Намеснік начальніка УДАІ МГБ УУС Мінскага аблвыканкама Яўген Казарын звяртае ўвагу ўдзельнікаў дарожнага руху аб выпадках несанкцыянаванага гандлю на абочынах аўтамабільных дарог у перыяд масавага збору дзікарослай прадукцыі, а таксама садавіны і гародніны.
Такія дзеянні, паводле яго слоў, ствараюць сур’ёзную пагрозу бяспецы дарожнага руху. Рэзкае тармажэнне і манеўраванне транспартных сродкаў пры з’ездзе на абочыну ў месцах стыхійнага гандлю могуць справакаваць аварыйныя сітуацыі, у тым ліку з цяжкімі наступствамі. Акрамя таго, спыненне і стаянка ў неўстаноўленых месцах, асабліва на ўчастках з абмежаванай бачнасцю і вузкімі абочынамі, катэгарычна забароненыя ПДР.
Дзяржаўтаінспекцыя заклікае вадзіцеляў праяўляць разважлівасць і ўстрымлівацца ад набыцця тавараў у неарганізаваных гандлёвых пунктах, а таксама з разуменнем паставіцца да гэтых патрабаванняў і няўхільна выконваць правілы дарожнага руху, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў.
Ягор ЧУРЫК