Удзельнікамі адкрыцця сталі больш за 650 чалавек. Для іх падрыхтавалі вялікі святочны канцэрт з удзелам заслужаных артыстаў і папулярных выканаўцаў Беларусі, акцэнт у рэпертуары быў зроблены на настальгічных кампазіцыях і песнях з любімых савецкіх кінафільмаў.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка адзначыла, што ў саму назву акцыі «Ад усёй душы» закладзены глыбокі сэнс. У гэтыя дні старэйшае і маладое пакаленні аб’ядноўваюцца, каб стварыць святочны настрой адно для аднаго. Міністр нагадала, што акцыя была ініцыятывай Прэзідэнта і праходзіць у краіне ўжо чацвёрты раз.

— Мы бачым, што з кожным годам яна набірае ўсё больш абаротаў. У мінулым годзе ў ёй удзельнічала паўмільёна грамадзян. Прайшлі вельмі кранальныя і цёплыя сустрэчы, і ў гэтым годзе, упэўнена, будзе яшчэ цяплей, — сказала Наталля Паўлючэнка.
Акцыя «Ад усёй душы» набірае папулярнасць і ў рэгіёнах.
— Сёння, у дзень старту, ва ўсіх кутках нашай краіны праходзяць выдатныя мерапрыемствы, дзе з добрым настроем нашы бабулі і дзядулі сустракаюцца прыгожымі і прыбранымі. Мы, у сваю чаргу, гатовы сказаць словы падзякі за іх працоўны і жыццёвы шлях, за тое, што яны нас выхавалі і выгадавалі, а таксама падарыць ім станоўчыя эмоцыі.

Наталля Паўлючэнка расказала, што сёння ў Беларусі пражывае больш за 1,6 мільёна чалавек ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых. Акцыю рыхтавалі з разуменнем таго, што старэйшае пакаленне рознае. Падчас акцыі нададуць увагу доўгажыхарам, якім 90 гадоў і больш, а таксама маладзейшым пенсіянерам.
— Мы падбіралі разнастайныя мерапрыемствы: цудоўныя канцэртныя пляцоўкі або навагоднія балы. Мы ведаем, што ва ўсіх кутках краіны ёсць тыя, хто займаецца танцамі. Сёлета вялікую цікавасць да акцыі праявілі грамадскія арганізацыі, аб’яднанні і партыі. Яны, ужо кансалідаваўшы намаганні, прапануюць нам розныя мерапрыемствы. Гэта вельмі важна, бо гэта значыць, што акцыя развіваецца, — падкрэсліла Наталля Паўлючэнка.
Яна нагадала, што ўвага старэйшаму пакаленню ўдзяляецца не толькі ў святочны перыяд. Пенсіянеры цэлы год атрымліваюць разнастайную падтрымку. Напрыклад, садзейнічанне ў занятасці для тых, хто хоча працягваць працаваць. Ствараюцца ўмовы для таго, каб яны працавалі і не хацелі сыходзіць з соцыума з дапамогай розных інструментаў, напрыклад гнуткіх графікаў. Для тых, хто працаваць ужо не можа ці не хоча, ёсць магчымасць заняць вольны час у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання — гэта розныя клубы і групы.

— У нас вельмі вялікі попыт на актыўныя віды спорту, гульні, фізкультуру, дыхальную гімнастыку і рэабілітацыю. Мы стараемся падтрымліваць гэтыя ініцыятывы і чуць кожнае жаданне старэйшага пакалення. Бо ключавое — гэта клопат і падтрымка, — рэзюмавала Наталля Паўлючэнка.

Даслоўна
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі адзначыў, што Новы год — доўгачаканае свята не толькі для дзяцей, але і для кожнага з нас. Асабліва яго чакаюць тыя, хто мае патрэбу ва ўвазе і клопаце: у Мінску пражываюць больш за 100 тысяч людзей з інваліднасцю і звыш 300 тысяч чалавек шаноўнага ўзросту. «Мэта дабрачыннай акцыі — падтрымаць менавіта гэтых людзей, акружыць іх цяплом. Гэта наш залаты фонд. Менавіта яны ўнеслі вялікі ўклад у развіццё краіны, працавалі на заводах, фабрыках, прадпрыемствах, стваралі сучасную Беларусь. І сёння наш абавязак — павіншаваць іх са святам і стварыць навагодні настрой», — дадаў Андрэй Стрыгельскі.
Мінчанка Марыя Варатнікова на адкрыцці акцыі ў Мінскім гарадскім палацы культуры другі раз. У 73 гады яна імкнецца наведваць усе канцэрты і мерапрыемствы, на якія яе запрашаюць. Актыўнічае Марыя і ў звычайныя дні. Жанчына наведвае ТЦСАН Заводскага раёна: ходзіць на танцы, спартыўныя заняткі і іншыя гурткі.
«Хачу падзякаваць за запрашэнне на такое цудоўнае свята. Каштоўна, што дзяржава ўдзяляе ўвагу пенсіянерам. Жадаю ўсім весці актыўны лад жыцця і ніколі не сядзець дома — тады будзе і прыгажосць, і здароўе», — заклікала Марыя Варатнікова.
Шмат часу хобі прысвячае і мінчанка Ніна Зырко. У 70 гадоў ёй хапае сіл на танцы, спевы і фізкультуру. Не прапускае жанчына і танцавальны сезон у парку імя Чалюскінцаў. «Толькі што пабывала на падобным мерапрыемстве на «Беларусьфільме», дзе для нас правялі экскурсію, канцэрт і паказалі фільм «Класная». Адтуль паспяшалася сюды. Стараюся не прапускаць цікавыя падзеі, пра якія ведаю», — падзялілася Ніна Зырко.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК
Алена КРАВЕЦ