Top.Mail.Ru

Да другога чытання рыхтуецца законапраект «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання»

Мінімум дакументаў і зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі.


Праект закона падрыхтаваны з мэтай забеспячэння комплекснага прававога рэгулявання працэдур дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спынення дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання, вядзення Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. 

Актуальнасць і своечасовасць шэрагу прапануемых новаўвядзенняў абмеркавалі падчас пасяджэння рабочай групы Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы.

Прадыктавана жыццём
«Законаў па гэтай тэме ў нас сёння няма, дадзеныя пытанні рэгулююцца Дэкрэтам кіраўніка дзяржавы № 1 з аналагічнай назвай ад 16 студзеня 2009 года, — звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар НІКАЛАЙКІН. — Прайшло больш за 15 гадоў з моманту прыняцця дэкрэта, былі прыняты шэраг змяненняў у гэты дэкрэт. Калі практыка паказала, што дзеючыя нормы сапраўды патрэбныя, мы іх імплементуем у гэты законапраект. У выпадку прыняцця закона дзеючы дэкрэт і чатыры дэкрэты, якія ўносілі ў яго змяненні, прызнаюць страціўшымі сілу».
Па словах дэпутата, законапраектам прадугледжваецца ўнясенне змяненняў у 27 дзеючых законаў, якія закранаюць усе сферы эканомікі. У прыватнасці, адна з навацый датычыцца свабодных эканамічных зон. «У 2009 годзе, калі прымаўся дэкрэт, свабодныя эканамічныя зоны не былі такімі магутнымі па тэрытарыяльнасці, — канкрэтызаваў Віктар Нікалайкін. — Напрыклад, возьмем свабодную эканамічную зону „Віцебск“. Адміністрацыя знаходзіцца ў абласным цэнтры, але сама свабодная эканамічная зона прадугледжвае 17 сектараў. Толькі сем з іх знаходзяцца ў Віцебску, астатнія размешчаны па тэрыторыі ўсёй вобласці. Рэгістрацыя прадпрыемстваў, якія працуюць сёння ў свабоднай эканамічнай зоне, згодна з дзеючым заканадаўствам, прадугледжана толькі адміністрацыяй зоны, якая размешчана ў Віцебску. І гэта не зручна тым, хто працуе ў тым жа Пастаўскім раёне ці Оршы, Наваполацку, Полацку. Для таго, каб зарэгістраваць прадпрыемства, неабходна пераадолець сотні кіламетраў, каб прыехаць у Віцебск, падаць дакументы, атрымаць дазвол, а, магчыма, яшчэ давядзецца некалькі разоў туды прыязджаць. Пры гэтым адміністрацыя зоны пагадзілася з намі, што гэта не асноўная іх работа. Галоўнае для іх — арганізацыя эканамічнай дзейнасці прадпрыемстваў, уключаных у зону. А вось рэгістрацыю ці ліквідацыю гэтых прадпрыемстваў мы прапануем аддаць на водкуп мясцовых органаў улады. Само жыццё падказвае вырашэнне такіх пытанняў».

Актуалізацыя звестак і абарона правоў крэдытораў

Законапраектам замацоўваецца норма, якая прадугледжвае ўключэнне адрасу электроннай пошты юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка ў Адзіны дзяржаўны рэгістр, а таксама абавязак інфармавання рэгіструючага органа ў выпадку яго змянення. Афіцыйнаму адрасу электроннай пошты надаецца юрыдычнае значэнне.
З мэтай выключэння рызык, звязаных з дэструктыўнай і фінансуемай з-за мяжы дзейнасцю, прадугледжана накіраванне запытаў у дзяржаўны орган, упаўнаважаны на ажыццяўленне мер па папярэджанні і выяўленні пагроз нацыянальнай бяспецы, аб наяўнасці (адсутнасці) інфармацыі аб тым, што дзейнасць уласніка маёмасці прыватнай установы, заснавальнікаў дакументаў гаспадарання, стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы. У выпадку станоўчага адказу на запыт рэгіструючы орган будзе адмаўляць у дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання.
Прапануецца ўстанавіць магчымасць вынясення забароны судом, судовым выканаўцам на прыняцце рашэння аб ліквідацыі юрыдычнай асобы, што будзе садзейнічаць вырашэнню праблемы прымусовага спагнання даўгоў. Устанаўліваецца забарона на ўнясенне ў Адзіны дзяржаўны рэгістр больш як адзін раз запісу аб спыненні працэдуры ліквідацыі юрыдычнай асобы (індывідуальнага прадпрымальніка), а таксама прадугледжваецца павелічэнне з двух да трох месяцаў тэрміну прыпынення крэдыторам працэдуры ліквідацыі. У мэтах абароны правоў крэдытораў вызначаецца права рэгіструючага органа адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі рэарганізацыі юрыдычнай асобы пры наяўнасці пісьмовай інфармацыі крэдытора аб наяўным у гэтай юрыдычнай асобы невыкананым патрабаванні, абумоўленым яе рэарганізацыяй (з улікам умоў, якія ўстанаўліваюцца).

Вераніка КАНЮТА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю