Усяго пару дзён засталося да заканчэння адной з самых маштабных і відовішчных выставак года — «Мая Беларусь», якая праходзіць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. 23 лютага яна завяршае сваю работу, так што паспейце ўбачыць усё на ўласныя вочы. Перадавыя дасягненні ў галіне эканомікі, машынабудавання, дрэваапрацоўкі і іншых галін, а таксама віртуальныя падарожжы па розных беларускіх рэгіёнах, традыцыі і вобраз будучага, які можна ўбачыць ужо сёння.
Экспазіцыя падзелена на дзве асноўныя часткі — зону культурных праектаў і гістарычнай спадчыны і зону галін народнай гаспадаркі.
У цэнтральным фае гасцей сустракае незвычайная экалагічная інсталяцыя — чатыры павільёны, якія прадстаўляюць розныя поры года ў Беларусі. Увайшоўшы ўнутр, можна адчуць характэрныя водары і гукі лета, восені, зімы і вясны, убачыць, як мяняецца прырода, і якія звяры сустракаюцца ў гэтыя месяцы.
Галіновая ж экспазіцыя падзелена на восем тэматычных зон — навука і інавацыі, прагрэсіўная медыцына, спартыўны алімп, тэхналогіі бяспекі, падмурак трываласці, энергія для жыцця, рухавік эканомікі і разумнае земляробства.
У экспазіцыі «Навука і інавацыі» наведвальнікі могуць не толькі здзейсніць унікальны экскурс у глыбіні нашай гісторыі, але і ўбачыць, якіх вышынь дасягнула сучасная навука ў галіне вырошчвання штучных крышталаў, оптыцы і мікраэлектроніцы, біятэхналогіі, фармацэўтычнай галіне, касманаўтыцы.
У раздзеле «Разумнае земляробства» прадстаўлены айчынныя прадукты харчавання. Госці ўжо змаглі пакаштаваць унікальную 50-кілаграмовую галоўку сыру «Прэзідэнцкі», тварожны сырок у шакаладзе вагой 150 кілаграмаў ці ж 150-кілаграмовы батон сервелата.
Дарэчы, наведвальнікі выстаўкі могуць убачыць і тое, якіх вышынь дасягнула сельская гаспадарка Беларусі за апошнія 30 гадоў. У экспазіцыі размясцілася інсталяцыя ў выглядзе шкляных колбаў «тады» і «цяпер», дзе паказаны аб’ёмы вытворчасці ключавых прадуктаў харчавання.
Ахова здароўя нашай краіны прадстаўлена ў раздзеле «Прагрэсіўная медыцына». Тут можна з дапамогай інтэрактыўных трэнажораў убачыць, як працуе УГД, паспрабаваць запусціць сэрца з дапамогай сімулятараў сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.
У тэматычнай зоне «Тэхналогіі бяспекі» прадстаўлена ўсё, што датычыцца бяспечнай жыццядзейнасці. Тут ёсць і экспазіцыя беларускага ваенна-прамысловага комплексу з узорамі ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, якімі забяспечана айчынная армія, і экспазіцыя МУС з рознымі інтэрактыўнымі трэнажорамі і праграмна-апаратнымі комплексамі распазнання асоб. Міністэрства абароны прадаставіла магчымасць не толькі патрэніравацца на электронных трэнажорах беспілотнікаў, але і ўспомніць асновы разборкі і зборкі зброі.
У экспазіцыі «Падмурак трываласці» створаны своеасаблівы калідор часу з аўтэнтычным афармленнем, які вядзе наведвальнікаў з 1960-х гадоў да сучасных разумных дамоў і гарадскіх вуліц з рознымі лічбавымі і інтэлектуальнымі рашэннямі.
Вялікай увагай карыстаецца раздзел «Рухавік эканомікі», дзе можна ўбачыць фактычна ўвесь ланцужок вытворчасці прадукцыі — ад здабычы карысных выкапняў і іх перапрацоўкі да нараджэння высокатэхналагічных машын і іх сертыфікацыі.
Як дзейнічае Беларуская АЭС, можна азнаёміцца ў экспазіцыі «Энергія для жыцця». Таксама наведвальнікі могуць віртуальна наведаць Віцебскую ГЭС і Лукомльскую ГРЭС.
Раздзел «Спартыўны Алімп» паказвае сучасныя дасягненні беларускіх спартсменаў. Акрамя таго, для наведвальнікаў прадстаўлены шырокі спектр спартыўных і інтэрактыўных трэнажораў, на якіх можна праверыць свае спартыўныя навыкі.
А ў суседняй зале, дзе размяшчаецца тэматычная зона «Традыцыі і культурная спадчына», госці могуць не толькі азнаёміцца з культурна-гістарычнай
спадчынай усіх абласцей нашай краіны разам з Мінскам, але і ўбачыць шырокую палітру турыстычных скарбаў Беларусі.
Як даехаць да выстаўкі ў ММВЦ?
На выстаўку ходзяць аўтобусы па спецыяльных маршрутах: ад станцыі метро «Акадэмія навук» ідзе № 912э і ад станцыі метро «Пушкінская» — № 962э.
Сяргей Чычылаў, фота аўтара