Top.Mail.Ru

Далучайцеся да конкурсу «Мая гісторыя з Кітаем»

Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі праводзіць творчы конкурс «Мая гісторыя з Кітаем», афіцыйны старт якому быў дадзены 31 жніўня ў прэс-цэнтры Дома прэсы.



Гэты конкурс — першае творчае спаборніцтва ў галіне новых медыя, якое кітайскае пасольства праводзіць для ўсіх беларусаў, гатовых падзяліцца сваімі ўражаннямі. Як заўважыў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь ЧЖАН ВЭНЬЧУАНЬ, кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і дасягнулі найлепшага перыяду за ўсю гісторыю: «Палітычны ўзаемадавер дзвюх краін мае глыбокі ўстойлівы характар, практычнае супрацоўніцтва прыносіць багаты плён, а гуманітарныя абмены адрозніваюцца яркасцю і разнастайнасцю — ад узаемавыгадных гандлёва-эканамічных адносін і сумеснага павышэння дабрабыту народаў да адукацыйных абменаў і ўзаемаразумення паміж моладдзю». Дзякуючы вучобе, падарожжам, рабоце і разнастайным візітам грамадзяне Беларусі адчулі імклівыя змены ў развіцці Кітая, пазнаёміліся з кітайскай культурай, атрымалі бясцэнны жыццёвы досвед. Пасол нагадаў, што старшыня КНР Сі Цзіньпін адзначыў: абмены і ўзаемнае навучанне паміж разнастайнымі цывілізацыямі з’яўляюцца невычэрпнай сілай для развіцця чалавечай цывілізацыі, міру і развіцця ва ўсім свеце.

Конкурс дазволіць прадставіць назіранні, эмоцыі і погляды беларусаў на Кітай праз кароткія відэаролікі. Як заўважыў пасол, сёння мы жывём у эпоху, калі кожны можа фіксаваць тое, што адбываецца, і дзяліцца гэтым з шырокай аўдыторыяй. У Кітаі колькасць карыстальнікаў кароткіх відэаролікаў ужо пераваліла за мільярд. Па сутнасці, гэта новая форма адлюстравання рэальнасці. Жывыя і наглядныя па змесце, нягледзячы на невялікую форму, такія ролікі здольныя пераадольваць вялікія тэрыторыі і разбураць моўныя бар’еры, яны становяцца важным сродкам перадачы культуры і эмоцый, а кожны расказчык ператвараецца ва ўдзельніка міжкультурнага дыялогу.

Міністр інфармацыі Беларусі Дзмітрый ЖУК адзначыў, што, дзякуючы эканамічным і палітычным поспехам нашых краін, грамадзяне Беларусі і Кітая сталі больш падарожнічаць, дзяліцца ўражаннямі, развіваць народную дыпламатыю. У той жа час ён адзначыў, што яшчэ гадоў дзесяць таму наўрад ці б можна было падобны конкурс запускаць у шырокія масы: «Менавіта дзякуючы палітыцы нашых лідараў, Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, гэты конкурс стаў магчымым. Паглядзіце, наколькі актыўна мы пачалі ўзаемадзейнічаць не толькі на палітычным і эканамічным узроўнях, але і на ўзроўні звычайных чалавечых абменаў, адносін, турызму — усяго, што ўмацоўвае добрасуседства і стварае трывалую аснову для мірнага існавання на нашай планеце». Таксама міністр падкрэсліў, што, калі ў медыйную сферу напрамую выводзіцца меркаванне грамадзян, гэта з’яўляецца самай высокая адзнакай і высокай ступенню даверу таму, што зроблена ў галіне кітайска-беларускіх адносін лідарамі і ўрадамі абедзвюх краін.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе грамадзяне Беларусі, а таксама беларусы, якія працуюць і вучацца на тэрыторыі Кітая. Інфармацыю аб конкурсе можна знайсці на сайтах Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Беларусі. Спасылкі на відэаролікі хронаметражом ад 1 да 5 хвілін, размешчаныя ў сваіх сацыяльных сетках, а таксама заяўкі можна дасылаць на адрас shortvіdeo.contest@maіl.ru 

да 30 кастрычніка. Фармат і жанр ролікаў не абмяжоўваюцца, вітаюцца творчы падыход і шчырасць, а вось відэа, згенерыраваныя з дапамогай штучнага інтэлекту, — пад строгай забаронай. Сярод тэм, якія рэкамендуюцца аўтарам, — расказы пра кітайска-беларускае сяброўства, уражанні ад паездак, уласныя гісторыі вывучэння кітайскай мовы, знаёмства з кітайскай культурай. Ужо ў снежні будуць падведзеныя вынікі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Валерыя Картуля


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю