Top.Mail.Ru
112

Да якіх праблем са слыхам трэба своечасова прыслухоўвацца і калі патрабуецца дапамога аўдыёлага?

Беражыце свае вушы!

Загадчыцу кабінета функцыянальнай дыягностыкі РНПЦ отарыналарынгалогіі Наталлю Сінякову можна смела аднесці да разраду рэдкіх і незаменных спецыялістаў. Аўдыёлагаў, тым больш з такім вопытам, як у яе, у Беларусі можна пералічыць па пальцах.

Дыягназ — справа тонкая

— Наталля Аляксандраўна, у чым спецыфіка і адрозненне вашай працы ад таго, што робяць іншыя калегі-отарыналарынголагі?

— Отарыналарынголагі нашага цэнтра дзеляцца на сурдолагаў, аўдыёлагаў, слухапратэзістаў. У кожнага свая спецыфіка. Спачатку пацыенты трапляюць да сурдолага: ён аглядае, ставіць папярэдні дыягназ і пры неабходнасці накіроўвае на дадатковыя даследаванні да аўдыёлага. Той вызначае ўзровень і тып парушэння слыху, выстаўляе ступень яго зніжэння. А пасля дыягностыкі, у выпадку неабходнасці сурдолаг падбірае метады лячэння або накіроўвае на рэабілітацыю да слухапратэзіста.

— У нашых медуніверсітэтах аўдыёлагаў не рыхтуюць. Дзе ж вы спасцігалі тонкасці сваёй спецыяльнасці?

— Я прыйшла ў РНПЦ отарыналарынгалогіі ў 2011 годзе, ужо папрацаваўшы па размеркаванні па спецыяльнасці. А з сакрэтамі аўдыялогіі мяне знаёміў дасведчаны калега. З таго часу рэгулярна павышала сваю кваліфікацыю ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Сёння ў нашым цэнтры больш сучаснае дарагое дыягнастычнае абсталяванне, чым было на момант майго «старту». Апаратура становіцца ўсё больш дасканалай, і з ёй даводзіцца «наладжваць адносіны», каб разбірацца ў нюансах, разумець усе рэакцыі. З гадамі, з досведам назапашваюцца веды, развіваецца інтуіцыя.

Ці чуе немаўля калыханку?

— Як звычайна праходзіць дыягностыка слыху пацыентаў?

— У аўдыялогіі ёсць суб’ектыўныя і аб’ектыўныя метады дыягностыкі. Пры суб’ектыўных чалавек сам удзельнічае ў даследаваннях. Паводніцкая аўдыяметрыя праводзіцца зусім маленькім пацыентам, да двух гадоў. Маці ці бацька разам з дзіцем усаджваюцца на стул, у калонкі падаецца гук, і па рухах малога (пачынае больш актыўна смактаць соску, замірае і г. д.) запісваюць аўдыёграму. Для дыягностыкі старэйшых дзяцей выкарыстоўваюць гульнявую аўдыяметрыю. Калі раздаецца гук, дзіця здзяйсняе вызначанае дзеянне: напрыклад, кладзе цацку ў скрынку, апранае кольцы на пірамідку і г. д. Але для пастаноўкі дыягназу такіх метадаў недастаткова.

Што датычыцца аб’ектыўных даследаванняў, у прыватнасці, усе нованароджаныя ў радзільных аддзяленнях праходзяць аўдыялагічны скрынінг. Для гэтага выкарыстоўваецца метад отаакустычнай эмісіі, які вызначае актыўнасць вонкавых валасковых клетак унутранага вуха і ўстанаўлівае, ці ёсць праблемы. Пры іх наяўнасці дзеці накіроўваюцца на дадатковае абследаванне.

Ген глухаты

— Наколькі ў беларусаў распаўсюджаны праблемы са слыхам?

— Генетычная слыхавая мутацыя сустракаецца ў кожнага 16-га суайчынніка. Асабліва часта паталогіі слыху адзначаюцца ў жыхароў Брэсцкай і Гомельскай абласцей. 

Але агульная распаўсюджанасць такіх паталогій яшчэ вышэйшая. Бо апроч прыроджаных праблем са слыхам ёсць і набытыя. Да гэтага могуць прывесці ВРВІ, атыты, траўмы, хранічныя запаленчыя захворванні вушэй, прыём отатаксічных антыбіётыкаў ці некаторых прэпаратаў, паказаных на фоне анкалагічных захворванняў і г. д.

— У мужчын ці жанчын часцей сустракаецца зніжэнне слыху?

— У мужчын. Гэта абумоўлена як генетыкай, так і тым, думаю, што яны часцей працуюць на шумных вытворчасцях.

— У чым заключаецца прафілактыка праблем са слыхам?

— Не трэба доўга слухаць гучную музыку і карыстацца ўвесь час навушнікамі. Нельга займацца самалячэннем, без кансультацый са спецыялістамі выкарыстоўваць медпрэпараты. Калі дзіця перанесла атыт, рэкамендуецца праверыць яго слых. Сучаснае пакаленне бацькоў дастаткова адказнае: пры падазрэннях на праблемы ў дзяцей яны прыводзяць іх да нас самастойна, а не таму, што «выхавальніца сказала праверыцца», як гэта часта бывала раней.

— З кім вам прасцей і цікавей працаваць — з дарослымі ці дзецьмі?

— З дзецьмі прасцей дамовіцца. Дарослыя звычайна прыходзяць да нас ужо вельмі стомленыя ад абследаванняў і медыцынскіх прызначэнняў. Многім з-за ўзросту і наяўных захворванняў цяжка спакойна паляжаць 

40 хвілін, а то і больш. Чуць даводзіцца рознае: «Навошта мне гэта?», «Вы мяне ў космас ці куды рыхтуеце?..» Бываюць вельмі няпростыя пацыенты. Але да кожнага шукаем падыход, і не было выпадку, каб кагосьці не ўгаварылі пацярпець.

— Што самае складанае ў працы аўдыёлага?

— Вельмі складана казаць бацькам аб глухаце дзяцей. Большасці патрабуецца час, каб выплакацца, прыняць дыягназ і выпрацаваць стратэгію дапамогі.

— А што сучасная медыцына можа прапанаваць дзецям з прыроджанай паталогіяй слыху?

— Пачынаючы з першай ступені тугавухасці паказана нашэнне слыхавых апаратаў. У залежнасці ад асаблівасцей паталогіі спецыяліст выбірае праграму рэабілітацыі. Калі гэта не дапамагае, то праз 3-6 месяцаў прапануюць аперацыю — кахлеарную імплантацыю, якая вяртае слых.

Падман не пройдзе

— Як часта памыляюцца аўдыёлагі? Ці можна вас падмануць, калі ў сілу нейкіх абставін пацыент зацікаўлены ў гэтым?

— Спробы падмануць часам робяцца. Напрыклад, да нас па накіраванні ваенкаматаў прыходзяць маладыя людзі прызыўнога ўзросту. Некаторыя, пазбягаючы службы ў войску, начытаўшыся спецыяльнай літаратуры, скардзяцца на зніжэнне слыху, імітуюць глухату. Але калі праводзіш аб’ектыўныя даследаванні, падман раскрываецца. Да таго ж для пастаноўкі дыягназу мы выконваем не адно, а некалькі даследаванняў, супастаўляем іх вынікі. Ашукаць нас практычна немагчыма.

Успамінаю яшчэ адзіны ў сваім родзе выпадак з асабістай практыкі. Заходзіць на прыём юнак, называе прозвішча. Бяру яго картку, бачу дыягназ: першая ступень тугавухасці. Абследую яго і не бачу ніякіх праблем. Выдатны слых! Як такое можа быць? Праводзім сваё «расследаванне», і высвятляецца вось што. Наш тугавухі пацыент захацеў паступіць у ВНУ з вельмі высокімі патрабаваннямі па здароўі і ўпэўнены, што ў твар яго ўрачы не памятаюць, замест сябе папрасіў прыйсці на абследаванне сябра.

Вольга Паклонская

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю