Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, максімальная цеплыня накрые нашу краіну ўжо ў пятніцу.
А ў суботу надвор’е ў краіне ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску і паступленне вельмі цёплых паветраных мас з Заходняй Еўропы. Толькі ў паўночна-ўсходніх раёнах адаб’ецца ўплыў малаактыўнага фронту. Чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ноччу месцамі па поўначы, а днём па паўночным усходзе краіны пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў слабы, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу павысіцца да 10–17 °С цяпла, а максімальная днём складзе ад 21 °С па паўночным усходзе краіны да 33 °С па захадзе.
У нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску і вельмі цёплых паветраных мас трапічнага паходжання. Чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі па паўночным усходзе Беларусі чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, ноччу пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу — ад 13 °С да 20 °С. А максімальная тэмпература днём стане наогул спякотнай — ад 29 °С па паўночным усходзе краіны да 37 °С вышэй за нуль па захадзе.
Сяргей КУРКАЧ