Top.Mail.Ru

Дарогу ў Беларусь пракладваюць пісьменнікі Чукоткі

Паэт, празаік, публіцыст і перакладчык Андрэй Наскоў, які пастаянна жыве і працуе ў Расіі, на Чукотцы, некаторы час гасцяваў у Беларусі. 


Пісьменнік сустрэўся з калегамі ў Мінскім гарадскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, выступіў на прэзідыуме СПБ з шэрагам творчых прапаноў па супрацоўніцтве літаратараў Беларусі і Чукоцкай аўтаномнай акругі. Таксама Андрэй Аляксандравіч правёў некалькі творчых сустрэч у розных бібліятэках Мінска, Міншчыны. Расказаў пра працу над сваімі паэтычнымі кнігамі — «Ночная радуга» (станоўчай рэцэнзіяй на зборнік у свой час адгукнуўся Булат Акуджава), «Берега моей души», «Дом окнами на Чукотку», «Стихи на краю земли» (зборнік атрымаў прэстыжную расійскую прэмію «Імперская культура»), «Свет жизни», «Загородные прогулки». Андрэй Наскоў быў першым старшынёй Чукоцкага рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі, сакратаром Саюза пісьменнікаў Расіі. Наведаў госць з Чукоткі і рэдакцыю часопіса «Новая Немига литературная», правёў перагаворы пра супрацоўніцтва. 

Дзякуючы Андрэю Аляксандравічу ў беларускіх літаратараў і кнігавыдаўцоў выбудоўваюцца сувязі з чукоцкімі пісьменнікамі. У прыватнасці, Таццяна Асадава (Тнатваль) пераклала на чукоцкую мову верш народнага паэта Беларусі Янкі Купалы «Беларускім партызанам!», які быў напісаны ў 1941 годзе. Пераклад увойдзе ў зборнік Я. Купалы «Беларускім партызанам!» на мовах народаў свету. У партфелі беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў — творы паэтаў Чукоткі, якія будуць надрукаваны на рускай і беларускай мовах.

Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю