У Беларусі да канца 2025 года ўсіх пацыентаў з цукровым дыябетам плануюць перавесці на выкарыстанне інсуліну ў картрыджнай форме. Пра гэта расказала галоўны пазаштатны дарослы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга Салко. Пра гэта паведамляе «Мінская Праўда»
Як патлумачыла Салко, у краіне рэалізуецца новая канцэпцыя інсулінатэрапіі, сутнасць якой — у пераглядзе прынцыпаў забеспячэння пацыентаў рознымі відамі інсуліну. Паводле яе слоў, сучасныя аналагі інсуліну ўжо актыўна прымяняюцца ў дзяцей.
Таксама яна адзначыла, што ўсе пацыенты з дыябетам 1 тыпу сёння выкарыстоўваюць толькі генна-інжынерны інсулін у картрыджах. У 2025 годзе частка такіх пацыентаў пачне атрымліваць аналагі інсуліну — больш сучасныя прэпараты.
— Да канца года ўсіх пацыентаў з дыябетам 2 тыпу, якія маюць патрэбу, перавядзем на генна-інжынерны інсулін у картрыджнай форме, — удакладніла Вольга Салко.
Новая схема тэрапіі, па словах Міністэрства аховы здароўя, дазволіць палепшыць кантроль над захворваннем і павысіць якасць жыцця людзей з дыябетам.