Top.Mail.Ru

Да бацькоў — пасля першага спаткання

«Мы — маладыя калі кахаеш, шлюб не адкладаеш»

Спрэчкі на тэму, у якім узросце лепш браць шлюб, напэўна, не ўціхнуць ніколі. Але гэта не так важна, калі сустракаюцца два кахаючыя сэрцы. Так здарылася ў Віялеты і Аляксандра. Яны пазнаёміліся, калі дзяўчыне было 17, а хлопцу — 21. З тых часоў не расставаліся, і ўжо два гады ў шлюбе. Пагаварылі з маладой парай аб тым, як яны рашыліся на такі крок і як да гэтага паставіліся іх сем’і.

Хацелі сур’ёзных адносін

У гісторыі знаёмства пары няма нічога незвычайнага. Усё вельмі проста. Пазнаёміліся ў дэйтынгавым дадатку. Сучасны зручны спосаб, які аказваецца рабочым, калі ўмець весці дыялог і быць зацікаўленым у стасунках, адзначылі маладыя. І хлопец, і дзяўчына ішлі па пошук сур’ёзных адносін.

— Нам абаім хацелася стварыць трывалыя адносіны, якія стануць апорай і перарастуць у моцную сямейную сувязь, — распавядае дзяўчына. — Я заўсёды выступала за традыцыйныя каштоўнасці. Кажу гэта не для галачкі, а таму, што ведаю, наколькі важна мець блізкага чалавека, які раздзеліць з табой не толькі радасць, але і праблемы.

Як у кіно

Першым напісаў Аляксандр. Кажа, што ўбачыў фота і адразу нешта адчуў. Так звычайна ў кіно гавораць, і здаецца, што ў рэальным жыцці такое не здараецца. Але вось ён, вынік — той першы погляд на анкету перарос у вялікае каханне.

— Праўда, усё было не так проста, бо Віялета далёка не адразу пагадзілася прыйсці на спатканне. Перапіска ішла недзе каля паўтара месяца, і я вельмі спадзяваўся, што мы сустрэнемся, хоць на момант знаёмства мы жылі за 180 кіламетраў адно ад аднаго. Я — у Гродне, а мая будучая жонка — у Карэліцкім раёне.

Віялета збіралася прыехаць у Гродна па пропуск на ЦТ і ўсё ж адважылася на сустрэчу з Сашам. Дзяўчына кажа, што перапіска была цікавая. Зразумела, што на анкету Віялеты адгукаліся і іншыя хлопцы, пісалі, але адносіны неяк не складваліся. А вось з будучым мужам словы ішлі самі.

Нашто чакаць?

Малады чалавек не марнаваў часу, пасля першага спаткання прапанаваў пазнаёміць з бацькамі, а праз 10 месяцаў, калі Віялеце споўнілася 18, зрабіў ёй прапанову.

— Мы адзначалі дзень нараджэнне ўдваіх. Купіў прыгожы букет, стаў на адно калена і папрасіў быць маёй жонкай. А навошта чакаць? Я ж у самым пачатку зразумеў, што яна — мой чалавек.

Віялета расказвае, што пасталела зусім у юным узросце. Дзяўчына рана засталася без бацькі, ва ўсім дапамагала маме і бабулі.

— Так, шлюб ранні, але калі мае мама і бабуля пазнаёміліся з Сашам, то адразу зразумелі, што ён добры хлопец і яму можна давяраць. Яны сказалі: «Калі нешта не атрымаецца, гэта стане ўрокам. Калі ўсё добра будзе, шчасліва пражывеш жыццё з каханым чалавекам».

Бацькі Аляксандра таксама не былі супраць шлюбу. Яны бачылі, што іх сын гатовы да гэтага, кахае Віялету, ды і дзяўчына ім спадабалася.

Павага і каханне

Муж і жонка адзначаюць, што галоўны сакрэт паспяховага сямейнага жыцця — павага і каханне. Адно без другога не можа быць. Усе пытанні і праблемы абмяркоўваюць адразу, не назапашваюць крыўды, не бачаць сэнсу пашыраць канфліктную сітуацыю, калі такая ўзнікае.

— Калі я ў нечым вінаваты, ніколі не буду гэтага адмаўляць. Проста папрашу прабачэння, — падкрэслівае Аляксандр.

— Я тое ж самае раблю. Мы ўсе людзі, у кожнага свой характар, розныя сітуацыі бываюць.

Дом — месца адпачынку

Віялета яшчэ вучыцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы на філалагічным факультэце. Цяпер дзяўчына на 3 курсе, яшчэ і працуе ў школе настаўніцай. На маё пытанне, як у яе атрымліваецца сумяшчаць сям’ю, працу і вучобу, з усмешкай адказвае:

— Мне падабаецца атрымліваць новыя веды ва ўніверсітэце, удасканальвацца як прафесіянал. Я люблю працу ў школе, узаемадзейнічаць з дзецьмі. Мяне падтрымлівае муж, так што дома я адпачываю. Вядома, мы займаемся бытам, але ўсё роўна гэта больш для душы.

Маладыя людзі адзначаюць, што дом — гэта іх бяспечнае месца, дзе яны могуць адпачыць, аднавіцца, прывесці думкі ў парадак. Хатнія абавязкі дзеляць разам.

— Думаю, гэта ўсё з дзяцінства ідзе. У мяне тата заўсёды маме дапамагае, — расказвае Аляксандр. — Мне няцяжка нешта прыгатаваць ці прыбраць. Гэта ж наш агульны дом, а значыць, і абавязкі  агульныя.

Наперадзе так шмат дзівоснага

Адпачынак муж і жонка любяць актыўны. Яшчэ ў самым пачатку адносін яны падарожнічалі па Беларусі. Садзіліся ў машыну і адпраўляліся ў дарогу, аб’ездзілі амаль усю Гродзенскую вобласць. У планах — уся Беларусь. У цёплую пару года едуць на рыбалку, у паходы з начлегам ці проста на прыроду.

Дарэчы, сужэнцы будуць удзельнічаць у Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх сем’яў «Шчаслівыя разам». Раней удзельнікамі маглі стаць толькі пары, дзе муж і жонка — студэнты. Калі Віялета даведалася, што цяпер гэта можа быць нехта адзін, прапанавала Сашу паўдзельнічаць, і ён пагадзіўся.

— Трэба падтрымліваць жонку, — усміхаецца Аляксандр. — Тым больш што мне спадабалася праграма. Зможам пазнаёміцца з іншымі парамі, расказаць пра сябе. Думаю, будзе здорава.

Маладыя людзі адзначаюць, што наперадзе ў іх так шмат дзівоснага. Адзін з найважнейшых крокаў — дзеці. Абое хочуць папаўнення ў сям’і, але пакуль вырашылі дачакацца заканчэння вучобы Віялеты. Адзначаюць, што Беларусь — выдатная краіна для нараджэння і выхавання дзяцей, і абавязкова іх сям’я стане большай.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю