Пры нашым клімаце (вы бачыце: учора — мароз, сёння — адліга) у нас праблем з дарогамі хапае. Таму патрэбныя вялізныя сродкі для таго, каб хоць бы падтрымліваць дарогі ў нармальным стане. Тым не менш мною пастаўлена задача: усе раённыя цэнтры, напрыклад Лагойск, з аграгарадкамі павінны быць звязаныя дарогамі з цвёрдым пакрыццём.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Раждажаство падчас наведвання храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Лагойску. 7 студзеня 2025 года.
Дарожнае будаўніцтва, як акрэсліў кіраўнік дзяржавы, адзін з прыкладаў таго, што робіцца ў нашай краіне для людзей. Стан аўтамабільных дарог — найважнейшае пытанне для жыхароў рэгіёнаў і суб’ектаў гаспадарання. Бягучы год — завяршальны ў чарговай пяцігодцы дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі». У сувязі з павелічэннем фінансавання па адзначанай дзяржпраграме расце і патрэба ў прадукцыі айчыннай вытворчасці арганізацыямі дарожнага будаўніцтва.
На Гомельшчыне найбуйнейшае дарожнае прадпрыемства па абслугоўванні аўтамабільных дарог, вуліц гарадоў і малых населеных пунктаў — камунальнае праектна-рамонтна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Гомельаблдарбуд». Яно валодае поўным цыклам: ад праектавання і здабычы прыроднага каменя да вытворчасці вырабаў з яго і выканання дарожных і будаўнічых работ. Багатую сыравінную базу прадпрыемства забяспечвае яго структурнае падраздзяленне — друзавы завод «Глушкевічы». Гэта горадаўтваральнае прадпрыемства Лельчыцкага раёна. Інертныя матэрыялы на друзавым заводзе вырабляюцца бураўзрыўным спосабам здабычы горнай масы і яе трохстадыйным драбненнем на драбнільна-сартавальным комплексе. Сёння тут рэалізуецца знакавы для Гомельшчыны інвестыцыйны праект па выпуску інертных матэрыялаў, у тым ліку друзу дробных фракцый.
Як адзначыў дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельаблдарбуд» Ігар Краўчанка, у 2024 годзе старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падтрымаў ініцыятыву «Гомельаблдарбуд» па рэканструкцыі тэхналагічнай лініі № 2 драбнільна-сартавальнага комплексу друзавага завода «Глушкевічы». Праект быў уключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму Гомельскай вобласці — з абласнога бюджэту на яго рэалізацыю выдзелена 3,25 мільёна рублёў.
— У рамках рэканструкцыі заменены ключавыя кампаненты лініі. Абсталяванне для яе закуплена ў Кітаі, але канвееры вырабілі на нашым структурным падраздзяленні КУП «Гомельаблбудкамплект». Усе пытанні па павелічэнні прадукцыйнасці, замене драбільных вузлоў, размяшчэнні ланцуга канвеернага абсталявання былі прапрацаваны з улікам навуковага абгрунтавання, — зазначыў Ігар Краўчанка. — Праведзеная рэканструкцыя дазволіць нашаму прадпрыемству ўжо сёлета прырасці на 120 тысяч тон інертных матэрыялаў. Да рэканструкцыі тэхналагічная лінія № 2 дазваляла вырабляць 200 тысяч тон розных друзавых матэрыялаў за год.
Пасля правядзення рэканструкцыі яе прадукцыйнасць складзе 320 тысяч тон.
Значнасць рэканструяванай лініі і ў тым, што яна дазволіць вырабляць друз дробных фракцый, такіх як 5–10 мм, запатрабаваных у дарожным будаўніцтве.
— Гэта значна спросціць работу дарожных службаў, якія выкарыстоўваюць адзначаны матэрыял для ямачнага рамонту і павярхоўнай апрацоўкі дарожнага пакрыцця. Раней друз падобнай фракцыі мы альбо закуплялі, альбо спрабавалі вырабляць самастойна, але гэта патрабавала спынення работы лініі, разбору абсталявання і, як вынік, зніжала прадукцыйнасць вытворчасці. Праведзеная рэканструкцыя дазваляе атрымліваць гэты від прадукцыі ў пастаянным рэжыме, — дадаў Ігар Краўчанка.