У Махачкале, сталіцы Рэспублікі Дагестан (Расійская Федэрацыя), з 2 па 4 кастрычніка 2026 года пройдзе XXII Паўночна-Каўказскі кніжны фестываль «Таркі-Тау-2026».
Па традыцыі да ўдзелу ў свяце прыгожага пісьменства запрошаны і беларускія літаратары і кнігавыдаўцы. Арганізатары фестываля — міністэрства лічбавага развіцця, інфармацыі і друку Рэспублікі Дагестан і мастацка-публіцыстычны часопіс «Дагестан».
Каменціруе падзею куратар «Таркі-Тау-2026» вядомы публіцыст, перакладчык, галоўны рэдактар часопіса «Дагестан» Марат Гаджыеў: «Наша кніжная пляцоўка даўно займела высокі аўтарытэт ў рэгіёне, у Расіі і ў іншых краінах свету. Мы заўжды запрашаем пісьменнікаў, чые кнігі зараз у полі зроку чытача. Супольна з намі працуюць на фестывалі і прадстаўнікі іншых відаў мастацтва. Я вельмі рады, што ў нас за апошнія гады выбудаваліся трывалыя сувязі з беларусамі. У „Таркі-Тау“ у розныя перыяды ўдзельнічалі галоўны рэдактар „Літаратуры і мастацтва“ публіцыст і перакладчык Аляксей Чарота, паэт і перакладчык Рагнед Малахоўскі. Мы сочым за развіццём кнігавыдання ў Беларусі, падтрымліваем цесныя стасункі з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Асабіста я не аднойчы па запрашэнню Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь наведваўся ў Мінск. Ведаю многіх беларускіх пісьменнікаў. Мы супольна працавалі над цэлым шэрагам перакладчыцкіх праектаў...»
А ў Беларусі добра ведаюць сучасных літаратараў Дагестана — нагайскага пісьменніка, народнага паэта Дагестана Анварбека Култаева, паэтэсу, старшыню Клуба пісьменнікаў Каўказа Міясат Муслімаву, паэтаў, перакладчыкаў Шаміля Лутава, Сувайнат Кюрэбекаву, іншых цікавых творцаў. Яны не аднойчы выступалі ў беларускім перыядычным друку. Іх вершы перакладаюць у Беларусі на беларускую і рускую мовы Галіна Загурская, Віктар Шніп, Анатоль Аўруцін, Таццяна Яцук, Настасся Нарэйка, Рагнед Малахоўскі і іншыя беларускія пісьменнікі.
Мікола БЕРЛЕЖ