Сумна не будзе!
У Віцебску мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці і 82-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, распачнуцца 3 ліпеня на плошчы Перамогі. Тут адбудуцца ўрачыстае ўскладанне вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны і жалобны мітынг.
Галоўная плошча горада на Дзвіне на працягу ўсяго дня застанецца цэнтрам прыцягнення: адразу пасля ўскладання вянкоў і кветак распачнецца канцэртная праграма і работа тэматычных пляцовак. Увечары чакаецца святочны канцэрт з удзелам ансамбля «Песняры». Заключным акордам стане далучэнне да рэспубліканскай акцыі «Праспяваем гімн разам!» і феерверк.
Напярэдадні Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адбудзецца прэзентацыя фотавыставы БелТА «35 імгненняў фестывалю».
Яшчэ адна цікавая лакацыя — плошча 1000-годдзя Віцебска. Тут адбудуцца фінальныя спаборніцтвы VII адкрытага чэмпіянату па парашутным спорце ветэранаў-парашутыстаў, ветэранаў Узброеных Сіл.
Забаўляльныя, спартыўныя, інтэрактыўныя мерапрыемствы пройдуць не толькі ў розных частках Віцебска. Свята завітае ў кожны горад, пасёлак, адміністрацыйны цэнтр сельгаспрадпрыемстваў вобласці, а таксама проста ў дамы шаноўных жыхароў Віцебшчыны.
Ключы ад кватэр
Тым часам Віцебшчына і яе жыхары атрымліваюць падарункі і абновы да Дня Незалежнасці. У абласным цэнтры ключы ад арэндных кватэр у новым доме ўручылі больш як 90 сем’ям работнікаў сферы аховы здароўя, у тым ліку 40 супрацоўнікам абласной клінічнай бальніцы.

У сваю чаргу, самі медыкі паклапаціліся аб адкрыцці 14 маламесных палат павышанай камфортнасці для ветэранаў вайны і працы — ва ўжо названай бальніцы, абласным клінічным кардыялагічным цэнтры, абласным клінічным анкалагічным дыспансеры. Пасля рэканструкцыі расчыніць дзверы Гаранская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі Полацкай ЦРБ.

Раней на паўгода
Палачан вырашылі парадаваць увядзеннем у эксплуатацыю адноўленага моста цераз раку Палату. Распачатыя ў студзені 2025 года работы закончаны з апярэджаннем тэрмінаў на паўгода.
Ключавыя змяненні датычацца пашырэння праезнай часткі з дзвюх да чатырох палос з уладкаваннем астраўка бяспекі, які аддзяляе пешаходную зону і веладарожкі. Рэалізацыя праекта значна павялічыць прапускную здольнасць запатрабаванага моста, ліквідуе заторы ў абодвух напрамках і паспрыяе камфорту ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.
Да таго ж у старажытным Полацку, на кальцавой развязцы па вуліцы П. Броўкі, побач са знакамітым танкам-помнікам, з’явіўся флагшток вышынёй 50 метраў. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, які будзе відаць здалёк, памерам 15 на 7,5 метра ўрачыста ўзнімуць непасрэдна 3 ліпеня. Ансамбль яму складзе выява Дзяржаўнага герба Беларусі, якая аздабляе пастамент флагштока.
На карысць далейшага развіцця
Гомельшчына рыхтуецца сустракаць Дзень Незалежнасці не толькі ўрачыстымі мерапрыемствамі, але і сацыяльна знакавымі праектамі.
Добрая нагода напярэдадні свята з’явілася ў жыхароў Лельчыцкага раёна. Пасля маштабнай рэканструкцыі ў Лепелі адкрыўся раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. У абноўленым камфартабельным будынку аснашчаны вучэбныя кабінеты і майстэрні, створаны неабходныя ўмовы для заняткаў і развіцця дзяцей. Юныя жыхары раёна цяпер змогуць займацца саломапляценнем, разьбой па дрэве, выяўленчым мастацтвам, асвойваць работу гука- і тэлестудыі, рэалізоўваць сябе ў тэатральнай творчасці і іншых кірунках.

Удзел ва ўрачыстым адкрыцці цэнтра прыняў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Ён падкрэсліў, што, адкрыццё новага знакавага для раёна аб’екта напярэдадні Дня Незалежнасці ў чарговы раз сведчыць пра нязменны дзяржаўны прыярытэт — клопат пра дзяцей і стварэнне ўмоў для раскрыцця іх здольнасцяў. Новы цэнтр павінен стаць месцам, дзе будуць нараджацца творчыя ідэі, раскрывацца таленты і выхоўвацца актыўныя грамадзяне сваёй краіны.
Пераемнасці пакаленняў, грамадзянскай адказнасці і любові да Радзімы прысвечаны мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць жыхароў усіх раёнаў Гомельшчыны. Мемарыяльны комплекс «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» ў Красным Беразе Жлобінскага раёна стаў цэнтрам прыцяжэння маладых патрыётаў. Удзельнікамі патрыятычнага форуму «Памяць у нашых сэрцах!» сталі прадстаўнікі раённых аддзяленняў Беларускай партыі «Белая Русь», маладзёжнага руху «Іскра», маладыя аналітыкі і прадстаўнікі абласнога аддзялення Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.
Да Дня Незалежнасці ў Гомелі прымеркавалі і адкрыццё мурала ў гонар ваеннага фельчара Марыі Гарачук, якая падчас вайны вынесла з поля бою 146 параненых байцоў, разам з калегамі выратавала больш за 1600 чалавек, 35 разоў здавала кроў у якасці донара і стала адной з шасці беларускіх медыкаў, удастоеных медаля Флорэнс Найтынгейл.
Ва ўсіх рэгіёнах Гомельшчыны напярэдадні Дня Незалежнасці праходзяць урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі і прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў. Выступіць спікерамі на дыялогавай пляцоўцы «Я ў гэтым горадзе жыву» ў Гомелі запрасілі малалетніх вязняў Вялікай Айчыннай вайны і лідараў грамадскіх арганізацый.
Аднымі з самых маштабных святочных акцый у рэгіёне стануць патрыятычныя аўта- і велапрабегі, якія аб’яднаюць практычна ўсе раёны вобласці і як сімвал непарыўнай сувязі пакаленняў пройдуць па маршрутах да месцаў баявой славы і мемарыяльных комплексаў.
У Дзень Незалежнасці ў абласным цэнтры ўшануюць лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года» Гомельскай вобласці. Жыхароў і гасцей Гомельшчыны чакае вялікі канцэрт на цэнтральнай плошчы Леніна ў Гомелі, агульнарэспубліканская акцыя «Праспяваем гімн разам!» і святочны салют.
Дзясяткі пляцовак і яркі канцэрт
Гродзеншчына, як і ўсе рэгіёны, у чаканні аднаго з галоўных свят — Дня Незалежнасці. Штогод у вобласці рыхтуюць вялікую ўрачыстасць для жыхароў і гасцей Прынёманскага краю.
Святочны дзень пачнецца ў 11.00 з традыцыйнай цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў да помніка савецкім воінам і партызанам у парку імя Жылібера. Адразу пасля гэтага, у 11.30, па вуліцах Сацыялістычнай і Дзяржынскага пройдзе ўрачыстае шэсце і парад тэматычных аўтаплатформ. Афіцыйную частку ў 12.00 працягне мітынг на плошчы Леніна.
Дзённая праграма разгорнецца на дзясятках гарадскіх лакацый. На плошчы Тызенгаўза адкрыецца вялікая выстава ваеннай тэхнікі, сучасных і рэтра-аўтамабіляў. Вуліца Савецкая ператворыцца ў рамесны кірмаш «Беларускі сувенір», а вуліцы Ажэшка і Савецкая прымуць тэматычныя арт-пляцоўкі, прысвечаныя ролі жанчыны ў грамадстве. Для дзяцей і моладзі ў парку Жылібера і каля Маладзёжнага цэнтра арганізуюць інтэрактыўныя зоны, пляцоўкі ад сілавых ведамстваў, спартыўныя турніры па баскетболе і маляўнічы фестываль фарбаў.
На працягу ўсяго дня на плошчы Леніна будзе працаваць рэстаран пад адкрытым небам. Кульмінацыяй свята стане вялікі вечаровы канцэрт на плошчы Леніна. У 21.00 перад гродзенцамі выступіць спявачка Улада з Мінска, а ў 22.00 на сцэну выйдзе хэдлайнер вечара — папулярны расійскі выканаўца NILETTO. У 22.55 гараджане далучацца да агульнарэспубліканскай акцыі «Праспяваем гімн разам!», пасля чаго неба над Гроднам расквеціць святочны феерверк. Завершыцца ўрачыстасць начной дыскатэкай пад хіты кавер-бэнда «Чылі».
Усё лепшае — дзецям
Па добрай традыцыі да 3 ліпеня Гродна атрымлівае падарункі ў выглядзе значных аб’ектаў, якія паляпшаюць якасць жыцця гараджан.
Першым падарункам стала новая дзіцячая амбулаторыя ў мікрараёне Фолюш, разлічаная на 70 наведванняў за змену. Установа будзе аказваць медыцынскую дапамогу больш як 4,5 тысячы дзяцей. У штаце цэнтра — 30 супрацоўнікаў, у тым ліку ўрачоў, медсясцёр і памочнікаў. У амбулаторыі абсталяваны педыятрычны, прышчэпачны, працэдурны кабінеты, інфекцыйны блок і лабараторыя.
Таксама завяршаецца добраўпарадкаванне другой часткі сквера на вуліцы Дарвіна. Пасля рэканструкцыі ён будзе ўрачыста адкрыты 3 ліпеня. Новы сквер стане месцам адпачынку і прагулак для жыхароў і гасцей горада.
На сучасны лад
Цалкам абноўлены будынак РАУС адкрыўся напярэдадні свята ў Шклове. Тут была зроблена рэканструкцыя адміністратыўнага корпуса, гаражных боксаў, ізалятара часовага ўтрымання. Больш функцыянальным і адпаведным патрабаванням часу стала аснашчэнне райаддзела. У прыватнасці, сучасным агнявым комплексам абсталяваны цір, істотна абноўленыя трэнажорны і барцоўскі залы.
Як удакладнілі ў прэс-службе УУС Магілёўскага аблвыканкама, пры рэканструкцыі шмат увагі надавалася як больш зручнай арганізацыі прыёму грамадзян, так і стварэнню больш эфектыўных умоў для нясення службы супрацоўнікамі.
А яшчэ 1 ліпеня ў Магілёве адкрылі новую дзіцячую пляцоўку, якая стала сёмай па ліку ў Кастрычніцкім раёне горада. Адкрыў свята двара парад калясак — дзіцячыя сады Кастрычніцкага раёна прадэманстравалі два дзясяткі ўпрыгожаных «транспартных сродкаў». Галоўнай тэмай яскравага і маляўнічага парада і конкурсу стала тэма Беларусі. Працягнула свята сямейная спартакіяда.
Нельга забыць
На Брэстчыне ў Пінскім раёне 1 ліпеня адкрылі мемарыял у памяць аб жыхарах спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі Жабчыцы. Ініцыятарам устаноўкі памятнага знака стаў калектыў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Брэсцкай вобласці.

Тут у першы дзень вайны нямецкай авіяцыяй было знішчана сорак двароў, загінулі людзі. У ліпені 1944-га бамбёжка паўтарылася — зноў былі разбурэнні і чалавечыя ахвяры.
Асаблівае кафэ
У Мінскай вобласці напярэдадні свята адкрылася новае кафэ «Каля Кургана». Яно размешчана непадалёк ад Мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Яго інтэр’ер вытрыманы ў стылістыцы перыяду будаўніцтва мемарыяла (1960–1970-х гадоў). Галоўны мастацкі акцэнт — барэльеф, выкладзены 8-метровай мазаікай, якая складаецца ў вядомы вобраз ордэна Айчыннай вайны.

Святлана ЯКАЎЛЕВА, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Віктар ЛЮБІМАЎ