Top.Mail.Ru
257

Намеснік Прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік правёў нараду па пытаннях аховы здароўя

Даступная медыцына — прыярытэт дзяржавы


У цэнтры ўвагі — забеспячэнне якасці і даступнасці медпаслуг і лекаў і своечасовае правядзенне вакцынацыі і дыспансерызацыі.

Уладзімір Каранік нагадаў удзельнікам нарады аб патрабаванні кіраўніка дзяржавы — забяспечыць насельніцтва якаснай і даступнай медыцынскай дапамогай.

— Гэта датычыцца як медыцынскіх паслуг, так і лекавых сродкаў. І прыватная, і дзяржаўная медыцына павінна працаваць паводле адзіных стандартаў, абсалютна празрыста, у адпаведнасці з законам, паколькі гэта — здароўе і бяспека нашых грамадзян.

Што датычыцца лекавага забеспячэння, віцэ-прэм’ер падкрэсліў: у грамадзян павінен быць выбар лекаў рознай цэнавай катэгорыі.

— Лекі айчыннай вытворчасці ўжо даказалі сваю бяспеку, эфектыўнасць і пры гэтым з’яўляюцца даступнымі для абсалютнай большасці насельніцтва. Калі хтосьці жадае (набыць. — Заўв. аўт.) прэпараты імпартнай вытворчасці, у іх таксама павінна быць такая магчымасць, але пры гэтым цана павінна быць справядлівай.

Размова таксама ішла і аб мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках сістэмы аховы здароўя: аб вакцынацыі і дыспансерызацыі.

— Вакцынацыя — найбольш эканамічны, клінічна эфектыўны спосаб прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. Дыспансерызацыя і прафілактычная медыцына — гэта найбольш эфектыўны спосаб захавання здароўя, — акцэнтаваў увагу профільны віцэ-прэм’ер.

Ён дадаў, што гэтай работай у Беларусі займаюцца ўжо даўно, але неабходна павышаць яе эфектыўнасць.

— Каб пастаўленыя мэты выконваліся і гэта мела эфект, які выяўляецца ў зніжэнні працэнтаў выхаду на інваліднасць і іншых паказчыкаў клінічнай і эканамічнай эфектыўнасці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю