Такое меркаванне карэспандэнту zviazda. by выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Вячаслаў Даніловіч.
Такое меркаванне карэспандэнту zviazda. by выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Вячаслаў Даніловіч.
— Вялікая ўвага, якую надае Кіраўнік дзяржавы, развіццю навукі і яе ўзаемасувязі з практыкай цалкам абгрунтавана, — перакананы суразмоўнік і вось чаму. — Беларусь не мае вялізных запасаў прыродных выкапняў, продаж якіх прыносіць велізарныя грошы ў дзяржаўную казну. Наша галоўнае багацце — гэта людзі, наш з вамі інтэлект і наша з вамі праца. Навука ж стаіць у авангардзе развіцця любога грамадства. Сусветны вопыт сведчыць, што эканомікі дзяржаў развіваюцца за кошт укаранення вынікаў навейшых навуковых і тэхналагічных распрацовак. Навука — аснова эканамічнай стабільнасці і заможнасці любой дзяржавы, якая дбае пра свой суверэнітэт і будучыню.
Ён звяртае ўвагу, што якаснае развіццё навукі і максімальная практычная аддача ад навуковых даследаванняў — гэта таксама аснова нацыянальнай бяспекі:
— Таму падыход павінен быць разумным і ўзважаным, мы павінны зыходзіць з тых інтэлектуальных, матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў, якія маем, і выкарыстоўваць іх максімальна эфектыўна.
Суразмоўнік адзначае і тое, што надзвычай надзённымі пытаннямі з’яўляюцца практыкаарыентаванасць навукі, укараненне навуковых распрацовак у эканоміку і сацыяльную сферу, забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту праз імпартазамяшчэнне і экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі:
— Акадэмічная, галіновая, універсітэцкая сферы навукі павінны дзейнічаць зладжана, узаемадапаўняючы адна адну. Нельга не адзначыць, што Нацыянальная акадэмія навук — гэта сэрца айчыннай навукі, сапраўдная навукова-вытворчая карпарацыя. Таму менавіта Акадэмія навук павінна забяспечыць разам з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі адпаведную якасную каардынацыю з выразным акцэнтам на канкрэтныя вынікі.
Парламентарый таксама адзначае важнасць павышэння адказнасці галіновых заказчыкаў у справе арганізацыі праграм навуковых даследаванняў і ўкаранення іх вынікаў.
— Разам з тым, неабходна максімальна актывізаваць супрацоўніцтва з вучонымі нашых стратэгічных партнёраў — Расіі і Кітая. Усё гэта — вялікая шматпланавая праца па якасным адладжванні сістэмы айчыннай навукі, — падсумаваў дэпутат.