Top.Mail.Ru

Дапамога роднаму лесу. Члены Савета Рэспублікі прынялі ўдзел у акцыі «Лес! Дабро! Парадак!» у Стаўбцоўскім раёне

Члены прэзідыума і работнікі Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу прынялі ўдзел сёння ў рэспубліканскай акцыі «Лес! Дабро! Парадак!», прымеркаванай да пяцігодкі якасці, у Акінчыцкім лясніцтве Стаўбцоўскага раёна, паведаміла БелТА.


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы ўпэўнены, што такая акцыя — гэта добрая ініцыятыва. «Аднаўляць і ствараць новыя прыродныя комплексы — гэта і эстэтычна, і падтрымлівае эканоміку краіны», — сказаў ён.

Міхаіл Русы таксама заявіў, што пасля прапановы кіраўніка дзяржавы дапамагчы ляснічым аднавіць лес пасля бур да гэтай ініцыятывы далучыўся ўвесь народ: «Кожная сям’я лічыла сваім абавязкам пайсці пасадзіць дрэва. І літаральна за 30 гадоў у нас стала на 40 працэнтаў больш лясістай мясцовасці. Гэта сур’ёзны падыход. Бо лес — гэта багацце, эканоміка, здароўе, чысціня паветра. Гэта трэба запомніць. І тое, што члены Савета Рэспублікі ўдзельнічаюць у пасадцы, гэта традыцыя».
«Такія традыцыі: і па пасадцы лесу, і па навядзенні парадку вакол дамоў, вакол вадаёмаў. Лес трэба берагчы, даглядаць яго і прымнажаць», — запэўніў Міхаіл Русы.

Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік нагадаў, што такія акцыі праходзяць ужо дзясяткі гадоў. «Называюцца яны па-рознаму, але асноўная іх мэта адна — паказаць наш здабытак, беражлівыя адносіны да аднаго з нашых нацыянальных багаццяў — лесу. І прыемна, што з году ў год колькасць удзельнікаў расце, — сказаў ён. — Таксама прыемна, што старт гэтай акцыі даюць вышэйшыя службовыя асобы. Затым да іх далучаюцца ўстановы адукацыі, органы ўлады, заводы, фабрыкі, а таксама ўсе міністэрствы».


«Гэтыя акцыі дапамагаюць аднаўляць лес пасля таго, як мы ўзялі рэсурс спелай драўніны, пусцілі яго ў эканоміку», — дадаў Аляксандр Кулік. Ён падкрэсліў, што трэба пакінуць нашчадкам прыгожы і вялікі лес.


Удзельнікі акцыі высадзілі 5,5 тыс. саджанцаў сасны і елкі на плошчы 2 га.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка заявіла, што сённяшняя акцыя — у духу беларусаў. «А менавіта — захаванне таго, што мы маем, прымнажэнне і перадача з пакалення ў пакаленне такіх добрых традыцый, добрых спраў. Сёння вось калектыў Савета Рэспублікі з сем’ямі, дзецьмі — садзім нашы елкі, сосны. І для дзяцей, і для нас гэта будуць добрыя ўспаміны», — сказала яна.



«Ёсць яшчэ цудоўная ідэя, каб паехаць па мясцінах, дзе мы садзілі дрэвы, і паглядзець, як яны выраслі», — дадала Наталля Паўлючэнка.


Спікер падкрэсліла, што заўсёды актыўны ўдзел у пасадцы лесу прымаюць жанчыны. «Жаночы пачатак — гэта стварэнне, новае жыццё, прадаўжэнне жыцця. Вось і тут сёння мы даём новае жыццё раслінам. Працэс пасадкі таксама ўмацоўвае калектыў, павышае камандны дух. Мы разам з тым думаем аб будучыні, аб нашай роднай Беларусі», — падзялілася Наталля Паўлючэнка.



Галоўны ляснічы Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Віктар Бабко расказаў, што на гэтым участку была праведзена высечка лесу, а сёння ўжо новыя дрэвы займаюць месцы сваіх папярэднікаў. «Сёння высаджваем сасну і елку — ствараем лясныя культуры пасадачным матэрыялам», — дадаў ён.

Па традыцыі на месцы новай пасадкі была ўстаноўлена памятная таблічка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю