Top.Mail.Ru

Дадзены старт рэспубліканскаму адукацыйнаму праекту «Запусці сэрца»

Рэспубліканскі навучальны праект «Запусці сэрца» для вучняў дзясятых класаў стартуе ў Беларусі з 14 сакавіка. Ён ахопіць каля 20 тысяч беларускіх школьнікаў. Яго мэта — навучыць іх найбольш важным прынцыпам аказання экстраннай першай дапамогі. У шосты школьны дзень хлопцы і дзяўчаты будуць практыкавацца ў навыках не толькі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, але і аказання першай дапамогі пры траўмах, пераломах і крывацёках, то бок, у тым, з чым найбольш часта сутыкаюцца людзі ў звычайным жыцці. Такая дапамога можа спатрэбіцца дзе заўгодна — дома, калі дрэнна стала блізкаму чалавеку, на вуліцы, у басейне, на дарозе. 


Калі лік ідзе на хвіліны

Як сведчыць практыка, валоданне навыкамі аказання першай дапамогі менавіта тымі, хто выпадкова апынуўся побач, нярэдка дапамагае выратаваць жыццё ў першыя хвіліны да прыбыцця хуткай дапамогі. Зусім нядаўні прыклад прывяла першы намеснік міністра аховы здароўя Алена БОГДАН.

— Мужчына выйшаў з работы і яму стала дрэнна. Побач апынуліся два маладыя чалавекі, якія валодалі навыкамі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Гэты чалавек выжыў і потым застаўся жывы, у тым ліку дзякуючы таму, што побач былі такія людзі. Таму вельмі важна, каб кожны чалавек валодаў гэтымі базавымі навыкамі першай дапамогі — сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, спынення крывацёку і мабілізацыі пры траўмах, — адзначыла Алена Богдан. 

Акцыя «Запусці сэрца» будзе праходзіць у краіне ўжо ў другі раз. Яна арганізавана па ініцыятыве Беларускага таварыства сімуляцыйнага навучання ў медыцыне пры падтрымцы міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі і Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. 

— Сёлета мы вырашылі пайсці крыху шырэй і ў праекце будуць задзейнічаны ўсе нашы медыцынскія каледжы, медыцынскія ўніверсітэты, Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Усе яны гатовы да пачатку акцыі. У нас падрыхтавана сімуляцыйнае абсталяванне, нашы ўрачы-спецыялісты, выкладчыкі і, самае галоўнае, гэта студэнты-валанцёры, якія таксама будуць удзельнічаць і навучаць нашу моладзь гэтым важным падыходам, — адзначыла першы намеснік міністра. 

Пры гэтым сістэма аховы здароўя мае і другую, не менш важную мэту — прафарыентацыйную. Магчыма, некаторыя маладыя людзі, навучаючыся на сімуляцыйных трэнажорах, убачаць сябе ў будучыні ўрачамі ці сярэднім медыцынскім персаналам і пасля школы выберуць медыцынскія навучальныя ўстановы. 

Акцэнт на практыку

Навучальная праграма пабудавана цалкам на беларускіх і міжнародных рэкамендацыях па аказанні першай дапамогі. Доўжыцца заняткі будуць не менш за паўтары гадзіны, а калі камусьці спатрэбіцца больш часу, медыкі адкажуць на ўсе пытанні. Адметна, што ў параўнанні з папярэдняй аналагічнай акцыяй, сёлета з улікам вялікай цікавасці з боку школьнікаў групы будуць пашыраны.

Гаворачы пра актуальнасць праекта, намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ адзначыў, што паводле сусветнай статыстыкі, 59 % смерцяў ад траўм можна было б прадухіліць, калі б першая дапамога была аказана да прыбыцця хуткай медыцынскай дапамогі. Ён падкрэсліў, што навучанне аказанню першай дапамогі ў краіне сістэмнае. Першая акцыя «Запусці сэрца» была арганізавана ў 2024 годзе, летась сумесна з Міністэрствам аховы здароўя на базе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прайшла алімпіяда па аказанні першай медыцынскай дапамогі сярод школьнікаў. Мяркуецца, што надалей такая чарговасць захаваецца.

У 2024 годзе ў праекце паўдзельнічала каля 20 тысяч хлопцаў і дзяўчат з розных рэгіёнаў. 

— Я меў магчымасць з імі паразмаўляць на фінальным мерапрыемстве, якое прайшло ў «Мінск-арэне». Моладзь станоўча адгукалася пра мерапрыемства. Відавочна, што наша маладое пакаленне дастаткова сур’ёзна ставіцца да набыцця дадатковых кампетэнцый, якія можна атрымаць акрамя асноўнай адукацыі. І гэта прасочваецца праз цікавасць хлопцаў і дзяўчат да гэтага мерапрыемства, — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай.

Да зялёнага свету

Першыя навучальныя групы прыступяць да тэорыі і практыкі ўжо ў гэту суботу, 14-га сакавіка. Будзе задзейнічана вялікая колькасць пляцовак, у групах будзе па 15 школьнікаў. Стандартная праграма ўключае каля 30 хвілін тэорыі, астатні час будзе прысвечаны адпрацоўцы навыкаў на практыцы. Кожны з удзельнікаў групы замацуе іх на трэнажорах і абсталяванні. Завершыцца праект маштабным флэшмобам, дзе лепшыя школьнікі праявяць сябе на вялікай пляцоўцы ў Мінску. Ад кожнага рэгіёна ў сталіцу прыедзе па 120 прадстаўнікоў. Спачатку кожная каманда запусціць сэрца сваёй вобласці, а разам — сэрца сваёй краіны. 

Як адзначыў намеснік галоўнага ўрача па хірургіі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Юрый СЛАБАДЗІН, падобныя акцыі праводзяцца ў Расіі, але яны значна менш маштабныя, чым нашы. 

— Наша акцыя — ўсебеларуская, яна закранула ўсе нашы рэгіёны — малыя, сярэднія, вялікія гарады. Таму што наша мэта — як мага больш дзяцей уключыць у гэты адукацыйны працэс, — звярнуў увагу Юрый Слабадзін.

Акрамя ўсіх 16 медыцынскіх каледжаў і 4 ВНУ, у праекце будзе задзейнічана Астравецкая цэнтральная раённая бальніца, якая мае свой сімуляцыйны цэнтр і будзе працаваць са школьнікамі з трох раёнаў — Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага. Групы размеркаваны такім чынам, што школьнікі наведаюць медыцынскія каледжы ці ВНУ, калі яны знаходзяцца недалёка. У некаторыя раёны выкладчыкі з абсталяваннем прыедуць у школы. 

— У 2024 годзе мы ездзілі па нашых каледжах, назіралі, як праходзіць навучанне. І нават не чакалі, што цікавасць з боку дзяцей будзе такой вялікай. Дзеці з задавальненнем слухалі, выконвалі ўсе маніпуляцыі, радаваліся, калі ў іх загараліся зялёныя ліхтары, што азначала, што той, каго яны ратуюць, жывы. Таму гэта навучанне — вельмі вялікая справа. Дапамога можа спатрэбіцца дома бацькам, бабулі, на прыпынку, у басейне, у краме. І калі чалавек разумее, як трэба правільна аказваць даўрачэбную дапамогу, ёсць шанц, што чалавек, якому стала дрэнна, дачакаецца хуткай дапамогі і выжыве, — рэзюмаваў Юрый Слабадзін.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю