Top.Mail.Ru

Дабро адгукнецца дабром

Бацькі і дзеці


Калі мы маладыя, нам здаецца, што старасць яшчэ вельмі далёка. Вось і пачынаем зняважліва ставіцца да пажылых, забываючы аб тым, што і самі будзем такімі. Але ж недарма кажуць: «Як гукнеш, так і адгукнецца». Добрыя справы абавязкова вернуцца да чалавека дабром, а дрэнныя — нагоняць яго самога.

Пажылыя людзі звычайна ўмудроныя вопытам, на працягу свайго жыцця яны шмат чаго бачылі і ведаюць. Таму лепш не ігнараваць іх парады, а, наадварот, прыслухоўвацца. У сем’ях бабулі і дзядулі дапамагаюць бацькам у выхаванні дзяцей, могуць замяніць маму і тату, калі тыя знаходзяцца на працы: адвесці ці забраць дзіця з садка або школы, прыгатаваць дома якую-небудзь страву, дапамагчы зрабіць урокі і г. д.

Калі пажылыя людзі яшчэ ў працоўным страі, то перадаюць свой вопыт і веды маладым, якія працуюць побач з імі. Бо, як бы добра малады спецыяліст ні вучыўся, аднак ён у сваёй прафесіі яшчэ не можа праявіць сябе як мае быць. Пажадана, каб менавіта ў гэты час побач з ім і знаходзіўся вопытны спецыяліст, які дапаможа не толькі замацаваць тэорыю, але і добра сябе зарэкамендаваць на практыцы.

Зразумела, што моладзь бывае розная, як і пажылыя людзі. Некаторыя маладыя ставяцца да пажылых з пагардай, глядзяць на іх быццам з вышыні, дазваляюць сабе кідаць у іх адрас крыўдныя дрэнныя словы і г. д. У гэты момант яны не задумваюцца, як балюча старым усё гэта чуць. А ці не лепей было б сказаць пажылому чалавеку добрае, прыемнае, ласкавае слова, аказаць нейкую паслугу і ўбачыць, як ад радасці ў яго засвецяцца вочы?

Вялікай бядой для родных можа стаць сітуацыя, калі ў пажылога чалавека развіваецца дэменцыя, калі ён пачынае забываць, дзе жыве, як яго завуць, не пазнае родных. Яму камфортна ў яго свеце, а вось тым, хто побач з ім, трэба на гэты час забыць пра сябе. Некаторыя вельмі адданыя сыны і дочкі так і робяць. 

Адзін мой добры знаёмы расказваў, як яго маці, калі яе зрэдку пакідалі дома адну, выдзірала ручкі з дзвярэй (адкуль толькі сіла ў 90-гадовага чалавека?!), разразала нажніцамі пасцельную бялізну, раскідвала прадукты і г. д.

Некаторыя дзеці, калі ім трэба хадзіць на работу і ў іх няма часу быць побач са сваімі хворымі, слабымі бацькамі, якім патрэбен пастаянны догляд, аддаюць іх у спецыяльныя ўстановы для пажылых людзей. Там іх не толькі даглядаюць, але і аказваюць кваліфікаваную дапамогу. Гэта, на мой погляд, усё ж лепей, чым пакідаць такога чалавека аднаго дома і потым перажываць, што там з ім адбываецца. А яшчэ некаторыя, калі дазваляюць сродкі, наймаюць сядзелку. Так што з усяго можна знайсці выйсце, было б жаданне.

Але ёсць і такія дзеці ды ўнукі, якія ад сваіх пажылых стараюцца пазбавіцца, абдзяляюць у ядзе, не аказваюць своечасовую дапамогу і г. д. Бо ў той момант, пакуль яны маладыя, поўныя сіл і здароўя, зусім не задумваюцца аб тым, што і самі калі-небудзь акажуцца ў такім жа стане і тое ж атрымаюць ад сваіх дзяцей і ўнукаў. Бо за ўсё ў жыцці даводзіцца плаціць. Так што ўсім маладым людзям мае парады: стаўцеся да пажылых з павагай, шануйце іх старасць. Тады і вам не страшна будзе чакаць вашу старасць. 

Таццяна ЧЭКЕД

г. Гомель


«Чароўны свет батлейкі»

У нашым раённым цэнтры культуры прайшоў адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў, якія заўсёды прыцягвалі і прыцягваюць гледачоў сваёй незвычайнасцю і яркасцю, вяртаюць да вытокаў беларускіх традыцый, пераносяць у іншы займальны свет і пры тым не толькі забаўляюць, але і павучаюць.

На гасціннай смаргонскай зямлі гэты фестываль прымаў батлеечнікаў дзявяты раз і з многіх куткоў краіны: з Гродна, Ліды, Магілёва, Лагойска, Ракава, слынных Залесся, Міра... Усе яны змаглі парадаваць сваімі лялечнымі спектаклямі, перадаць сакральны змест класічных калядных пастановак і арыгінальных гісторый, адаптаваць старажытнае мастацтва пад сучаснае…

Зрабіць гэта, зачапіць гледача — задача, вядома ж, не з лёгкіх, але ўсе артысты з ёй справіліся: дыпломам быў адзначаны кожны калектыў-удзельнік. А вось найлепшымі аўтарытэтнае журы прызнала артыстаў узорнага тэатральнага калектыву «Жаронцы» з Ракава, другое, трэцяе месца падзялілі паміж сабой тэатр «Валошкі» з Магілёва і народныя аматарскія тэатры «Батлейка» з Ліды, Мірскага дзяржаўнага каледжа і нашага аграгарадка Залессе. Юным артыстам з Магілёва ўручаны прыз глядацкіх сімпатый «Батлейка Хіт».

Ілона СМАГУР

г. Смаргонь

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю