Гомельскае прадпрыемства па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі ўзнагародзіла за плённую работу на камбайне «Палессе GS2124» 25-гадовага механізатара Івана Здаравікова з ЗАТ «Агракамбінат «Зара» Магілёўскага раёна. Ён стаў першым трохтысячнікам у раёне, паставіўшы рэкорд на гомельскай тэхніцы.
Хлопец працуе на камбайне ў адзіночку. Новы, зручны, разумны — так ён характарызуе сваю тэхніку. Сёлетняй вясной ён разам з інжынерам ездзіў атрымліваць камбайны на «Гомсельмаш». Ад Гомеля да Рэчак — цэнтральнай сядзібы гаспадаркі — ехаў менавіта на гэтай машыне. «Так правяраецца надзейнасць тэхнікі, — усміхаецца ён. — Камбайн адразу ж спадабаўся, да месца прызначэння даехаў без праблем. Якраз быў час ацаніць усе тыя перавагі, якія з’явіліся ў гэтай тэхнікі. Усё зроблена для таго, каб механізатар засяроджваўся толькі на рабоце і нічога не адцягвала яго ўвагі. Вельмі зручна і камфортна. Тут і клімат-кантроль, і бартавы камп’ютар. На машыну ўстанавілі аўтапілот, што спрыяе больш эфектыўнай рабоце. Застаецца толькі сачыць за працэсам і, калі трэба, карэкціраваць.
Суразмоўнік прызнаецца, што сёлетняе жніво для яго вельмі спрыяльнае. Таму і намалот вышэйшы. Спадзяецца паставіць яшчэ адзін рэкорд. Матацыкл ужо ёсць, але засталася мара атрымаць ключы ад машыны з рук Прэзідэнта. Дзеля гэтага Іван гатовы ўзмоцнена працаваць.
— Вы такі ўпарты ва ўсім? — цікаўлюся ў суразмоўніка.
— Так. Павінна быць мэта, каб з’явіўся азарт, жаданне выпрабаваць сябе. Матацыкл мяне натхніў, ёсць імкненне падняцца на вышэйшую прыступку.

Любоў да сельскай гаспадаркі ў Івана патомнае. Яго бацька таксама механізатар, маці працавала на ферме. Пасля школы малады хлопец адправіўся вучыцца ў Оршу на механіка. Мае ўсе катэгорыі вадзіцельскіх правоў. На матацыкле, напрыклад, навучыўся ездзіць у 15 гадоў. Таму, калі яму ўручылі падарунак за рэкорд на жніве, змог адразу ж прадэманстраваць сваё ўменне язды на ім. Матацыкл маркі Мінск D4 упрыгожаны надпісамі «У падзяку за працу», «Гомсельмаш» — адразу бачна, што яго кіроўца чалавек працавіты. Іван збіраецца ездзіць на ім ад дому да работы. У гаспадарцы ён першы год, а ўжо атрымаў аднапакаёвую арэндную кватэру. Цяпер вось абзавёўся матацыклам. Адным словам, зайздросны жаніх. Дзяўчаты, карыстайцеся момантам, сэрца маладога чалавека пакуль свабоднае.
У гаспадарцы вельмі высока ацэньваюць працаздольнасць Івана Здаравікова і ствараюць усе ўмовы для яго плённай працы. Кіраўнік гаспадаркі Кацярына Зароўская адзначае, што падарунак стаў вынікам зладжанай дзейнасці ўсяго калектыву і ўпартасці самога Івана, які ў полі з самай раніцы да позняга вечара.
А ўраджай у гаспадарцы сёлета і сапраўды радуе. Пшаніца ўрадзіла 70 цэнтнераў з гектара, азімы ячмень — 78 цэнтнераў. Паралельна з уборкай тут ідзе нарыхтоўка кармоў трэцяга ўкосу, уборка саломы, сяўба азімых.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby