Top.Mail.Ru

Даведаліся, чаму і ў якіх выпадках прапаганда можа спрацаваць на карысць або, наадварот, нашкодзіць

Дзейсны інструмент у руках прафесіяналаў

Прапаганда — даволі распаўсюджаная з’ява, якую звычайна згадваюць у негатыўным сэнсе. Аднак на самай справе яна мае не толькі адмоўнае, але і станоўчае значэнне. Больш падрабязна пра гэта з пункту гледжання нейрабіялогіі мы пагаварылі з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.


— Доктар Гумен, а чалавек увогуле можа абысціся без прапаганды?

— Няма такой краіны ў свеце, якая б не выкарыстоўвала гэты інструмент у сваіх мэтах. Калі задасца пытаннем 

аб неабходнасці прапаганды, я дам станоўчы адказ. Гэта мэтанакіраванае распаўсюджванне ідэй, поглядаў, фактаў і чутак з мэтай уплыву на меркаванне і паводзіны людзей бывае розным. І неабавязкова аб’екты ўплыву павінны знаходзіцца ўнутры краіны. Сама прапаганда можа быць, напрыклад, сацыяльнай: пра шкоду і згубны ўплыў курэння на чалавека. Мае месца быць таксама рэкламная прапаганда. Дапусцім, што пасля выкарыстання шампуню гарантаваны экстра-аб’ём каля каранёў валасоў. І самае складанае — палітычная прапаганда. Калі не ўмець ёю граматна карыстацца, яна можа аказаць разбуральны ўплыў — у адным выпадку адлюстраваць з’яву ярчэй, у другім — надзвычай моцна згусціць фарбы, у трэцім — зусім паменшыць яе значнасць.

— І гэта, я думаю, камусьці можа быць выгадна...

— Безумоўна. У кожнай паспяховай фірмы ёсць канкурэнты, якія могуць перашкаджаць далейшаму развіццю кампаніі, — свае напрацоўкі такія арганізацыі дэманстраваць усяму свету надта не спяшаюцца. Некаторыя дзяржавы хаваюць ад лішніх вачэй і вушэй поспехі ў эканамічнай сферы, каб не выклікаць раздражненне, а насамрэч зарабляюць вялікія грошы і ўпэўнена развіваюцца. Пагадзіцеся, значна лягчэй збіць з ног, калі ты няўпэўнена на іх стаіш. І няпроста, калі ёсць цвёрдая глеба пад нагамі.

Дарэчы, адзін з мноства фактараў, які паўплываў на распад Савецкага Саюза, — гэта якраз таксама прапаганда, дакладней, няўмелае яе выкарыстанне.

— Якім чынам?

Калі казаць пра савецкі час, — тады ўсё вырашаў дзяржаўны план. Напрыклад, колькі неабходна вырабіць пар абутку ці нават колькі чалавек у дзень павінен з’ядаць хлеба. І гэта сістэма добра працавала два дзесяцігоддзі. Дзякуючы ёй Савецкі Саюз перамог Гітлера і адправіў Юрыя Гагарына ў космас. Праз час высветлілася, што дзяржплан на дабрабыт людзей ужо не ўплывае зусім. Калі аб яго мэтазгоднасці заходзіла гаворка, спрацоўвала больш прапаганда, чым сапраўдная карціна таго, што адбываецца.

Калі ў адпаведнасці з дзяржаўным планам было заяўлена, што прадпрыемства павінна выпускаць вялікую колькасць цвікоў, начальства выкручвалася такім чынам: выпускалі шмат, але маленькіх — для таго, каб выканаць план і атрымаць добрую прэмію. Пры гэтым простым абывацелям, якія шукалі канкрэтны тавар (напрыклад, тыя ж цвікі патрэбнага памеру), дастаць яго было даволі складана, хоць паліцы былі забітыя і ў справаздачах усё было складна. Вялікія начальнікі, якія атрымлівалі гэтыя дакументы, давалі адказ народу, што ўсё добра, — так было заяўлена на паперы, з трыбун і тэлеэкранаў. І такая няўдалая прапаганда прывяла да таго, што сістэма стала разбурацца знутры. Калі была відавочная розніца паміж заяўленым і тым, што ёсць насамрэч, у людзей гэта выклікала гнеў. 

У савецкія часы падобны сэнс перадаваў папулярны выраз «барацьба халадзільніка з тэлевізарам», які апісваў супрацьстаянне паміж рэальным узроўнем жыцця і дзяржаўнай прапагандай. І супрацьстаяць прапагандзе заходняй, якая працавала менавіта на «халадзільнік», абяцаючы людзям матэрыяльныя даброты, сістэма не здолела...

Калі Міхаіл Гарбачоў прыйшоў да ўлады, у яго былі два прыярытэты палітычнага курсу — перабудова і празрыстасць. І другі стаў вялікай памылкай, якая нарэшце прывяла да нестабільнасці і развалу краіны. Сродкі масавай інфармацыі падхапілі гэту палітыку празрыстасці, сталі шырока раскрываць хлусню, да чаго людзі аказаліся не гатовыя. 

Я не гавару, што гэтага рабіць было не трэба, але, напэўна, паступова. Наш мозг мае ўласцівасць успрымаць тое, што часта паўтараецца, за ісціну. Гэта асаблівасць лічыцца кагнітыўным скажэннем і недахопам. Як урач я ведаю, што гэта ўласціва абсалютна кожнаму чалавеку.

Такім чынам, прапаганда можа спрацаваць і на карысць, і на шкоду. Але важна, што займацца ёю павінны менавіта прафесіяналы. І калі яна патрапіць у мадэль канчатковых вынікаў дзяржавы і не будзе з’яўляцца ісцінай, гэта ў выніку прывядзе да вялікага расколу ў самой дзяржаве. І, як мы ўжо абмяркоўвалі, калі раскол ёсць, вораг уторкне туды кінжал, і нават сябар будзе назіраць збоку і паказваць пальцам.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю