Top.Mail.Ru

Да новага навучальнага года засталіся лічаныя дні: ці хапае неабходнага тавару і ці «да твару» ён нашым дзецям?

У школу — «пад ключ»

Звычка адкладаць нават важныя справы «на потым» уласціва многім. Вось і ў апошнія дні жніўня на школьных базарах і ў спецыялізаваных аддзелах шматлюдна — бацькі спяшаюцца закрыць спіс абавязковых прылад. І нават у вялікім асартыменце бывае складана знайсці патрэбную мадэль адзення па памеры, улічыць густ дзіцяці. Ды яшчэ пры гэтым укласціся ў сямейны бюджэт. Як праходзяць гэтыя хвалюючыя зборы ў Гомелі, назірала карэспандэнт «Звязды».

На любы густ і кашалёк

Першая пляцоўка спецыялізаваных рэгіянальных кірмашоў «Школьны базар» пачала працаваць у абласным цэнтры з 15 ліпеня і працягвае абслугоўваць пакупнікоў. Каля Гомельскага цэнтральнага рынку іх чакаюць з васьмі раніцы да шасці вечара штодзень, акрамя панядзелка. Тут можна купіць усё неабходнае: якаснае адзенне, абутак, аксесуары, канцылярскія тавары, вучэбную літаратуру. Важна, што прадстаўлена прадукцыя вядучых беларускіх вытворцаў і прадпрыемстваў.

У павільёне прадаўца адзення Надзеі асабліва добра відаць, як мяняецца попыт у апошнія летнія дні:

— Як толькі пачалі працаваць, бацькі з дзецьмі так і казалі: «Апраніце нас пад ключ!» Цяпер у асноўным прыходзяць нешта дакупіць з адзення ці абутку.

На школьным базары можна сабраць цэлую капсулу адзення ў дзелавым стылі на ўвесь сезон.

— Шмат стыльных зручных варыянтаў для дзяўчынак і хлопчыкаў на рост ад 116 да 180 сантыметраў. Бацькі, у якіх дзеці вельмі рослыя, ведаюць, што трэба прыходзіць закупляцца крыху раней, бо мадэлі на высокі рост хутка разыходзяцца, — тлумачыць 

Надзея. — Дарэчы, цяпер я не толькі прадавец, але і бабуля траіх школьнікаў. 

І ўсіх тут поўнасцю сабрала ў школу.

Модны «канструктар»

Заўважаю, што наведвальнікі актыўна купляюць кашулі ў блакітным колеры з сіняй камізэлькай-падманкай, чорныя і цёмна-сінія бомберы, штаны палаца. Традыцыйна папулярны тавар — белыя і блакітныя кашулі (каштуюць ад 20 да 50 рублёў).

Свой першы модны «лега» з адзення, абутку і аксесуараў разам з мамай Ірынай збірае першакласнік Мікіта. 

У хлопчыка ўжо ёсць свае патрабаванні да школьнага гардэробу:

— Мне ўжо амаль сем з паловай! Хачу быць модным. Мы прыехалі за касцюмам цёмна-сіняга колеру.

У іншым павільёне назіраю за падборам рэчаў для падлеткаў — быццам трапіла на пляцоўку «Моднага прысуду».

— Аверсайз паціху здае свае пазіцыі, таму старшакласніцам трэба адразу прапаноўваць кашулі з далікатным акцэнтам на таліі, — выдаюць свае сакрэтныя падыходы да падлеткаў прадаўцы.

Адну кашулю з моднымі зашчыпамі на таліі, другую аля кімано ў карэйска-японскай стылістыцы якраз купляе адзінаццацікласніца Анастасія:

— Прызнацца, ужо бяруць дрыжыкі выпускніка, рыхтуюся да цяжкага адказнага навучальнага года. Таму трохі не да ўбораў, але ўсё роўна хочацца купіць нешта прыгожае.

На школьны базар дзяўчына прыехала з бабуляй, мамай і малодшым братам.

— На школьным базары падкупляе тое, што тут няма гэтага «чаканне — рэальнасць», як у пакупках анлайн, — гаворыць бабуля Анастасіі.

— Дзве кашулі на дачку абышліся нам у 110 рублёў, лічу, што гэта вельмі добрая цана, — дадае маці старшакласніцы.

У час падрыхтоўкі рэпартажу даведалася яшчэ пра адзін школьны трэнд: рукзакі адыходзяць у спадчыну малым, а ў старэйшых класах дзяўчыны аддаюць перавагу сумкам. Выбар гэтых аксесуараў на школьным базары, дарэчы, невялікі. А вось заплечнікаў шмат.

— Самыя хадавыя — ад 40 да 50 рублёў, — дапамагае прыцаніцца прадавец Наталля і акцэнтуе ўвагу на мадэлі з артапедычнай «спінкай», на магчымасць падабраць рукзак па росце і камплекцыі дзіцяці.

Зручны фармат

Кацярына прыехала на гандлёвую пляцоўку з дачкой Дашай і сынам Назарам:

— У нас другі і пяты класы. Падабаецца купляць усё патрэбнае менавіта на школьных кірмашах. Некаторыя прадаўцы, якія тут працуюць, выкладваюць фота і відэа мадэляў у сацсетках — прыязджаеш і купляеш. Мы звяртаем увагу на якасць тканіны, асабліва штаноў для хлопчыка, таму што наш вельмі актыўны. 

На навучальны год яму трое штаноў адназначна трэба. А тут цэны розныя — можна купіць і нешта даражэйшае і больш бюджэтнае на зменку.

Мама дзяўчынак-школьніц Юлія падзялілася, што ў іх узнікла праблема з выбарам адзення. Ездзілі на адпачынак, прапусцілі час, і цяпер складана падабраць рэчы па памеры.

— Лепш рабіць такія пакупкі ў ліпені, не зацягваць, як атрымалася ў нас, — раіць Юлія.

Мама пяцікласніцы гамяльчанка Яна таксама прызнаецца, што з-за адпачынку позна пачалі закупляцца:

— Вельмі добра, што ёсць такі «жывы фармат». Школьны базар рэальна эканоміць час. Бо на маркетплэйсах можна цэлы «кошык» заказаў аформіць і чакаць, а калі прыйдзе, можа нічога і не падысці.

Згодна з ёй і Алена, якая прыехала на школьны базар з сынам Іванам з Добрушскага раёна:

— Дзякуй, што ёсць такі фармат пакупак. Мы сутыкнуліся з тым, што анлайн вельмі складана вызначыць рост. Тым больш, што ў нас няма вопыту падрыхтоўкі да школы — сын пойдзе ў першы клас. Вырашылі купляць усё паступова, каб па грошах было не так адчувальна.

Па той бок прылаўка

Прадавец павільёна канцылярскіх тавараў Марына Аганесян на школьных кірмашах працуе шмат гадоў. У гэтым сезоне ёй дапамагае сын Арман.

— Нядаўна ён сам быў вучнем, потым — студэнтам, таму вельмі хутка арыентуецца і разумее, што прапанаваць, на які ўзрост. Вялікая дапамога мне, таму што з пачатку сезона мы працуем практычна без выхадных, — тлумачыць Марына.

Як высветлілася, у прадаўцоў канцылярыі якраз апошнія дні перад пачаткам навучальнага года і першыя дні верасня — вельмі гарачы час.

— У першыя тыдні прыходзяць больш прыцаніцца, а вось цяпер у нас вельмі шмат пакупнікоў, — пацвярджае Марына.

Назіраю, як для малодшых школьнікаў выбіраюць адразу партфель-папку з ручкамі і запаўняюць поўным «арсеналам» прылад для малявання, лепкі, аплікацый... Абавязкова купляюць дзённікі дзяржаўнага ўзору, сшыткі (добра разыходзяцца зялёныя без надпісаў на вокладках на 12 лістоў, беларускай вытворчасці). Пакуль гаворым з прадаўцамі, некалькі пакупнікоў цікавяцца вокладкамі. Гавораць, здавалася б, дробязь, але вокладкі для атласаў, контурных карт, сшыткаў для лабараторных работ на школьным базары падбяруць з дакладнасцю да сантыметра.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю