Top.Mail.Ru

Дакументы ў каледж МУС падалі больш за 300 абітурыентаў

Установа адукацыі была заснавана сёлета на базе ўжо існуючага Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС у Гаранях Мінскага раёна. Таму гэта ўступная кампанія стала для каледжа першай: з 18 ліпеня па 1 жніўня 2026 года абітурыенты могуць падаваць дакументы на навучанне па праграме сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі».


Раней у сувязі з абмежаваным наборам паступіць у Акадэмію МУС ці Магілёўскі інстытут МУС атрымлівалася далёка не ў кожнага з матываваных маладых людзей, расказаў першы намеснік начальніка каледжа МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Міхаіл Пашкееў: «Былі прапанаваны розныя грамадзянскія ВНУ, але прыйшлі да таго, што неабходна ў сістэме МУС стварыць сярэднюю спецыяльную адукацыю — каледж МУС Рэспублікі Беларусь. Для таго каб моладзь, якая мэтанакіравана ідзе ў каледж ці не паступіла ў Акадэмію МУС ці Магілёўскі інстытут, магла перанакіраваць свае дакументы, паспрабаваць шчасце ўжо ў нас, прайсці адбор і стаць курсантам каледжа МУС».

Сама ўстанова адукацыі размешчана за дваццаць кіламетраў ад сталіцы на тэрыторыі звыш 72 гектараў. Тут створаны ўсе ўмовы для жыцця, вучобы і побыту курсантаў. Вучэбна-адміністрацыйны корпус дазваляе адначасова навучаць да тысячы чалавек.

Дарэчы, зацверджаны на гэты год план першага набору ва ўстанову адукацыі склаў 100 чалавек, з іх 80 месцаў для юнакоў і 20 — для дзяўчат. Першапачаткова прадстаўніц прыгожага полу планавалася залічыць менш, аднак з-за вялікага ажыятажу і вялікай колькасці ахвотных служыць у органах унутраных спраў было прынята рашэнне павялічыць набор — як у каледжы, так і ў Магілёўскім інстытуце МУС. 

Учора прыёмная камісія ў чарговы раз вяла карпатлівую работу: правярала асабовыя справы, балы атэстатаў і вынікі прафесійнага адбору. Аб’ектыўнасць на кожным этапе — прынцыповая ўмова, бо адбор павінен быць сумленным і празрыстым, каб у выніку сфарміраваць надзейны кадравы рэзерв.

«Наша задача за год і дзесяць месяцаў навучання падрыхтаваць супрацоўнікаў унутраных спраў, якія, прыйшоўшы ў райаддзел, адразу зразумеюць, куды яны трапілі і чым павінны займацца. Таму выкладчыцкі склад у нас сфарміраваны ў асноўным з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з вялікім практычным стажам, — падкрэсліў Міхаіл Пашкееў. — Яны ведаюць службу знутры і змогуць перадаць маладым людзям сутнасць прафесіі. Менавіта таму практычных заняткаў у нас прадугледжана больш, чым тэарэтычных, — суадносіны прыкладна 40 на 60 на карысць практыкі».

Усё для таго, каб выпускнікі каледжа ўваходзілі ў прафесію падрыхтаванымі, гатовымі адразу прыступіць да сваёй работы. «У далейшым, калі ўзнікне жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю, выпускнікі каледжа маюць права паступіць у нашу ведамасную ВНУ, як правіла, адразу на трэці курс. Так яны змогуць рэалізаваць сваю мару, атрымаць вышэйшую юрыдычную адукацыю, якая, безумоўна, адкрывае больш перспектыў для кар’ернага росту», — адзначыў Міхаіл Пашкееў.


Сярод тых, хто ўжо падаў дакументы, — Аляксандр Кулянкоў. Хлопец родам з Магілёўскай вобласці. «Шмат сваякоў у гэтай сферы, захацеў таксама паспрабаваць сябе, — падзяліўся абітурыент. — Пакуль яшчэ не вызначыўся з напрамкам, але хочацца развівацца ў гэтай сістэме. У планах — паступіць сюды, а потым, магчыма, працягнуць навучанне ў Акадэміі МУС на завочнай форме».

З Магілёўшчыны паступаць прыехаў і Станіслаў Фрызен. Першапачаткова юнак бачыў сваю будучыню ў сферы ІТ: «Потым даведаўся, што пачаўся набор у каледж МУС, прыгледзеўся да гэтага варыянту, вывучыў інфармацыю і вырашыў паспрабаваць, — успамінае Станіслаў. — Вядома, было хвалююча, асабліва калі перад праверкай фізпадрыхтоўкі адбіў руку. Прыйшлося няпроста, але справіўся. Пасля заканчэння курса планую атрымаць вышэйшую адукацыю і пайсці працаваць у Следчы камітэт».

Прыём дакументаў працягваецца. Як адзначаюць ва ўстанове адукацыі, уся актуальная і карысная для тых, хто паступае, інфармацыя штодня абнаўляецца на афіцыйным сайце каледжа МУС.

Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара і каледжа МУС


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю