У сувязі з пашкоджаннем участка цеплавой магістралі № 41 сёння ў Фрунзенскім, Маскоўскім, Цэнтральным, Савецкім і Кастрычніцкім раёнах Мінска былі значныя праблемы з ацяпленнем — зніжэнне або зусім яго адсутнасць. На працягу дня сталічнымі энергетыкамі пашкоджанне было хутка лакалізавана. У некалькіх раёнах Мінска былі разгорнуты пікава-рэзервовыя кацельні, якія былі выдзелены на ўласны контур.
Дзяніс Мароз расказаў, што аварыя адбылася ноччу ў 3.30. «Пры тэмпературы паветра мінус 21 градус на адной з магістраляў, якія сілкуюць Мінск цяплом ад ЦЭЦ-4, быў пашкоджаны кампенсатар дыяметрам 1200 мм. У выніку парушана цеплазабеспячэнне больш за 3 тыс. дамоў, — адзначыў міністр. — Дзякуючы ўзаемадзеянню энергетыкаў, органаў мясцовай улады, МНС і ЖКГ аператыўна былі запушчаны раённыя кацельні. Яны забяспечылі часовае цеплазабеспячэнне для большасці пацярпелых спажыўцоў. Аднак аварыя прывяла да страты каля 5 тыс. куб. м цёплай вады. Адзін магістральны цеплаправод часткова апусцеў. Праз гэта цеплазабеспячэнне не ўдалося аднавіць у кароткія тэрміны».
Увесь дзень энергетыкі ЦЭЦ-4 напаўнялі цепламагістраль гарачай вадой. «У 17.21 водны рэжым адноўлены, запушчаны цыркуляцыйныя помпы. Цепланосьбіт цяпер падаецца ў сістэму Мінска. Зараз супрацоўнікі „Мінскэнерга“, аварыйныя брыгады і ЖКГ запускаюць цеплазабеспячэнне ў дамах. Упэўнены, да канца дня цяпло будзе ўсюды», — падкрэсліў Дзяніс Мароз.
Дадаткова па даручэнні Прэзідэнта ў Мінэнерга прынялі меры па абмежаванні рэжымаў работы сістэм цеплазабеспячэння ў моцныя маразы. «Гэта павысіць запас трываласці і прадухіліць падобныя аварыі», — упэўнены міністр.
У аднаўленчых работах на магістральных сетках удзельнічалі каля 100 энергетыкаў. Акрамя таго, прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі задзейнічалі больш за 200 чалавек для аднаўлення цеплазабеспячэння ў дамах.
Дзяніс Мароз падкрэсліў: супрацоўнікі ўсіх аварыйных службаў будуць працаваць кругласутачна. Яны не спыняцца, пакуль сістэма цеплазабеспячэння не вернецца ў нармальны рэжым.