Каля 150 чалавек — прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў, галіновых прафсаюзаў, прафкамаў сталічных арганізацый і прадпрыемстваў, моладзь — выступілі добраахвотнікамі па здачы крыві. Мерапрыемства, якое прайшло ў нацыянальным прафцэнтры, арганізавана пры падтрымцы РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій.
У Доме прафсаюзаў такая ініцыятыва арганізавана ўпершыню, але ў будучыні ўжо ёсць планы праводзіць гэту практыку на сістэмнай аснове.
Паводле слоў старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслава Шылы, пытанне нарыхтоўкі крыві — гэта сістэмная работа Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і Міністэрства аховы здароўя. Ва ўсім свеце выбудавана такая сістэма. Кампаненты крыві і іх перапрацоўка — істотны складнік для лячэння вялікай колькасці пацыентаў з рознымі захворваннямі. Прыемна, што сёння значная колькасць чалавек адгукнулася і падтрымала ініцыятыву.
У сваю чаргу дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі Фёдар Карпенка адзначыў, што ўдзел у Дні донара — гэта выказванне грамадскай салідарнасці і яшчэ адна магчымасць звярнуць увагу людзей, наколькі важна быць датычным да аказання медыцынскай дапамогі.
— Патрэба ў кампанентах крыві ўзнікае кожны дзень. Па ўсёй краіне штодня праходзяць больш за тысячу пераліванняў крыві. Гэта знак усяму грамадству аб тым, што мы дапамагаем, што мы - разам. Гэта салідарна з дэвізам прафсаюзнага руху. І сёння кіраўніцтва прафсаюзаў работнікаў розных галін, неабыякавыя грамадзяне сваім прыкладам паказваюць, як трэба ставіцца да людзей, якія знаходзяцца побач. Сёння дзякуючы кожнаму, хто прыходзіць на донарскія пункты, і тут, і па ўсёй краіне, штодня ратуюцца дзясяткі жыццяў, — дадаў Фёдар Карпенка.
Донарам крыві не першы раз становіцца і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ» Валерый Курсевіч.
— Прафсаюзы заўсёды адкрытыя на добрыя справы. Беларусы заўсёды спагадлівыя. Усім рэкамендую быць датычным да важных спраў. І адна з такіх важных спраў — здача донарскай крыві, — дадаў Валерый Курсевіч
Трэба адзначыць, у мэтах бяспекі для ўсіх удзельнікаў перад пачаткам медыцынскай працэдуры добраахвотнікі прайшлі адпаведнае абследаванне.
Алена КРАВЕЦ