Спакой на граніцы — мір у краіне
Ахова дзяржаўнай граніцы і захаванне пагранічнага рэжыму — найважнейшыя складнікі нацыянальнай бяспекі, а пытанні парадку знаходжання ў пагранічнай зоне штогод уваходзяць у топ зваротаў грамадзян у профільныя ведамствы. Дакладнае рэгуляванне правілаў знаходжання ў прыграніччы мае прынцыповае значэнне не толькі для забеспячэння бяспекі і суверэнітэту краіны, але і для развіцця турыстычнага патэнцыялу прыгранічных рэгіёнаў, гаспадарчай дзейнасці мясцовых жыхароў і прадухілення магчымых парушэнняў заканадаўства. Напярэдадні Дня пагранічніка, які штогод у нашай краіне адзначаецца 28 мая, у прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася канферэнцыя «Cпакой на граніцы — мір у краіне: правілы знаходжання ў пагранічнай зоне і падрыхтоўка прафесійных кадраў».

Максімальна спрасціць
Як адзначыў намеснік начальніка 3-га галоўнага ўпраўлення Дзяржпагранкамітэта Мікалай БАРЭЙКА, абстаноўка вакол нашай краіны дынамічна развіваецца. Гэта датычыцца і дзяржграніцы:
— Ідзе пастаяннае развіццё органаў пагранічнай службы, развіваецца пагранічная інфраструктура, узводзяцца інжынерныя збудаванні і загароды, адкрываюцца новыя падраздзяленні, прымаюцца новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі.
На думку спецыяліста, сітуацыя, якая складваецца, патрабуе як новых падыходаў да аховы дзяржаўных граніц і ажыццяўлення пагранічнага кантролю, так і да карэкціроўкі заканадаўства ў гэтай сферы. Мікалай Барэйка дэталёва спыніўся на тых зменах, якія ўступяць у сілу з 6 жніўня 2026 года і датычацца дзейнасці органаў пагранічнай службы і пагранічнага рэжыму. Ён падкрэсліў, што мэта заканадаўчых змяненняў — максімальна спрасціць парадак і правілы знаходжання грамадзян у пагранічнай зоне.

Перш за ўсё быў пашыраны пералік дакументаў, якія даюць права беларусам знаходзіцца ў пагранічнай зоне.
— Цяпер можна прад’явіць пенсіённае пасведчанне, пасведчанне інваліда, студэнцкі білет і білет навучэнца, — канкрэтызаваў Мікалай Барэйка.
Акрамя таго, падлічана, што паблізу дзяржграніцы размешчана каля 1,5 тысячы жылых будынкаў — катэджы, дачы. Са жніўня асобам, якія валодаюць імі, але пражываюць за межамі пагранічнай паласы, не трэба будзе кожны раз выпісваць пропуск. Касіры і сістэмы продажу білетаў на аўтобусы ці маршруткі, якія рухаюцца ў населеныя пункты ў пагранічнай зоне, больш не абавязаны правяраць у пасажыраў наяўнасць пропускаў. Таксама для працы або адпачынку на ўнутраных вадаёмах (рэках і азёрах), якія знаходзяцца ў пагранічнай зоне, аб’ектам гаспадарання не трэба будзе атрымліваць дазвол пагранічнікаў. Змены закрануць і аўтамабілістаў, якія вырашаць пакінуць сваю машыну ў пагранічнай паласе без нагляду. Вартавыя граніц маюць права заблакаваць колы, калі аператыўна не знойдуць ўладальніка аўто. Гэта робіцца ў першую чаргу для нацыянальнай бяспекі і бяспекі грамадзян.


— Акрамя змяненняў у заканадаўстве аб дзяржаўнай граніцы, пэўныя змены ўнесены і ў Закон «Аб органах пагранічнай службы». У рамках барацьбы са злачыннасцю, спынення ўвозу на тэрыторыю краіны наркатычных сродкаў, зброі, боепрыпасаў, сродкаў тэрору нашы супрацоўнікі атрымліваюць права праводзіць на прыгранічнай тэрыторыі асабісты дагляд грамадзян і рэчаў, якія знаходзяцца пры іх, а таксама транспартных сродкаў, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў. Гэта не новая працэдура, яна ўдакладненая. Напрыклад, у пунктах пропуску такія мерапрыемствы мы праводзім ужо больш чым восем гадоў. Правяраць транспартныя сродкі мы маглі і раней, але толькі ў выпадках, калі паступала інфармацыя ад органаў, напрыклад, унутраных спраў, альбо мы спынялі здзяйсненне якіх-небудзь правапарушэнняў, — падкрэсліў Мікалай Барэйка, дадаўшы, што ў Беларусі штогод зніжаецца колькасць парушэнняў правілаў знаходжання ў пагранічнай зоне.
«Службу нясуць нароўні з мужчынамі»
Напярэдадні Дня пагранічніка пагаварылі таксама аб падрыхтоўцы кадраў. Намеснік начальніка 1-га галоўнага ўпраўлення Дзяржпагранкамітэта Уладзімір МЕЛЬНІЧЭНКА расказаў, якімі якасцямі павінен валодаць афіцэр. Паводле яго слоў, становішча на дзяржаўнай граніцы дынамічна змяняецца. Яно заўсёды рознае, а таму патрабуе ад вартавых парадку пэўнай рашучасці, псіхалагічнай устойлівасці, пільнасці, добрай фізічнай падрыхтоўкі. Гэтаму ўсяму навучаюць нашы профільныя ВНУ, асноўным з якіх з’яўляецца Інстытут пагранічнай службы. Акрамя таго, час дыктуе пэўныя ўмовы для падрыхтоўкі кадраў, таму цяпер актыўна навучаюць спецыялістаў па кіраванні БЛА, сапёраў і кінолагаў.

Асобна спецыяліст спыніўся на падрыхтоўцы афіцэрскіх кадраў. Акрамя Інстытута пагранічнай службы, падрыхтоўка афіцэраў ажыццяўляецца ў 10 ВНУ Беларусі і ў 5 ВНУ Расіі па 35 спецыяльнасцях. Ён падкрэсліў, што асноўны ўпор пры падрыхтоўцы кадраў робіцца на фізічную, агнявую і тактычную падрыхтоўку з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў.
На пытанне карэспандэнта «Звязды» пра асаблівасці паступлення дзяўчат у Інстытут пагранічнай службы Уладзімір Мельнічэнка адказаў:
— Гэта асноўная наша ўстанова адукацыі, у якой рыхтуюць афіцэрскія кадры. Безумоўна, таксама дзяўчат мы прымаем для праходжання службы па кантракце.
У асноўным службу яны нясуць у аддзяленнях пагранічнага кантролю нароўні з мужчынамі, прычым вельмі прафесійна і якасна.

Само навучанне ў Інстытуце пагранічнай службы праходзіць на працягу 4 гадоў па 4 спецыяльнасцях: «Пагранічная служба», «Пагранічны кантроль», «Аператыўная дзейнасць» і «Ідэалагічная работа». Дзяўчат набіраюць на спецыяльнасці «Пагранічны кантроль» і «Ідэалагічная работа».
Асноўныя патрабаванні — узрост ад 18 да 25 гадоў, добрая фізічная падрыхтоўка і стан здароўя, а таксама прафесійны псіхалагічны адбор, у рамках якога правяраецца гатоўнасць будучага пагранічніка да выканання задач, звязаных з аховай дзяржаўнай граніцы.
Конкурс сярод дзяўчат досыць высокі, бо іх набор адносна юнакоў штогод невялікі. Прахадны бал пры паступленні для дзяўчат складае прыкладна ад 320 балаў, для юнакоў — ад 250.

— Але з году ў год лічбы розныя, таму, напэўна, цяпер пра гэта казаць заўчасна, — звярнуў увагу Уладзімір Мельнічэнка. — Для паступлення здаюць беларускую або рускую мову на выбар, а таксама матэматыку і англійскую мову. Істотных адрозненняў у навучанні ў дзяўчат і юнакоў няма. Зразумела, існуе пэўная розніца ў нарматывах па фізічнай падрыхтоўцы. Усе астатнія прадметы падрыхтоўкі ва ўсіх аднолькавыя, патрабаванні ў выкладчыкаў таксама. Усе аб’екты матэрыяльнай базы, усе наяўныя сродкі, якія дазваляюць узброіць ведамі і навыкамі, аднолькава прымяняюцца, выкарыстоўваюцца як юнакамі, так і дзяўчатамі ў працэсе навучання.
Уладзімір Мельнічэнка таксама павіншаваў калег і ветэранаў пагранічнага ведамства з надыходзячым прафесійным святам.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ