Дадатковая адукацыя — гэта тое, што літаральна дапаўняе любыя віды адукацыі, якія атрымлівае дзіця. Толькі ў сукупнасці з асноўнай такую адукацыю можна назваць цэласнай, якая дае магчымасць усебаковага развіцця і ўсвядомленага выбару будучай прафесіі. Сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі актыўна развіваецца, прапаноўваючы моладзі ўсё больш шырокі спектр магчымасцяў для самарэалізацыі.
У цэнтры ўвагі — таленты і інавацыі
Нацыянальны цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў новым навучальным годзе запускае некалькі ўнікальных адукацыйных праграм, якія будуць працаваць і ў вочным фармаце, і анлайн. Як адзначыла дырэктар цэнтра Алена АНУФРОВІЧ, асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю сістэмнага экалагічнага мыслення і прафарыентацыі.
Нацыянальны цэнтр дадатковай адукацыі ўключае чатыры структурныя падраздзяленні. Цэнтр інавацый — лабараторны комплекс для заняткаў прыродазнаўчымі навукамі. Цэнтр спадчыны — турысцкая база з адным з найбольш сучасных скаладромаў, абсталяваных трасай міжнароднага ўзроўню. Плюс Арт-цэнтр і Цэнтр талентаў.
Адной з флагманскіх праграм стаў праект «Лес.by» — міждысцыплінарны адукацыйны трэк на стыку біялогіі, лесазнаўства, навук аб Зямлі. Праграма накіравана на развіццё экалагічнага мыслення і знаёмства з ляснымі прафесіямі. Яшчэ адзін новы кірунак — «Зялёная архітэктура», якая аб’ядноўвае ландшафтны дызайн, інтэр’ерную фларыстыку і праектаванне ўстойлівых міні-экасістэм для добраўпарадкавання тэрыторый устаноў адукацыі.
Заняткі па гэтых праграмах пабудаваны па модульным прынцыпе: дыстанцыйная работа з выкладчыкам спалучаецца з вочнымі зменамі ў канікулярны час, калі вучні з рэгіёнаў прыязджаюць у Мінск і атрымліваюць доступ да лабараторнага комплексу і адукацыйных рэсурсаў цэнтра. Вынікам навучання стане ўласны праект кожнага ўдзельніка.
З новага года цэнтр плануе ўкараненне аналагічных праграм па мастацкай творчасці. Запускаецца таксама праект сумесна з Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам «Зубраня»: лепшыя ўдзельнікі змен змогуць працягнуць навучанне ў лагеры.
З «зялёным» ухілам
У гэтым годзе конкурс экалагічных праектаў «Зялёная школа» стане цэнтральнай платформай для рэалізацыі ініцыятыў па скарачэнні выкарыстання пластыку. Рэспубліканскі экалагічны конкурс «Гаспадары зямлі роднай» дасць вучням магчымасць заявіць аб навуковым і творчым патэнцыяле сваіх рэгіёнаў. У праграму рэспубліканскага конкурсу навуковых біяэкалагічных работ і рэспубліканскага воднага конкурсу ўкараняюцца кліматычная праверка і лічбавыя метады.
У краязнаўчым і ваенна-патрыятычным кірунках у гэтым годзе стартуе ўнікальны праект — анлайн-школа пошукавага руху на платформе Patrіot.by. Яна накіравана на сістэмную падрыхтоўку ўдзельнікаў пошукавых атрадаў і папулярызацыю вопыту Беларусі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны. Праграма мае высокую міжнародную значнасць і адкрыта для супрацоўніцтва з арганізацыямі СНД.
Запускаецца праект «Адкрытая лабараторыя»: на базе лабараторнага комплексу цэнтра будуць праходзіць рэгулярныя адкрытыя заняткі, дзе дзеці змогуць паспрабаваць сябе ў біялогіі, хіміі і іншых прыродазнаўчых навуках.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзіцяча-юнацкаму турызму. Запускаюцца рэспубліканская праграма «Турысцкі дэсант» і адукацыйны модуль «Тры дні на вышыні» з майстар-класамі вядучых інструктараў і кваліфікацыйнымі спаборніцтвамі.
Са школьніка — у прафесіяналы
Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, як адзначыў яго дырэктар Сяргей САЧКО, з’яўляецца ўстановай, якая дазваляе прайсці шлях ад пачатковай школы да практычна першага працоўнага месца.
Тэхнапарк курыруе тэхнічныя і матэматычныя профілі ў краіне, укараняючы новыя метадычныя распрацоўкі. На яго базе працуе каля 80 аб’яднанняў па інтарэсах для дзяцей ад 6 гадоў, што ахоплівае каля 1000 вучняў.
Традыцыйна тэхнапарк праводзіць работу з адоранымі дзецьмі, супрацоўнічаючы з установамі агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, а таксама з ВНУ. Падрыхтаваныя дзеці паспяхова паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Для вучняў восьмых класаў запускаецца праект «Прафесійны старт». Для сямікласнікаў арганізаваны заняткі ў выхадныя дні з наведваннем тэхнапарка.
У плане рэспубліканскіх мерапрыемстваў з выхадам на міжнародны ўзровень — алімпіяда па штучным інтэлекце і турнір па робататэхніцы. У гэтым навучальным годзе плануецца правядзенне адкрытага міжнароднага конкурсу па штучным інтэлекце з запрашэннем партнёраў з краін СНД.
Ад КВз да нейратворчасці
Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі з’яўляецца ўніверсальнай установай дадатковай адукацыі ў сталіцы і арганізатарам гарадскіх і рэспубліканскіх праектаў, падкрэсліла намеснік дырэктара Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Саіда ВАФІНА. Тут створана 12 профіляў дадатковай адукацыі.
Аддзел інтэлектуальнай творчасці прапануе заняткі ў экалагічных гуртках, гуртках падрыхтоўкі да школы і фінансавай граматнасці (сёлета з’явіўся новы кірунак — эканоміка турызму). Аддзел мастацкай творчасці традыцыйна чакае дзяцей, якія жадаюць займацца харэаграфіяй, тэатральным мастацтвам, вакалам. Дарэчы, у палацы з’явіўся вакальна-інструментальны ансамбль Dream Team.
Аддзел сацыякультурнай дзейнасці ў гэтым годзе адраджае КВЗ у Мінску і адкрывае новы кірунак — школу вядучага. У аддзеле дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва прадстаўлены як традыцыйныя народныя рамёствы, так і новыя віды творчасці.
Адкрываецца і новае аб’яднанне па інтарэсах «Нейратворчасць». А структурнае падраздзяленне палаца на плошчы Перамогі штотыдзень прымае вучняў для навучання асновам нясення ганаровай варты памяці каля Вечнага агню — дзеці вывучаюць гісторыю і герояў вайны.
Да ўвагі бацькоў
Набор у Нацыянальны цэнтр дадатковай адукацыі працягнецца да 15 верасня. Плануецца, што навучацца ў ім будуць каля 2 тысяч дзяцей. Па выніках навучання па праграмах павышанага ўзроўню прадугледжана атрыманне пасведчання, па асобных трэках — сертыфіката. Аднак на сённяшні дзень выкарыстанне іх як ільготы пры паступленні ў ВНУ не прадугледжана.
Бяспека знаходжання дзяцей у цэнтрах дадатковай адукацыі забяспечваецца кругласутачным кантролем, прапускным рэжымам і аховай ва ўсіх карпусах.
Што датычыцца платных паслуг, у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і Нацыянальным цэнтры дадатковай адукацыі доля платных гурткоў складае да 30 %, у Палацы дзяцей і моладзі — каля 38 %. Кошт заняткаў вар’іруецца: у нацыянальным цэнтры — ад 10 рублёў за занятак, у тэхнапарку — у сярэднім 70 рублёў у месяц (два заняткі ў тыдзень), у Палацы дзяцей і моладзі — ад 60 да 250 рублёў у месяц у залежнасці ад кірунку і спецыфікі.
Бацькам пры выбары кірунку спецыялісты рэкамендуюць звяртаць увагу на тэставыя праграмы, а таксама прайсці тэсціраванне ў псіхолага для выяўлення здольнасцяў і інтарэсаў дзіцяці.
Ягор ЧУРЫК
Фота з адкрытых крыніц