У чацвер, 5 чэрвеня, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп упершыню публічна раскрытыкаваў свайго былога сябра і саюзніка, мільярдэра Ілана Маска. Ён заявіў, што расчараваны ў прадпрымальніку і прапанаваў спыніць выплату дзяржаўных субсідый яго кампаніям Tesla і SpaceX. У адказ Маск заявіў, што без яго падтрымкі рэспубліканец ніколі не змог бы перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах, і абвінаваціў Трампа ў датычнасці да згвалтаванняў непаўналетніх. Што стала прычынай сваркі паміж былымі сябрамі і чым яна можа абярнуцца — разбіралася «Лента.ру».
Чаму пасварыліся Трамп і Маск?
Увечары 5 чэрвеня, падчас сустрэчы з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы на пытанне журналіста, упершыню прызнаў, што знаходзіцца ў канфлікце са сваім былым паплечнікам Іланам Маском.
Да нядаўняга часу Маск узначальваў Дэпартамент эфектыўнасці ўрада (DOGE), аднак 29 мая ён падаў у адстаўку. Неўзабаве пасьля гэтага прадпрымальнік пачаў асцярожна крытыкаваць палітычныя рашэнні былога начальніка. Яму не падабаліся ўведзеныя пошліны на імпарт, адобраны Трампам законапраект One Big Beautiful Bill, які прадугледжвае зніжэнне падаткаў, а таксама намер прэзідэнта адмяніць «столь» дзяржаўнага доўгу.
«Мне заўсёды падабаўся Ілон, і гэта заўсёды вельмі здзіўляе (...).Я б хацеў, каб ён крытыкаваў мяне, а не законапраект [пра падатковыя паслабленні], таму што законапраект неверагодны. У Ілана і мяне былі выдатныя адносіны. Не ўпэўнены, што так будзе і надалей», заявіў Дональд Трамп нямецкаму канцлеру.
Гэтая заява пацвердзіла чуткі аб тым, што ў адносінах паміж Трампам і Маском ужо даўно наспяваў асабісты канфлікт. Прадпрымальнік не раз рэзка выказваўся ў адрас найбліжэйшых паплечнікаў прэзідэнта — дзяржаўнага сакратара Марка Рубіё і дарадцы па гандлі Пітэра Навара.
Пасля выступлення Трампа Маск упершыню адкрыта абрынуўся і на самога прэзідэнта: «Без мяне Трамп прайграў бы выбары, дэмакраты кантралявалі б палату прадстаўнікоў, а рэспубліканцы мелі б 51 супраць 49 месцаў у Сенаце».
Што заявіў Маск
На працягу некалькіх гадзін пасля заявы Трампа прадпрымальнік выказаў у яго адрас цэлую серыю абвінавачанняў — ад асабістай няўдзячнасці да дачынення да справы аб сэксуальным гвалце над непаўналетнімі, фігурантам якога быў нябожчык мільярдэр Джэфры Эпштэйн.
«Надышоў час скінуць сапраўдную бомбу: прэзідэнт Дональд Трамп фігуруе ў справе Эпштэйна. Гэта сапраўдная прычына, чаму файлы не апублікаваны. Прыемнага дня, Дональд Трамп!», — заявіў Маск.
Акрамя таго, ён заклікаў Кангрэс ЗША ініцыяваць працэдуру імпічменту прэзідэнта, прапанаваў перадаць уладу віцэ-прэзідэнту Джэю Ды Вэнсу, а таксама паабяцаў спыніць эксплуатацыю свайго касмічнага карабля Dragon, які выкарыстоўваецца NASA. Аднак ужо раніцай у пятніцу, 6 чэрвеня, ён адмовіўся ад апошняй заявы: «Добра, мы не будзем выводзіць Dragon з эксплуатацыі».
Завошта Трамп раскрытыкаваў мільярдэра?
У адказ на абвінавачванні прадпрымальніка Трамп заявіў, што ЗША спыняць фінансаваць кампаніі Tesla і SpaceX, якія належаць Маску, падкрэсліўшы, што гэта дазволіць зэканоміць бюджэту «мільярды і мільярды долараў». Ён таксама адзначыў, што Маск «выдыхся» і прызнаўся, што збіраўся звольніць яго яшчэ некалькі месяцаў таму — што, паводле яго слоў, і стала прычынай «вар’яцкіх паводзін» мільярдэра.
Што ў ЗША думаюць аб канфлікце прэзідэнта і найбагацейшага чалавека?
Першым, хто паспрабаваў прымірыць былых саюзнікаў, стаў рэпер Канье Уэст, вядомы сваімі радыкальнымі выказваннямі: «Браты, толькі не гэта. Мы вельмі любім вас абодвух».
Аднак знайшліся і тыя, хто выказаўся наконт канфлікту больш радыкальна. Былы дарадца прэзідэнта ЗША Стывен Бэнан заклікаў дэпартаваць Маска на радзіму, у ПАР. «Яны павінны пачаць афіцыйнае расследаванне яго іміграцыйнага статусу, таму што я цвёрда перакананы, што ён з’яўляецца нелегальным замежнікам і яго трэба неадкладна дэпартаваць», сказаў Бэнан.
Тым часам, паводле апытання сацыялагічнай службы YouGov, большасць амерыканцаў (52 працэнты) не збіраюцца станавіцца на чый-небудзь бок. 28 працэнтаў падтрымліваюць Трампа, восем працэнтаў — Маска. 11 працэнтаў не вызначыліся з пазіцыяй.
Чым можа абярнуцца скандал?
Канфлікт ужо абярнуўся сур’ёзнымі фінансавымі стратамі: у чацвер, 5 чэрвеня, акцыі кампаніі Tesla на біржы NASDAQ абваліліся на 14,26 працэнта, што каштавала Маску 34 мільярды долараў. Страты Трампа аказаліся значна больш сціплымі — каля 1,1 мільярда долараў.

Амерыканіст і палітычны аналітык Павел Дубраўскі, аўтар Telegram-канала Campaign Insider, адзначыў, што сітуацыя наўрад ці нанясе сур’ёзную шкоду прэзідэнту. Паводле яго слоў, Трамп ужо не можа балатавацца на трэці тэрмін, і яго электаральным рэйтынгам нічога не пагражае: «Гэта не канфлікт паміж двума службовымі асобамі, а спрэчка паміж мільярдэрам і дзеючым прэзідэнтам. Рэспубліканцы адназначна падтрымаюць Трампа, таму што ён — кіраўнік дзяржавы». Ён таксама дадаў, што абвінавачанні Маска ў педафіліі выглядаюць бяздоказна. Па словах эксперта, ФБР яшчэ пры прэзідэнцтве Джо Байдэне спрабавала знайсці кампрамат на Трампа, у тым ліку ў рамках справы Эпштэйна, але не дабілася вынікаў у гэтым.