Такая мера накіравана на ўзмацненне бяспекі на дарогах, лічаць у ведамстве.
У Беларусі прапануюць абсталяваць відэаназіраннем усе маршруткі і аўтобусы. З такой ініцыятывай выступае Дзяржаўтаінспекцыя. Пра гэта ў гутарцы з sb.by заявіў Віктар Ротчанкаў, начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС.
«У нас падрыхтаваны шэраг прапановаў, якія накіраваныя на ўзмацненне бяспекі на дарогах. Першае — абсталяваць усе аўтобусы, якія ўдзельнічаюць у рэгулярных перавозках, відэаназіраннем. Прычым як унутры салона любога аўтобуса, пачынаючы ад маршруткі і заканчваючы самым вялікім аўтобусам, так і звонку, калі камера будзе фіксаваць дарожную абстаноўку наперадзе аўтобуса», — сказаў ён.
Таксама ў ДАІ прапануюць устанавіць у салоне кожнага аўтобуса навігацыйнае абсталяванне, што дапаможа кантраляваць рэжым працы і адпачынку вадзіцеляў, хуткасць перамяшчэння і іншыя пытанні.
«Магчыма, варта перагледзець і адказнасць вадзіцеляў, якія кіруюць аўтобусамі ў рэгулярных зносінах, і адказнасць уладальнікаў і ўласнікаў аўтобусаў», — дадаў Віктар Ротчанкаў.