На 1 студзеня ў Беларусі пражывала 1 627 917 пажылых грамадзян: гэта значыць, людзей ва ўзросце 65 гадоў і больш. Сярод пенсіянераў пераважаюць жанчыны (66,1 %). У асноўным гэта гарадскія жыхары (73,2 %). Большая частка пажылых людзей жыве ў сталіцы (331 219 чалавек), меншая — у Гродзенскай вобласці (181 656 чалавек).
Пажылыя грамадзяне не спяшаюцца cыходзіць на пенсію і займацца выключна хатнімі справамі. Доля занятых асоб ва ўзросце 65 — 74 гадоў у 2024 годзе складала 2,1 % ад агульнай колькасці занятага насельніцтва.
«Людзі пажылога ўзросту задзейнічаны ў розных галінах эканамічнай дзейнасці, — звяртае ўвагу начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі працы Нацыянальнага статыстычнага камітэта Ірына БАНДАРЭНКА. — Ад агульнай колькасці занятых у сферы творчасці, спорту, забаў і адпачынку 4,8 % пенсіянераў, у сферы адукацыі — 4,4 % пенсіянераў. Сярод тых, хто займаецца адміністрацыйнымі і дапаможнымі паслугамі, — 3,7 % пажылых грамадзян, у галіне аховы здароўя і сацыяльных паслуг працуе 3,5 % пенсіянераў».
Пажылыя грамадзяне — актыўная частка грамадства. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць удзел у валанцёрскім руху: 15,3 % валанцёраў — гэта пенсіянеры. Найбольш папулярным кірункам валанцёрскай дзейнасці сярод іх з’яўляецца аказанне дапамогі жывёлам (67,7 %). Пажылыя грамадзяне бяруць актыўны ўдзел у рабоце грамадскіх, рэлігійных і іншых арганізацый (11 %), сацыяльнай дзейнасці (7,1 %).
- Пенсіянеры вядуць здаровы лад жыцця. На пачатак года 31 % ад агульнай колькасці насельніцтва ва ўзросце 65 гадоў і вышэй — гэта людзі, якія займаюцца фізічнымі практыкаваннямі або спортам у свабодны час. 1,5 % з іх наведвалі арганізаваныя заняткі, 96,1 % — займаліся спортам самастойна. Прычым 71,1 % пенсіянераў, якія не баяцца фізічнай нагрузкі, займаліся спортам або фізічнымі практыкаваннямі 4 і больш разоў у тыдзень.
Пажылыя людзі імкнуцца не адставаць ад моладзі, а таму актыўна асвойваюць інтэрнэт. Летась 71,9 % асоб ва ўзросце ад 65 гадоў і вышэй мелі доступ да інтэрнэту, што на 10 % больш у параўнанні з 2023 годам. Прычым 76,5 % з іх выходзілі ў сетку штодзённа. Часцей інтэрнэтам карыстаюцца гарадскія пажылыя жыхары (75,6 %), у сельскай мясцовасці інтэрнэтам карыстаюцца 59,4 % пенсіянераў.
«90,8 % інтэрнэт-карыстальнікаў ва ўзросце 65 гадоў і вышэй выкарыстоўваюць інтэрнэт з мэтай адпраўкі і атрымання электроннай пошты, званкоў, — удакладняе начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і абследавання хатніх гаспадарак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна КАНАШОНАК. — 71,7 % пажылых грамадзян карыстаюцца інтэрнэтам з мэтай прагляду фільмаў, праслухоўвання музыкі, камп’ютарных гульняў, спампоўвання патрэбнага кантэнту. Маюць зносіны ў сацыяльных сетках (на форумах, чатах, блогах і інш.) 70,3 % пажылых карыстальнікаў інтэрнэту. 69 % інтэрнэт-карыстальнікаў ва ўзросце 65 гадоў і вышэй чытаюць анлайн, а таксама спампоўваюць патрэбную літаратуру і перыёдыку. 64,8 % шукаюць у інтэрнэце інфармацыю аб таварах і паслугах».
Не забываюцца на пенсіі і пра асабістае жыццё. Хто сказаў, што каханне — справа толькі маладых?! Аб тым, што кахаць можна ў любым узросце, сведчыць статыстыка зарэгістраваных у 2024-м шлюбаў. Сярод жаніхоў, якім за 65 гадоў, летась было 944 чалавек, сярод нявест — 633. Пры гэтым у 471 выпадку абодва сужэнцы, якія ўзаконілі свае адносіны, былі старэйшыя за 65 гадоў. Самаму ўзроставаму жаніху летась было 92 гады, нявесце — 88.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА