Установа функцыянуе з 1988 года. Яе мэта — мяняць стаўленне грамадства да людзей з інваліднасцю не словамі, а справамі. Супрацоўнікі імкнуцца рабіць жыццё ў пансіянаце па-хатняму цёплым, насычаным на падзеі. А кожны, хто пражывае тут, — не падапечны, а паўнапраўны ўдзельнік вялікага і дружнага калектыву. І штогод яго папаўняюць маладыя кадры:
— Мы падаём адпаведныя заяўкі ў розныя ўстановы адукацыі, — расказвае дырэктар пансіяната «Крыніца» Наталля ЗЫЧКОВА. — Такім чынам да нас прыходзяць спецыялісты па сацыяльнай рабоце, урачы і медыцынскія работнікі, інжынеры — у залежнасці ад патрэб установы. Гонар бярэ, калі назіраеш, як з часам гэтыя маладыя людзі становяцца больш упэўненымі ў сабе, растуць у прафесійным і асобасным планах.
Некаторыя з іх спачатку прыходзяць у пансіянат на практыку. Будучыя медсёстры і медбраты на месяц становяцца санітаркамі і санітарамі, а пасля частка з іх вяртаецца сюды ўжо ў якасці дыпламаваных спецыялістаў. Яны дапамагаюць даглядаць пастаяльцаў, кормяць, суправаджаюць, выконваюць гігіенічныя працэдуры. Потым, ужо знаёмыя са спецыфікай работы, будучымі калегамі і пацыентамі, лёгка ўліваюцца ў новы калектыў.
Сёлета ва ўстанову прыйшло па размеркаванні чатыры медсястры. Адна з новенькіх, Алена Рамановіч, расказвае, што сама выбрала «Крыніцу» месцам сваёй адпрацоўкі пасля Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа:
— Мне падабаецца працаваць з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Людзі — розныя, іх гісторыі — розныя. Але ёсць галоўнае — ты ім патрэбен. Да таго ж калектыў добры: калегі заўсёды дапамогуць, ніхто не пакіне без падтрымкі, — тлумачыць дзяўчына.
Першы дзень, прызнаецца яна, быў злёгку хвалюючым. Медсясцёр прадставілі калектыву, паказалі пасты, пазнаёмілі з тымі, хто пражывае. І прыставілі настаўніц, гатовых адказаць на ўсе пытанні, падказаць, паправіць і падзяліцца досведам:
— Можна спытаць у любы час, — усміхаецца Алена. — Калі нешта не зразумела, проста тэлефануеш: «А так можна?» — і заўсёды атрымліваеш адказ.
Дзяўчына робіць перавязкі, раздае лекі, сочыць за станам пацыентаў: «Часам лягчэй запаўняць дакументы, часам — папрацаваць з людзьмі. Усё залежыць ад дня і кантынгенту».
Працоўныя будні ў кожнага свае. У абавязкі фельчара, напрыклад, уваходзіць прыём і агляд тых, хто толькі паступіў, выдача накіраванняў на медагляды, планаванне кансультацый, кантроль санітарных працэдур. Ксенія Лючак на гэтай пасадзе тут ужо год — трапіла ў «Крыніцу» па размеркаванні пасля таго ж медкаледжа:
— Хоць абавязкі і тлумачылі паступова, спачатку здалося, што іх занадта шмат. Але потым я прывыкла, — успамінае Ксенія. — Цяпер ужо цяжкасцяў асаблівых няма, толькі дакументацыі бывае шмат. Яшчэ хацелася б больш новае абсталяванне, напрыклад ЭКГ-апарат, але ў цэлым умовы добрыя.
Ксенія, як і Алена, здымае жыллё сама, але прыезджым па жаданні даецца інтэрнат. Па словах Наталлі Зычковай, і іншыя льготы, прадугледжаныя дзяржавай, у тым ліку надбаўкі да зарплаты, пад’ёмныя, выплачваюцца ў поўным аб’ёме.
За апошнія пяць гадоў, як адзначыла дырэктар, маладыя спецыялісты сыходзілі пасля абавязковай адпрацоўкі толькі ў тым выпадку, калі пераязджалі або жаніліся. Большасць застаецца — заработная плата годная. Акрамя таго, разам з працаўладкаваннем маладыя спецыялісты ўступаюць у прафсаюзную арганізацыю ўстановы, дзе таксама прадугледжана мноства льгот і мер падтрымкі.
Але варта мець на ўвазе: праца ў пансіянаце патрабуе не толькі прафесійных ведаў, але і асаблівых рыс характару і якасцяў.
— Мы стараемся прывіць моладзі дабрыню і любоў да людзей з першага працоўнага дня. Неабходны таксама прыстойнасць, павага і, безумоўна, адказнасць, — распавядае Наталля Зычкова. — Дарэчы, маладыя, як правіла, больш крэатыўныя, у іх сучасны погляд на многія рэчы. Таму старэйшае пакаленне дзеліцца досведам і навучае маладых, а тыя ўносяць свежыя ідэі, прапаноўваюць нестандартныя рашэнні, прыўносяць новае ў звыклыя працэсы. Маладыя спецыялісты зусім нядаўна скончылі навучанне, а значыць, маюць больш актуальныя веды. Для дасведчаных супрацоўнікаў гэта таксама каштоўна.
Урокі клопату
У пансіянаце «Крыніца» вераць: чым раней маладыя людзі навучацца дапамагаць і клапаціцца пра іншых, тым больш прыстойнымі і добрымі
яны будуць. Таму тут склалася яшчэ адна цікавая традыцыя — прыцягваць да работы школьнікаў 15–17 гадоў. У гэтым годзе ў рамках праекта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны «Час добрых спраў» у пансіянат прыйшлі 15 навучэнцаў. Хлопцы і дзяўчаты дапамагаюць прыбіраць памяшканні, даглядаць кветнікі, праполваць траву — наводзяць парадак на тэрыторыі. Акрамя таго, зносіны са школьнікамі для пастаяльцаў пансіяната становяцца крыніцай энергіі, нагодай згадаць уласную маладосць. «Шмат дапамогі не бывае. Як клопату і ўвагі», — адзначае дырэктар установы.
Аміна НАЗАРАВА
У тэму
75 тысяч маладых людзей у Беларусі знайшлі сваё першае месца работы ў 2025 годзе
Як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльная абароны, за сем месяцаў гэтага года
75 тысяч маладых беларусаў працаўладкаваліся на сваё першае рабочае месца. Сярод іх больш за 30 тысяч студэнтаў і школьнікаў, якія атрымалі часовую занятасць пры садзейнічанні службы занятасці. Больш за 500 навучэнцаў паспрабавалі сябе ў сацыяльна значных работах праз праект «Час добрых спраў» (праца ў сацыяльных пансіянатах і ТЦСАН).
Служба занятасці кампенсуе наймальнікам выдаткі на мінімальную заработную плату і ўзносы пачаткоўцаў (да шасці месяцаў). Арганізуюцца маштабныя кірмашы вакансій. Сёлета ў іх удзельнічала больш за 50 тысяч чалавек, кожны трэці знайшоў работу.
Усяго ў краіне працуе больш за 720 тысяч прадстаўнікоў моладзі.