Top.Mail.Ru

Да нас ідуць моцныя дажджы і навальніцы, а месцамі магчымы град

Ужо традыцыйна, услед за істотным павышэннем тэмпературы летам да нас прыходзяць вялікія ападкі. 


Як паведамілі рэдакцыі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у апошні дзень чэрвеня надвор’е будзе вызначаць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску, якая была сфарміравана ў вельмі цёплай паветранай масе. Чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе ў асноўным без ападкаў. Вецер паўночны, паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра днём ад 27 °C па поўначы да 37 °C па поўдні краіны. Атмасферны ціск ноччу будзе слаба расці, днём істотна не зменіцца.

У сераду ў Беларусі захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску, раніцай і днём па заходняй палове краіны надвор’е будуць вызначаць франтальныя раздзелы, якія ссоўваюцца з тэрыторыі Польшчы. Чакаецца пераменная воблачнасць. Ноччу пераважна без ападкаў, раніцай і днём у асноўным па заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём месцамі чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах па захадзе моцныя дажджы. Вецер пераменных напрамкаў умераны, удзень пры навальніцах парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад 12 °C па поўначы краіны да 23 °C па поўдні. Удзень чакаецца ад 27 да 34 °С, па паўднёвым захадзе краіны да 36 °С.

У чацвер надвор’е ў краіне прадоўжаць вызначаць франтальныя раздзелы, якія будуць павольна перамяшчацца ва ўсходнім напрамку, услед за якімі ў дзённыя гадзіны пачнуць паступаць больш прахалодныя паветраныя масы. Чакаецца воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі моцныя дажджы, навальніцы, днём магчымы град. Вецер ноччу пераменных напрамкаў, днём заходняй чвэрці ўмераны, пры навальніцах парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты. У гэтыя суткі ў нас часткова ўстановяцца трапічныя ночы. Тэмпература паветра ўначы 15–21 °C, па паўднёвым усходзе да 23 °C. Будзе дастаткова горача і днём, калі чакаецца ад 20 °C па захадзе да 35 °C па паўднёвым усходзе краіны.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю