Top.Mail.Ru

Далікатная дзяўчына за рулём вялізнага МАЗа

Заўважыўшы, што вялізным МАЗам-смеццявозам кіруе далікатная дзяўчына, на ёй затрымліваюць здзіўленыя позіркі нават эмацыянальна закрытыя людзі.


Да габарытнай мары

Анастасія Уласава — адзіная жанчына-вадзіцель смеццявоза на дзяржпрадпрыемстве «Спецаўтабаза г. Віцебска». Па спецыяльнасці яна повар і некалькі гадоў працавала ў сферы грамадскага харчавання. Праўда, задавальнення пры гэтым не адчувала. Яна заўжды марыла быць вадзіцелем вялікай машыны. Не трамвая і тралейбуса, як многія прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, а габарытнай, з вялікім рулём, аўтатэхнікі. 

Атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «С», пачала шукаць месца працы. Узялі толькі на спецаўтабазу, на пачатку даверылі меншы старэнькі смеццявоз. За два гады Насця даказала: хоць яна і бландзінка за рулём, але шафёр уважлівы, стрэсаўстойлівы, з хуткай рэакцыяй і чалавек адказны. Сярод калег яна заняла другое месца ў конкурсе прафесійнага майстэрства. 

Сямейны падрад 

Ужо працуючы на прадпрыемстве, Анастасія Уласава паспела нарадзіць дачушку. Праўда, у водпуску па доглядзе дзіцяці затрымалася ўсяго на некалькі месяцаў. Яе муж Аляксей з’яўляецца і напарнікам, зменшчыкам. І паколькі яны працуюць па графіку два праз два дні, разам вырашылі гадаваць Варвару па чарзе. Цяпер малой два гадкі, але бацькі не спяшаюцца аддаваць яе у садок — прыстасаваліся даглядаць самастойна. 

— Вы не бойцеся, Насця ездзіць па-майстэрску, спакойна і акуратна, — супакойвае мяне грузчык Аляксандр, калі МАЗ добра-такі хіліцца на бок, заязджаючы ў чарговы двор левымі калёсамі па вузкай дарозе, а правымі проста па снежнай гурбе. — Штодня так прабіраемся па лабірынтах прыпаркаваных легкавушак. 

Вадзіцель — традыцыйна старшы ў экіпажы, два грузчыкі знаходзяцца ў яго падпарадкаванні, але на справе ў групе Уласавай раўнапраўе. Важна захоўваць добры мікраклімат, праводзячы ў адной кабіне рабочы час дзень за днём. 

— Машыны, прыпаркаваныя ў дварах з парушэннем Правілаў дарожнага руху, — галаўны боль усіх занятых на смеццявозах, — заўважае Насця. — Задача «Спецаўтабазы» заключаецца ў тым, каб забраць адходы па графіку. Варта прапусціць раз — і кантэйнеры будуць перапоўненыя, а каму падабаецца бруд і непрыемны пах? Пачынаюцца скаргі. 


Чат-бот у дапамогу 

Дабрацца да кантэйнерных пляцовак — цэлы квэст. Гаспадары пакідаюць свае машыны на тратуарах, на праездах з боку, прылягаючага да шматпавярховых дамоў, загароджваюць пад’езды да кантэйнераў, якія трэба апаражняць. Ім здаецца, што вялізнаму грузавіку нічога не варта зрабіць нейкі адмысловы манеўр ці грузчыкам падкаціць напоўнены кантэйнер да спецмашыны. Але ж ён і пусты важыць 100 кілаграмаў, а калі кульнецца, пашкодзіць, падрапае легкавушку побач? 

— Для вадзіцеляў спецаўтатранспарту паслабленняў ад ДАІ не бывае, — адзначае жанчына за рулём. — Па ўсёй строгасці нас спытаюць за заезд на зялёную зону, пашкоджанне каналізацыйных люкаў ці бардзюраў, не гаворачы пра чужыя машыны. А як іх аб’ехаць, калі няма магчымасці? Бывае вельмі прыкра, калі не можаш выканаць свае абавязкі, чакаеш непрыемнасцяў. Маршрут жа разлічаны на рабочы дзень, трэба спяшацца, час не церпіць. Бывае, не цярплю і я: падпісалася на чат-бот ДАІ — шлю туды фота аўтопарушальнікаў — трэба ж прыводзіць іх да парадку. 

Дарэчы, Анастасія Уласава працуе на смеццявозе, які збірае выключна пластык. Як другасная сыравіна ён паступае на смеццесартавальны завод і далей на перапрацоўку. Але нядобрасумленныя жыхары ўмудраюцца ў кантэйнеры са спецыяльнай адзнакай напхаць цвёрдых камунальных і нават будаўнічых адходаў. Гэта вельмі абцяжарвае сартаванне і можа справакаваць паломку спецыяльнага прэса, устаноўленага ў прыёмным бункеры. 

Да таго ж, асабліва «пільныя» грамадзяне спяшаюцца палаяцца ці звярнуцца са скаргай у службу 115, калі заўважаюць, што Насцін смеццявоз выязджае з двара, а кантэйнеры з ЦКА засталіся поўныя. Маўляў, работу не зрабілі — і паехалі. Але гэта работа іншага экіпажа! Сведкам такой сітуацыі стала і карэспандэнт «Звязды». Што ж, выдаткі работы з людзьмі... 

Перазагрузка 

— Прыкладна раз у месяц я дазваляю сабе перазагрузку, — усміхаецца Анастасія. — Разам з сяброўкай ездзім у конны клуб, каб пакатацца верхам на конях. Калі холадна — пару гадзін, у цёплы час — і чатыры. Гэтым летам разам з аматарамі верхавой язды збіраемся ў конны паход на цэлы дзень. Люблю прыгожых, разумных, дужых коней. 

Па ўсім відаць, што наша гераіня незвычайная жанчына — смелая, з характарам, незалежная ад чужога меркавання, нават хобі ў яе асаблівае, а адносіны да работы бліжэйшыя да мужчынскіх. Для яе гэта сапраўдная справа, вынікі якой добра відаць, да прадпрыемства яна прыкіпела сэрцам. А да таго, што нехта лічыць прыборку смецця «бруднай» работай, то Насця пераконвае: яны з калегамі якраз наводзяць парадак. Чыстая работа! 

Святлана ЯКАЎЛЕВА, 
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю