Top.Mail.Ru

Дарогамі жыцця 100-гадовай ветэранкі Ядвігі Яробкінай

Ядвіга Генрыхаўна нарадзілася ў Мінску. Вайна застала яе падлеткам.



Пра пачатак вайны даведалася па дарозе ў Гомель — яна ехала з сям’ёй у грузавіку наведаць брата, які быў прызваны ў армію. Каля гучнагаварыцеля сабраўся натоўп, і нечакана перадалі экстраннае паведамленне ўрада: пачалася вайна. У тую ж ноч ужо бамбілі. А 27 чэрвеня сям’ю эвакуявалі.

Спачатку трапілі ва Украіну, а ў 1942 годзе апынуліся на Кубані, у Краснадарскім краі. Там мама, Марыя Аляксандраўна (належала да дваранскага роду), працавала настаўніцай, была завучам у школе. Менавіта там, у школе, Ядвіга Генрыхаўна даведалася пра страшную навіну: настаўніца гісторыі, якая прыехала са Сталінграда, паведаміла, што старэйшая сястра Ніна Антонаўна загінула. У Сталінградзе ёй паставілі помнік. Ніна была дачкой мамы ад першага шлюбу — усе лічылі, што яе бацька загінуў у Першую сусветную. Мама атрымала пахаванку, праз некалькі гадоў выйшла замуж у другі раз, нарадзіла сына Вячаслава і нашу гераіню Ядвігу. Аднак пасля аказалася, што першы муж Марыі Аляксандраўны жывы, вярнуўся з палону, — узгадвае перыпетыі таго жыцця суразмоўніца.


Ядвіга Генрыхаўна пайшла на фронт дабравольцам у 18 гадоў. Служыла санітаркай у ваенна-санітарным цягніку — працавала з цяжкапараненымі, выносіла іх пад бамбёжкамі. У той жа час скончыла курсы медыцынскіх сясцёр. Потым працавала аперацыйнай сястрой у шпіталі, асісціравала хірургам падчас самых цяжкіх аперацый. Яна памятае, як рабілі аперацыю пры ўнутраным кровазліцці: «Я і цяпер помню гэты момант».

Цягнік увесь час бамбілі. А пасля вайны, калі іх накіравалі вывозіць раненых, па санітарных цягніках стралялі бандэраўцы, расказвае ветэранка. «Усе выскоквалі, а я заставалася ў вагоне з цяжкапараненымі», — успамінае яна. Асабліва моцна Ядвіга Генрыхаўна перажывала гібель сястры, якая была для яе «самай любімай».


Дзень Перамогі сустрэла ў Чэхаславакіі. Іх цягнік стаяў на паўстанку. Яна была самая маладая сярод усіх. Пачалося свята: вайскоўцы танцавалі, усе радаваліся. Сяброўка прапанавала выпіць за Перамогу крыху спірту, загадаўшы не дыхаць і запіць вадой. А запіць не было чым, і Ядвіга пайшла па ваду да бачка ў канцы вагона. Вярталася ўжо моцна ап’янелай. Насустрач трапіў начальнік палітаддзела, які пашкадаваў яе: «Лялечка, дзіцятка, што здарылася?» і дапамог, - з усмешкай успамінае ветэранка былое. Так Ядвіга Генрыхаўна сустрэла Перамогу. А пасля іх цягнік накіравалі ў Харбін, дзе чакалі адпраўкі на новы фронт, але абышлося.

Пасля вайны Ядвіга Генрыхаўна працавала ў дзіцячым доме, потым вярнулася ў Беларусь. Яе працоўны шлях быў доўгім: ад медсястры ў шпіталі да інжынера-метролага на заводзе. Яна стала брыгадзірам, потым майстрам на экспартным участку. Не пакідала вучыцца: скончыла інстытут электраэнергетыкі. Была ўдастоена ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і медаля «За доблесную працу». Працавала ад цемры да цемры, каб мець аддачу. «У мяне быў адзіны ўчастак камуністычнай працы, план мы заўсёды перавыконвалі», — гаворыць яна.


Яе родныя — людзі незвычайных лёсаў. Старэйшы брат Вячаслаў Генрыхавіч Балясінскі — палітычны дзеяч, быў першым намеснікам міністра загатовак у Маскве, меў пяць ордэнаў Леніна. Другі брат, Рычард — Герой Кубані, палкоўнік Міністэрства юстыцыі. Пра іх заслугі Ядвіга Генрыхаўна даведалася не адразу, толькі калі адзін з інстытутаў зрабіў афіцыйны запыт і ўсё пацвердзіў. Расказвае яна і пра сястру Ніну — яна ўзнагароджана ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга пасмяротна.

Цяпер стагадовая ветэранка жыве адна, дадатковымі паслугамі не карыстаецца, усё робіць сама. Плануе кожны дзень. Свой сакрэт доўгажыхарства тлумачыць проста: «Я працую. І я жыла для людзей. Усе сваякі, суседзі карысталіся маёй дапамогай, я дзялілася, не шкадавала». Яна верыць у Бога, адчула сэрцам Вялікую Сілу, якая трымае яе на гэтым свеце: «Я не хлушу, не краду, не падманваю, не здраджваю. Трэба мець чыстае сумленне. Лічу, што пражыла годна жыццё».

У 2024 годзе Ядвіга Генрыхаўна стала пераможцай гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «Не старэюць душой ветэраны». Яна працягвае сустракацца са школьнікамі, перадае моладзі прыклад мужнасці і стойкасці.


***

У родным Ядвізе Яробкінай Першамайскім раёне Дзень Перамогі ў 2025 годзе сустракалі 37 ветэранаў, сёлета іх 29. Мы бачым, як імкліва сыходзіць эпоха. Сёння ў страі засталіся 12 удзельнікаў баявых дзеянняў, 11 жыхароў блакаднага Ленінграда, 5 працаўнікоў тылу і адзін інвалід вайны. Але акрамя іх памяць захоўваюць тыя, хто прыняў на сябе ўвесь цяжар наступстваў той вайны: 103 чалавекі, пацярпелыя ад дзеянняў нацыстаў, і 92 былыя вязні канцлагераў. З кожным годам мы вастрэй адчуваем адказнасць зрабіць усё, каб яны ні ў чым не мелі патрэбы, дапамагчы і, вядома, паспець перадаць памяць нашым дзецям з першых вуснаў, — расказалі ў адміністрацыі раёна.

Усяго ж у краіне пражываюць 574 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, з іх 269 — удзельнікі і інваліды вайны, 146 — працаўнікі тылу, 156 — блакаднікі Ленінграда, 3 — тыя, хто працаваў на аб’ектах супрацьпаветранай абароны. Таксама ў рэспубліцы амаль 5,5 тысячы грамадзян, пацярпелых ад наступстваў Вялікай Айчыннай вайны.

Надзея Зуева
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю