Бабруйскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы моладзь гаварыла аб аднаўленні гістарычнай справядлівасці, аб дасягненнях беларусаў, сіле і згуртаванасці нашага народа.

Спікерамі мерапрыемства выступілі прадстаўнік маладзёжнага руху «Іскра» Беларускай партыі «Белая Русь» Уладзіслаў Дземідзенка і актывістка БРСМ, студэнтка 5-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, пераможца «Міс Студэнцтва г. Мінска — 2025» Паліна Вавула. Яны расказалі пра гісторыю свята, правялі віктарыну і адказалі на пытанні навучэнцаў.

Уладзіслаў Дземідзенка прызнаўся sb.by, што такія сустрэчы — гэта найперш камунікат, з якога ён сам чэрпае натхненне:

— Самы важны момант у такім фармаце правядзення сустрэчы — размова на роўных. Калі з моладдзю вядзе дыялог моладзь, гэта добрая магчымасць задаць пытанні. Мы з Палінай з Бабруйска, і для нас гэты момант вельмі хвалюючы, кранальны. Бо прыязджаць на малую радзіму заўсёды прыемна. А калі так сустракаюць, такія актыўныя хлопцы і дзяўчаты, якія задаюць столькі пытанняў, удвая прыемна.

— Для мяне Дзень народнага адзінства — пра неверагодную згуртаванасць беларусаў. Сёння нашу гісторыю спрабуюць нахабна перапісаць тыя, хто жадае нашкодзіць Беларусі. Наш адказ — прыходзіць да моладзі і гучна казаць праўду: аб уз’яднанні народа, аб рэальным подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне. Калі мы саступім у гэтай інфармацыйнай вайне і дадзім перапісаць наша мінулае, то сутыкнемся з вялізнымі праблемамі. Наша галоўная задача сёння — зберагчы сваю краіну, абараніць праўду і ўпэўнена развівацца далей, — сказаў малады актывіст.

Навучэнцы каледжа таксама адзначылі маладзёжны фармат зносін.

— Ніякага пафасу і сарамлівасці: чыстыя жывыя зносіны, дзе можна спакойна задаць любое пытанне і не перажываць, — падзялілася ўражаннямі Дамініка Краўчанка. — Мы размаўлялі пра Дзень народнага адзінства і вельмі няпростыя старонкі нашай гісторыі. Але спікеры — маладыя людзі, усяго на некалькі гадоў старэйшыя за мяне, — расклалі ўсё настолькі крута і жыва, што складаная тэма праляцела на адным дыханні. Нешта адкрыла для сябе ўпершыню, пра нешта ўспомніла. Такія сустрэчы на зразумелай мове мегаважныя для моладзі.

У Бабруйску адным каледжам маладыя спікеры не абмежаваліся: дыялогавыя пляцоўкі прайшлі ў дзяржаўным аграрна-эканамічным і гандлёва-эканамічным каледжах.

У Ганцавіцкім аграрным каледжы спікерамі акцыі выступілі намеснік старшыні Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Ганна Трухан і курсант ваенна-медыцынскага інстытута ў БДМУ Андрэй Губко. На сустрэчу сабраліся 80 навучэнцаў першага і другога курсаў, паведамляе БелТА.

Ганна Трухан нагадала, што акцыя праводзіцца ў краіне з 2021 года — з моманту заснавання Дня народнага адзінства. «Раней у ёй удзельнічалі прадстаўнікі таварыства „Веды“, партыі „Белая Русь“, дыпламаты. Цяпер упершыню моладзь размаўляе непасрэдна з моладдзю. Мы гаворым аб стварэнні свята, яго значнасці для краіны, адказваем на пытанні хлопцаў і дзяўчат і хочам пачуць іх меркаванне. Важна пераканацца, што мы глядзім у адным напрамку і гатовы разам будаваць Беларусь будучыні», — падкрэсліла дзяўчына.

Удзельнікі дыялогу расказалі, што атмасфера была камфортнай, а абмеркаванне праходзіла лёгка, гаварылі аб тым, як з’явілася свята, чаму важна захоўваць адзінства. Яны ўзялі ўдзел у квізе, самым актыўным уручылі падарункі. Навучэнец каледжа Елісей Труцько падкрэсліў, што новы фармат правядзення акцыі стаў бліжэй для моладзі: «Думаю, такія сустрэчы парадуюць хлопцаў і дзяўчат у іншых гарадах. Было прыемна паўдзельнічаць у квізе і атрымаць падарунак ад спікераў».

Маладыя людзі адзначылі, што былі рады незвычайнай інтэрактыўнай сустрэчы. «Дыялог быў адкрыты, усе актыўна ўдзельнічалі. Мы абмяркоўвалі, што важна быць адзінымі ў нашай вялікай беларускай сям’і. Атрымаўся сапраўдны абмен думкамі», — падзяліўся навучэнец Ілья Пятліцкі.

Напрыканцы сустрэчы маладыя людзі знялі агульны відэаролік.

Таксама акцыя прайшла ўчора ў Ляхавіцкім аграрным каледжы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю