14 жніўня праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Мядовы Спас — свята, якое цесна звязала рэлігійныя традыцыі і народны каляндар пчалярства. Менавіта да гэтай даты пчаляры пачынаюць пампаваць мёд новага ўраджаю, які ўбірае ў сябе ўсю сілу адыходзячага лета. У гэтага дня ёсць пэўныя рытуалы, прыметы і традыцыі. І калі наконт іх можна дыскутаваць, то карысць мёду складана аспрэчваць. Пагаварылі з адзіным на прасторах СНД мядовым самелье, членам міжнароднага Рэестра экспертаў сэнсарнага аналізу мёду Вольгай ГАЎРЫЛІК аб сучаснай вытворчасці і аб тым, як абраць менавіта той самы якасны мёд.
«Пчалярства зашыта ў маё ДНК»
Ужо больш за 15 гадоў жыццё гэтай жанчыны ў прамым сэнсе салодкае. Разам з мужам яны адкрылі сямейную кампанію, якая базіруецца ў Гродзенскім раёне і спецыялізуецца на выпуску натуральных дэсертаў і карысных прадуктаў на аснове мёду.
— У 2011 годзе мне захацелася адкрыць сваю справу, і я стала актыўна вывучаць рынак у пошуках незанятай нішы. Убачыла попыт на экалагічныя натуральныя прадукты. А я вырасла побач з пчоламі. Мой дзядуля і бацька займаліся мёдам, нядаўна даведалася, што і прадзядуля. Я заўсёды ў інтэрв’ю кажу, што пчалярства зашыта ў маё ДНК. З мужам набылі пчальнік, недабудаваную вытворчасць. Ва ўсім разбіраліся з нуля, бо нам не было ў каго папрасіць парады. На першапачатковым этапе яшчэ да канца не разумелі, як правільна пакаваць мёд, рэалізоўваць яго. Таму часта ездзілі на розныя выстаўкі, канферэнцыі, чыталі шмат літаратуры. Паступова ва ўсё паглыбіліся і з вялікім задавальненнем працуем.

У ходзе інтэрв’ю Вольга мяне папраўляе і ўдакладняе, што вытворчасцю мёду займаецца пчала — ад пачатку і да канца. А чалавек — адбірае мёд, і гэта прафесійны тэрмін.
Ну а паколькі асноўныя работнікі — пчолкі, людзей на прадпрыемстве задзейнічана няшмат — каля 10. І гэтага цалкам хапае, бо многія працэсы аўтаматызаваныя. У прыватнасці, ёсць спецыяльны міксер, які на працягу трох сутак узбівае мёд да стану суфле. Такі прадукт не крышталізуецца, і з ім добра спалучаюцца розныя дабаўкі: ягады, спецыі, шакалад. Уся гэта разнастайнасць накіравана на папулярызацыю натуральнага беларускага мёду і дапамагае раскрыць яго смак для тых, хто не вельмі любіць гэты прадукт.
Па шляху пчалы
Вольга — чалавек цікаўны. Аднойчы ў інтэрнэце знайшла аб’яву аб наборы ў Школу сэнсарнага аналізу мёду, і гэта адразу яе зацікавіла. Для ўдзелу патрабавалася адправіцца ў Італію, навучанне праходзіла на англійскай мове, а выпускныя іспыты прымаліся выключна на італьянскай. Звычайна Вольгу называюць самелье, але правільна яе прафесія гучыць так: «сертыфікаваны эксперт па сэнсарным аналізе мёду».
Цяпер пчальнік на тэрыторыі сямейнай кампаніі носіць эксперыментальны характар, а сыравіна для фасоўкі закупляецца.

Больш за тое — у лістападзе 2025 года Вольга паступіла ў аспірантуру ў Інстытут мяса-малочнай прамысловасці. Яна вывучае, як узаемадзейнічаюць прадукты пчалярства з малочнай прадукцыяй. Паралельна стварае эталонную мядовую базу манафлорных відаў. Гэтым Вольга пачала займацца шэсць гадоў таму. Яна збірае ўзоры з усёй краіны, а таксама з’яўляецца ініцыятарам рэспубліканскага конкурсу мёду, які будзе праходзіць сёлета ў лістападзе ўжо трэці раз. Да таго ж яна распавядае аб пчолах і адборы мёду падчас экскурсіі «Шлях пчалы».
Як правільна абраць
Сама Вольга можа беспамылкова вызначыць, добры мёд ці не. І дае карысныя парады, якія дапамогуць сарыентавацца тым, хто не з’яўляецца экспертам у гэтай сферы:
— Набывайце мёд у афіцыйных гандлёвых кропках ці ў правераных пчаляроў. Перад купляй уважліва вывучыце этыкетку. У супермаркеце арыентуйцеся на вонкавы выгляд. Кансістэнцыя мёду павінна быць аднастайнай, без расслаенняў, а колер — раўнамерным. Крышталізацыя — нармальная з’ява. Да яе не схільныя толькі вельмі рэдкія віды мёду, напрыклад, верасовы і акацыевы.
Што датычыцца падкорму пчол цукровым сіропам, у пчалярстве гэта нармальная практыка, сцвярджае спецыяліст:
— Увосень гэта дапамагае папоўніць запасы корму на зіму і захаваць здароўе пчаліных сем’яў. А ўвесну пчолы збіраюць нектар з кветак, і мёд ужо не ўтрымлівае сіропу.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва Вольгі ГАЎРЫЛІК