Top.Mail.Ru

Даведаліся пра закуліссе Гродзенскага заапарка ў дзень яго нараджэння!

Абдымаюцца з ваўкамі і ратуюць жывёл

У заапарку склалася даўняя традыцыя — адзначаць дзень нараджэння і арганізоўваць для гасцей свята. У сваё 99-е свята, вядома, паклікалі ўсіх да сябе! Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» адправілася на ўрачыстасць, а пасля зазірнула туды, куды наведвальнікаў пускаюць вельмі рэдка.

Усё на свята!

Мерапрыемства стартавала на пляцоўцы каля павільёна «Акварыум», дзе святочны настрой задаў яркі выступ юных артыстаў з дзіцячай харэаграфічнай студыі «Белыя расінкі». Адразу пасля афіцыйнага адкрыцця гасцей запрасілі на пазнавальную аглядную экскурсію «Дзецям пра звяроў», падчас якой экскурсаводы падзяліліся цікавымі фактамі з жыцця мясцовых насельнікаў.


Падрыхтавалі пляцоўкі, дзе можна было памаляваць, пагуляць са слаймамі, пазнаёміцца ​​з марскімі свінкамі і пацукамі. Таксама наведвальнікі назіралі за захапляльнымі паказальнымі кармленнямі леапарда, гіен, прыматаў і насух. Самым кранальным і запамінальным сюрпрызам дня стала афіцыйнае наваселле ваўчанят Чука і Гека, якія пераехалі ў свой новы вальер. 

У другой палове дня юных гасцей забаўлялі аніматары ў рамках інтэрактыўнай праграмы «Супергероі ў заапарку». Усяго на тэрыторыі працавала сем тэматычных інтэрактыўных зон. 

Па звярыных слядах

Як расказала культарганізатар Вольга Макарава, у заапарку імкнуцца заўсёды прыдумаць нешта цікавае не толькі ў святочныя дні, але і ў звычайныя выхадныя, каб захапіць гасцей. Экскурсіі з захапленнем слухаюць і дзеці, і дарослыя. А пасля асноўнага свята ў мяне была магчымасць распытаць падрабязней аб жыцці заапарка і зазірнуць за кулісы.

Правадніком у дзіўны свет жывёл стала метадыст — куратар калекцыі жывёл Гродзенскага заапарка Дзіяна Юрчык. Менавіта яна запускала ваўчанят у новую вальеру. Я з вялікім здзіўленнем назірала, як яна гуляе і абдымаецца з ваўкамі. Яшчэ тады хацела спытаць, ці не страшна.


— Не, мне абсалютна не страшна, яны як дзеці мне. Да гэтага ў заапарку жылі два ваўкі, але яны былі вельмі пажылымі, і было прынята рашэнне прывезці маладых ваўчанят. Я за імі паехала, прывезла і стала адказнай за малых. Карміла, гадавала і вельмі люблю! Я ў прынцыпе ў захапленні ад сваёй працы і лічу, што мне вельмі павезла.

Але Дзіяна не адразу прыйшла да гэтай працы. У яе ёсць іншая прафесія, яна адвучылася па спецыяльнасці «Швачка. Цырульнік». Дзяўчына кажа, што і гэтая праца ёй падабалася, але душой адчувала, што яна не на сваім месцы. Мая суразмоўніца заўсёды любіла прыроду і жывёл, таму паступіла ў Купалаўскі ўніверсітэт на факультэт біялогіі і экалогіі. Будучы студэнткай, шмат працавала ў заапарку як валанцёр. А калі даведалася, што яны шукаюць супрацоўнікаў, адразу ж пайшла на сумоўе.


— Я на працы бываю часцей, чым дома, таму што толькі варта выйсці за тэрыторыю заапарка, я ўжо сумую. Я пачынала працаваць як экскурсавод, таму ведаю тут усё ад і да. Кожны сезон у заапарку цікавы па-свойму. Цяпер мы рыхтуемся да восені. У жывёл і птушак мяняецца рацыён. Пакуль усе яшчэ жывуць на вуліцы, надвор’е выдалася выдатнае, але потым усе цеплалюбівыя жывёлы будуць жыць у ацяпляльных памяшканнях. Некаторых звяроў, калі няма моцнага марозу, выпускаем. Буйныя каты любяць снег! Мы лепім для іх снегавікоў, і яны з вялікім задавальненнем гуляюць з імі.

За супрацоўнікаў перажываць не варта, снегавікоў лепяць, пакуль звяры ў памяшканні. І наогул чалавек і драпежнік дзякуючы спецыяльнай сістэме не перасякаюцца.

Адкуль звер?

Большасць насельнікаў заапарка набыты ў іншых заапарках, але супрацоўнікі ніколі не адмаўляюць у дапамозе жывёлам. Напрыклад, амаль усе совы — выратаванышы, ды і ў прынцыпе шмат птушак. А гэтым летам выратавалі касулёнка, які паступіў у заапарк у цяжкім стане. Пры паступленні ў заапарк у яго выявілі крытычнае знясіленне, дыстрафію і клешчавую інвазію — знялі больш за сто кляшчоў. З-за атрафіі цягліц яго канечнасці былі настолькі худымі і тонкімі, што нагадвалі пруты. Менавіта таму малы атрымаў мянушку Пруцік.


Ветэрынары заапарка штодзень кантралявалі стан касулёнка. Для яго распрацавалі індывідуальны план рэабілітацыі, які ўключае курс вітамінаў, амінакіслот і мінералаў. Дзякуючы намаганням спецыялістаў, Пруцік зараз упэўнена стаіць на нагах, праяўляе добры апетыт і актыўна расце. Рэабілітацыя яшчэ працягваецца, але, як адзначаюць супрацоўнікі заапарка, малы ўжо дэманструе характар ​​сапраўднага байца.

Рады малым!

У гэтым годзе ў заапарку нарадзілася шмат новых насельнікаў. Гэта заўсёды вялікае свята не толькі для супрацоўнікаў, а ўвогуле для ўсяго горада. На малых прыходзяць паглядзець, цікавяцца іх самаадчуваннем і бясконца замілоўваюцца. Дзіяна расказала, што сёлета ў Гродзенскім заапарку адбылася знамянальная падзея: у пары палярных соў, Нэйсана і Буклі, упершыню з’явілася патомства. Гэтыя птушкі пачалі жыць разам з 2022 года, і толькі ў 2026 годзе ў іх нарэшце паявілася птушаня. Совы адклалі тры яйкі, але выжыла толькі адно. Цяпер гэтага савяня можна ўбачыць у заапарку. Ён прыкметна падрос і амаль дасягнуў памераў бацькоў, хоць яго апярэнне пакуль не такое белае, як у дарослых асобін. 


— У кітайскіх мунтжакоў Алежкі і Волечкі нарадзіўся малы, яе назвалі Эля. У гэтым годзе ў якаў адбылася дзіўная падзея: адразу дзве самкі прынеслі патомства. Маладая самка па імені Зорачка нарадзіла другі раз. Яе нованароджаная дачка атрымала імя Беласнежка, якое адпавядае яе беласнежнай афарбоўцы. Другая самка, Жэя, стала мамай у маі. Малую назвалі Ярай — гэтае імя выбралі падпісчыкі заапарка. Бліжэй да лета ў дагестанскіх тураў нарадзіўся малыш. У канцы студзеня ў зебу Зёмушкі нарадзілася маленькая самачка, якую назвалі Забава. Альпакі і дзікабразы сталі бацькамі. У гэтым годзе ў нас было шмат падстаў для радасці. Кожнае малое — гэта вялікае свята!

У госці да змеяў і тараканаў

Дзіяна любіць абсалютна ўсіх жывых істот, але яе вялікі запал — насякомыя, таму дзяўчына асабліва захоплена расказвала пра іх. Інсектарый у Гродзенскім заапарку з’явіўся зусім нядаўна, летась у лістападзе. Гэта стала вялікай падзеяй. Аддзел вельмі цікавы і змяшчае дзіўных жыхароў. Дзіяна наогул без якога-небудзь страху брала насякомых на рукі і з захапленнем расказвала пра іх. На павукоў, праўда, глядзелі збоку. І справа нават не ў тым, што ўкус балючы, аказваецца, валасінкі на брушку вельмі калючыя, калі павук іх страсе на скуру, будзе вельмі непрыемна, як ад шклаваты.


— А вось у гэтых маленькіх скрынках скарпіёны. Мой гонар! Я іх вось з гэтых крошак у вялікіх гадую. А ў гэтым у мяне яйкі палачнікаў. Яны ў кожнага віду розыня. Чакаю, пакуль вылупяцца малыя.

Я ўважліва ўгледзелася ў змесціва кантэйнера са скарпіёнам, ледзь разглядзела, ён пакуль памерам з пазногаць мезенца. Тут гіганцкія конікі, жукі і велізарныя тараканы, мне асабліва спадабаліся тыя, што пішчалі. Далей мы адправіліся ў госці да яшчарак і змеяў. Разгледзелі прыгажосць і замілаваліся тварам наведвальнікаў, якія разглядалі насельнікаў. Не ўсе тэрарыўмы мы адкрылі, ёсць жыхары, якія гэтага не любяць. Я хадзіла і дзівілася, як Дзіяна гэта ўсё памятае. А потым сама адказала на сваё пытанне: калі чалавек любіць сваю працу, усё ў яго ідзе як трэба!





Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

фота аўтара і з архіва Дзіяны Юрчык

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю