Top.Mail.Ru

Даведаліся, чаму Валянцін Семяняка ўжо шмат гадоў займаецца дэпутацкай дзейнасцю і якім галоўным прынцыпам кіруецца

Служэнне людзям і вырашэнне іх праблем


У зоне адказнасці старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Валянціна Семянякі — Слонімская акруга № 58, у якую ўваходзяць Слонімскі і Зэльвенскі раёны. Мой суразмоўца падкрэслівае, што дэпутат, які прадстаўляе інтарэсы выбаршчыкаў, павінен быць блізкі да людзей, разумець іх праблемы і настрой. Гэта не толькі аснова яго дзейнасці, але і ключ да стварэння эфектыўных законаў.


Падчас сустрэч з сельскімі жыхарамі, прадстаўнікамі працоўных калектываў, кіраўнікамі, дэпутатамі і работнікамі выканаўчых камітэтаў парламентарый атрымлівае важную інфармацыю, аналізуе скрытыя трывогі і чаканні выбаршчыкаў. За мінулы год былі праведзены 19 асабістых прыёмаў і 7 прамых тэлефонных ліній, былі разгледжаны 64 звароты. Пяць з іх знаходзяцца на кантролі і патрабуюць пралангаванага рашэння. Важныя звесткі паступаюць таксама ў час удзелу ў рабоце выканкамаў, раённых і сельскіх Саветаў, сесій дэпутатаў.

— Такое цеснае ўзаемадзеянне дазваляе быць у кантакце з людзьмі, бо без гэтага немагчыма якасна займацца заканатворчай дзейнасцю. На паперы той ці іншы законапраект можа выглядаць проста выдатна, але ці будзе ён працаваць у рэальных умовах? Даведацца пра гэта можна толькі праз цесныя зносіны з выбаршчыкамі. Гэта дае магчымасць праектаваць законы, улічваючы інтарэсы грамадзян, і ўмацоўваць рэгіёны, робячы іх больш моцнымі і стабільнымі, — падкрэсліў Валянцін Міхайлавіч.

Дэпутат актыўна дапамагае жыхарам свайго рэгіёна вырашаць бытавыя і сацыяльныя пытанні. У Зэльве, дзе пераважаюць людзі старэйшага ўзросту, часта звяртаюцца за кансультацыяй па медыцынскіх пытаннях і дапамозе ў афармленні зямельных участкаў. 

Гэта адлюстроўвае спецыфіку рэгіёна, дзе кампактнае пражыванне і невялікая колькасць насельніцтва дазваляюць майму суразмоўцу надаваць больш увагі кожнаму пытанню. Ды і ў цэлым кансультатыўная дапамога не менш запатрабавана. Часам людзям проста трэба дапамагчы разабрацца ў складаных пытаннях, звязаных з заканадаўствам.


— Вядома, заўсёды на слыху пытанні, якія датычацца сферы ЖКГ і дарог. Але яны аператыўна рашаюцца. Выканаўчая ўлада заўсёды ідзе насустрач, мы працуем у цесным узаемадзеянні. Гэта частка паўсядзённай працы, — гаворыць дэпутат. — Але вось прыклады для разумення, што ніводны зварот не застаецца без увагі. Неяк атрымалася, што ў адным з населеных пунктаў пажылая жанчына ў летні час аказалася без газавага балона. А гэта можа стварыць сур’ёзныя нязручнасці. Зварот быў неадкладна разгледжаны, і жанчыне прывезлі балон у той жа дзень. Таксама добраўпарадкаванне вуліцы Пушкіна ў Зэльве можа служыць прыкладам таго, як вырашаюцца гэтыя пытанні пасля разгляду зваротаў.

На кантролі ў дэпутата застаецца пытанне паляпшэння сотавай сувязі, якое актуальна для Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў. Жыхары звяртаюцца са скаргамі на няякасную сувязь у некаторых населеных пунктах, і Валянцін Семяняка працягвае працаваць над вырашэннем гэтай праблемы.

Дэпутат не з’яўляецца канкрэтным выканаўцам запытаў, ён працуе ва ўзаемадзеянні з выканаўчымі органамі, арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі і палітычнымі партыямі, выступаючы сувязным звяном.

— Дэпутацкая дзейнасць патрабуе вялікай адказнасці і самааддачы. Гэта прызначэнне, якое патрабуе цярпення, уважлівасці і любові да сваёй справы. Я не проста выконваю абавязкі. Работа напружаная, цяжкая, якая патрабуе высокага ўзроўню прафесіяналізму, кампетэнтнасці і камунікабельнасці. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, ведаю, што ўношу ўклад у развіццё краіны, у якой жыве мая сям’я і, у цэлым, такія ж беларусы, як і я. Менавіта таму многія дэпутаты застаюцца ў гэтай сферы на доўгія гады, працягваючы служыць людзям і сваёй краіне.

Калі я спытала ў майго суразмоўцы, які працуе ў Палаце прадстаўнікоў ужо другое скліканне, а да гэтага доўгі час быў дэпутатам райсавета, ці ёсць у яго галоўны прынцып у рабоце, ён без ваганняў адказаў, што дэпутацкая дзейнасць — гэта служэнне людзям і вырашэнне іх праблем. Але якім мусіць быць добры дэпутат? Гэта чалавек, які разумее сваю долю адказнасці. Ён не павінен імкнуцца ўпрыгожыць сябе пасадай ці статусам, а, наадварот, сваімі дзеяннямі, працай і стаўленнем да жыцця ўпрыгожваць гэтую пасаду, перакананы Валянцін Семяняка.


Тым часам 

Каб адпачынак быў удалым

Дэпутаты праверылі бяспеку гарадскіх пляжаў і месцаў для купання

Падчас работы ў сваіх акругах дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі беларусь Аляксандр Вячорка і Уладзімір Калесніковіч разам з супрацоўнікамі АСВОД ацанілі сітуацыю і развіццё інфраструктуры абсталяваных месцаў для купання і зон адпачынку каля вадаёмаў ў Столінскім і Пінскім раёнах.

— Мы агледзелі найбольш папулярныя ў выбаршчыкаў пляжныя тэрыторыі, праверылі наяўнасць інфармацыйных стэндаў, выратавальных пастоў і агульную арганізацыю адпачынку ва ўзбярэжнай паласе. Сезон адпачынкаў павінен быць не толькі цёплым і камфортным, але і бяспечным для кожнага беларуса, — цытуе парламентарыяў ТГ-канал Палаты прадстаўнікоў.

Дэпутаты акцэнтавалі ўвагу: лета — перыяд часу з павышанай небяспекай у сувязі з надыходам працяглых канікул у дзяцей. Вольны час маладога пакалення патрабуе сур’ёзнай увагі і кантролю з боку дарослых. Трагедыі на вадзе адбываюцца хутка, літаральна за некалькі хвілін, таму важна не толькі маніторыць стан спраў на месцах. Самі людзі павінны памятаць пра простыя правілы бяспекі, і бацькам неабходна расказваць пра іх сваім дзецям.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю