Top.Mail.Ru

Дасягненні прыродаахоўнай галіны за 2024 год абмеркавалі на пасяджэнні Мінпрыроды

Вынікі і дасягненні прыродаахоўнай галіны за 2024 год абмеркавалі на пасяджэнні калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства.


Былі прадстаўлены вынікі па такіх накірунках дзейнасці Мінпрыроды, як ахова атмасфернага паветра і водных рэсурсаў, абыходжанне з адходамі, навядзенне парадку на зямлі, ахова і выкарыстанне зямель, лясоў, жывёльнага і расліннага свету. Так, індэкс якасці паветра, па даных Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя, на працягу апошніх двух гадоў застаецца стабільна добрым або задавальняючым. Паказчыкі індэкса узроўня скідаў ачышчаных сцёкавых вод таксама стабільныя.

Летась у Беларусі ўтварылася 4,2 млн т цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА; у 2023-м — 3,92 млн т), пры гэтым сабрана (нарыхтавана) 858 тыс. т другасных матэрыяльных рэсурсаў. Узровень выкарыстання ЦКА склаў 40,2 % (у 2023 годзе — 35,5 %).

Працягваецца азеляненне населеных пунктаў. Так, плошча азелянёных тэрыторый у гарадах і раённых цэнтрах павялічылася на 964,22 га. Самыя азелянёныя гарады — Віцебск (49,1 %), Брэст (45,7 %) і Магілёў (44,2 %).

Вядзецца барацьба з інвазіўнымі раслінамі. Поўнасцю знішчана 721 месца вырастання (366,0912 га) баршчэўніка Сасноўскага.

Выконваецца даручэнне Прэзідэнта па інтэнсіфікацыі мінеральна-сыравіннай базы. Адна з задач — кантроль за рэкультывацыяй ўнутрыгаспадарчых і прамысловых кар’ераў. Была праведзена работа з кадрамі і тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды, распачата ўкараненне сучасных тэхналагічных сродкаў у мерапрыемствы, накіраваныя на вызначэнне аб’ёма парушэнняў землекарыстання.

— Сёння на тэрыторыі Мінскага раёна рэалізуецца пілотны праект з выкарыстаннем GPS-прыёмнікаў, трэкераў, беспілотных лятальных апаратаў, якія могуць паказаць, ці выходзяць землекарыстальнікі за межы зямельнага ўчастка, кар’ера, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК.

Напярэдадні выніковага пасяджэння калегіі адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай Дошкі гонару Мінпрыроды і ўшанаванне найлепшых спецыялістаў сістэмы за 2024 год.

Яшчэ адна важная задача — актыўнае ўзаемадзеянне з прыродакарыстальнікамі для пазбягання неадназначнага разумення актаў заканадаўства. У якасці прыкладаў такой работы з грамадскасцю і прадстаўнікамі бізнесу кіраўнік прыродаахоўнага ведамства расказаў пра створаныя ў мінулым годзе.

Каардынацыйную раду па пытаннях аб абыходжанні з адходамі і Кансультатыўны савет па развіцці геолагаразведачнай галіны і нетракарыстання, у рамках якіх можна практычна за месяц адпрацаваць любое пытанне, падрыхтаваць гатовыя ўзгодненыя рашэнні і рэалізаваць праз прыняцце прававога дакумента.

Падчас абмеркавання былі закрануты і іншыя накірункі дзейнасці Мінпрыроды, у тым ліку міжнароднае ўзаемадзеянне, экалагічная асвета насельніцтва, асабліва маладога пакалення, падрыхтоўка кадраў для прыродаахоўнай галіны і інш. Па словах Сяргея Масляка, работа ведамства за 2024 год у цэлым задавальняючая.

Падчас мерапрыемства адбылася выстава праектаў і дасягненняў ведамстваў Мінпрыроды і яго партнёраў.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю