Top.Mail.Ru

Да канца лістапада захаваецца зімовы сцэнарый развіцця сінаптычных працэсаў

На гэтым тыдні ў Беларусі панавала ўмерана цёплае і вільготнае надвор’е, якое абумовілі паветраныя масы з Атлантыкі. Сярэднясутачная тэмпература была на 2–4 °C вышэйшай за норму. Аднак ужо ў найбліжэйшыя выхадныя апошні восеньскі месяц зробіць намёк аб хуткім набліжэнні зімы: разверне вецер на паўночныя румбы, узмоцніць маразы і падкіне мокрага сняжку, папярэдзілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

У пятніцу часам пройдуць дажджы, будзе воблачна, ноччу — з праясненнямі. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Вецер паўднёва-ўсходні, днём з пераходам на заходні 4–9 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да плюс 6 °C. Днём — 4–10 °C вышэй за нуль.

У суботу месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 да плюс 3 °C. Днём будзе ад нуля да 6 °C вышэй за нуль.

У нядзелю ў многіх раёнах краіны чакаюцца невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег. Месцамі магчымы слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 4 да плюс 1 °C. Днём будзе ад мінус 1 да 4 °C цяпла.

Да канца лістапада захаваецца зімовы сцэнарый развіцця сінаптычных працэсаў. Тэмпературны фон у сярэднім па краіне прагназуецца на 1 градус ніжэйшы за кліматычную норму, а колькасць ападкаў — меншая, месцамі каля сярэдніх шматгадовых значэнняў, падзяліліся прагнозам сіноптыкі.

Светлавы дзень у лістападзе вельмі кароткі — працягласцю ўсяго 8,5 гадзіны. Таму выкарыстоўвайце кожную магчымасць знайсці акенца і ў гэтым пахмурным марафоне, каб адчуць гукі заміраючай прыроды, палюбавацца яе скупымі ў гэтую пару года фарбамі і адчуць гармонію з ёй.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю