Урачыстае адкрыццё праекта прайшло на факультэце міжнародных адносін БДУ. Ініцыятыва накіравана на паглыбленне сувязі тэорыі з рэальнай практыкай дыпламатычнай службы. Лекторыі з удзелам супрацоўнікаў МЗС будуць праходзіць штомесяц. Такая жывая камунікацыя, на думку арганізатараў, стане для маладых людзей добрым дапаможнікам у авалоданні будучай прафесіяй.
Варта адзначыць, што супрацоўніцтва паміж вядучай альма-матар і знешнепалітычным ведамствам мае даўнія традыцыі. Аднак, як падкрэсліў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, новы праект закліканы вывесці ўзаемадзеянне на іншы ўзровень. Калі раней акцэнт рабіўся на семінарах або валанцёрскім удзеле студэнтаў у мерапрыемствах, то цяпер у цэнтры ўвагі — непасрэдна адукацыйны працэс з моцным практычным ухілам.
«З факультэтам міжнародных адносін БДУ мы сябруем даўно. З 2012 года заключаны дагавор аб сумеснай рабоце, які мае на ўвазе не толькі прыцягненне кадраў факультэта ў Міністэрства замежных спраў, але яшчэ і дапамогу ў падрыхтоўцы гэтых кадраў. Мы прыйшлі да разумення, што наспеў час надаць адукацыйнаму працэсу практыка-арыентаваны характар, таму і запускаем гэты лекторый», — растлумачыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Студэнты ўжо ацанілі новы фармат. Першакурснік Аляксандр Кляцко прызнаўся, што магчымасць жывога дыялогу для яго — галоўная перавага праекта: «Фармат лекторыя вельмі цікавы, бо, як сказаў міністр, заняткі будуць падобныя да семінараў, а гэта значыць, можна будзе задаваць пытанні. Адпаведна можна атрымаць пэўную зваротную сувязь ад тых людзей, якія займаюцца дыпламатыяй. Тэмы, што мяне хвалююць, гэта эканамічныя, міжнародныя адносіны з нашымі саюзнікамі, партнёрамі, магчыма, недружалюбнымі краінамі, цікавы вопыт наладжвання такіх адносін».
- Міністр замежных спраў звярнуў увагу і на важнасць знешнеэканамічнага вектару ў развіцці дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў сучасных умовах поспех любых гандлёва-экнамічных адносін немагчымы без шырокай сеткі міжнародных кантактаў. Асабліва гэта актуальна для Беларусі з яе адкрытай эканомікай і арыентацыяй на экспарт. Таму, па словах Максіма Рыжанкова, найбольш частымі гасцямі на лекторыях будуць супрацоўнікі ведамства, якія займаюцца эканамічнай дыпламатыяй.
«Прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, кіраўнікі розных нашых падраздзяленняў будуць прыходзіць і дзяліцца са студэнтамі асновамі выбудоўвання палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай дыпламатыі ў інтэрактыўным дыялогу без жоўтых канспектаў і без тэарэтычных размоў. Гэта яшчэ большае прыцягненне факультэта ў дыпламатычнае жыццё нашай краіны», — сказаў Максім Рыжанкоў.
Для Марыі Грыбанавай, якая вучыцца на кафедры сусветнай эканомікі, акцэнт на эканамічным блоку стаў асабліва прывабным:
«Новыя праекты — заўсёды добра. Упэўнена: са мной пагодзяцца ўсе студэнты, што лекторый адкрывае новыя перспектывы, бо гэта ўнікальная магчымасць атрымаць досвед ад дыпламатаў. У той жа час гэта магчымасць заявіць аб сабе. Я вучуся на кафедры сусветнай эканомікі, таму, вядома, мяне цікавіць эканамічная дзейнасць. Буду старацца прымаць удзел і атрымліваць карысны досвед».
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства звярнуў увагу, што, акрамя адукацыйнай місіі, праект «Дыпламат» выконвае і важную кадравую функцыю. Сёння ў МЗС працуе каля сотні выпускнікоў факультэта міжнародных адносін. Новы фармат адносін дазволіць прадстаўнікам міністэрства прыгледзецца да таленавітай моладзі ў нефармальных стасунках.
Надзея ЗУЕВА
Фота БДУ