Top.Mail.Ru

Даведаліся, у чым сакрэт прадукцыі «Гомельдрэў», уганараванай Знакам якасці

Кантроль, безадходнасць, энергаэфектыўнасць

Поўны цыкл, безадходная вытворчасць і шматступеньчаты кантроль: прадпрыемства «Гомельдрэў» на прыкладзе сваёй вытворчасці паказвае, як выконваецца ўказ Прэзідэнта аб пяцігодцы якасці.

У пачатку гэтага года Беларусь узяла новы курс. Перыяд з 2025 па 2029 год аб’яўлены пяцігодкай якасці — дакладны арыенцір для ўсёй краіны: тавары і паслугі павінны стаць лепшымі, а разам з імі — і ўзровень жыцця людзей. Сімвалам пачатку гэтага маштабнага для краіны шляху стаў абноўлены Дзяржаўны знак якасці, які ўжо атрымалі першыя лаўрэаты. У гэтым ганаровым спісе найлепшых беларускіх тавараў, якія адпавядаюць найвышэйшым стандартам і азначаны Дзяржаўным знакам якасці, — ламінат VІVAFLOOR прадпрыемства «Гомельдрэў». Для калектыву завода такое прызнанне на самым высокім узроўні — арыенцір для далейшага развіцця ў сваёй прафесіі.

Ад савецкай традыцыі да сучаснага падыходу

З савецкіх часоў Знак якасці прыраўноўваўся да знака даверу. Гэты значок на ўпакоўцы ці самім вырабе быў для пакупніка гарантыяй, што прадукт зроблены сумленна. Так, яшчэ ў савецкія гады прадукцыя «Гомельдрэва» ўжо мела гэту ганаровую адзнаку.

Гісторыя завода пачалася ў 1879 годзе. За паўтара стагоддзя ён прайшоў шлях ад некалькіх сталярных майстэрняў да высокатэхналагічнай вытворчасці. Магутным штуршком у развіцці стаў запуск у 2014 годзе сучаснага завода МДФ у Рэчыцы. Найскладанейшыя прэсы і аўтаматызаваныя лініі наладжвалі і запускалі спецыялісты, якія і сёння складаюць аснову калектыву. Менавіта пераемнасць пакаленняў работнікаў, перакананыя на «Гомельдрэў», дапамагае прадпрыемству працаваць стабільна і пастаянна развівацца.

Прадпрыемства здолела заявіць аб сабе не толькі на айчынным, але і на знешнім рынку. Яно вытрымлівае велізарную канкурэнцыю, чым даказвае, што беларускі прадукт адпавядае міжнародным стандартам і заваёўвае давер пакупнікоў. На «Гомельдрэве» да якасці ставяцца як да галоўнага прынцыпу работы. І якасць перш за ўсё пачынаецца з сыравіны. Уласная лесанарыхтоўка дазваляе кантраляваць кожны этап — ад спілоўвання дрэва да яго перапрацоўкі.

Якасць падлогавага пакрыцця, адзначанага Знакам якасці, нараджаецца яшчэ ў лесе. Сыравіна (бяроза, хвоя, вольха), якая выкарыстоўваецца ў вытворчасці, праходзіць шматступеньчатую ачыстку і каліброўку. На прадпрыемстве вывераны да дробязяў кожны тэхналагічны этап. Спачатку драўніна праходзіць акорку, драбненне, сартаванне. Атрыманая дранка прамываецца, размолваецца ў валакно, насычаецца смоламі і сушыцца гарачым паветрам. Дарэчы, сушыльныя ўстаноўкі працуюць ад энергіі, якую атрымліваюць падчас спальвання кары і драўняных адходаў. Так дасягаецца поўная безадходнасць і энергаэфектыўнасць вытворчасці.

Дарэчы, ламінат — гэта трохслаёвая канструкцыя. Ніжні слой — падпласт — забяспечвае стабільнасць. Пасля ідзе дэкаратыўны пласт, а завяршае «пірог» — аверлей, меламінавая плёнка, узмоцненая аксідам алюмінію. Менавіта яна абараняе падлогавае пакрыццё ад зносу.

У цэлым ламінат уяўляе сабой высокатэхналагічны кампазіцыйны матэрыял, якасць якога вызначаецца сотнямі параметраў. Каб яе забяспечыць, на прадпрыемстве ўкаранёная шматступенная сістэма кантролю. Правяраецца ўсё: ад якасці драўніны да гатовай спакаванай пачкі ламінату.

Як звяртае ўвагу намеснік генеральнага дырэктара — начальнік упраўлення якасці ААТ «Гомельдрэў» Таццяна Чарнышова, на прадпрыемстве строга выконваюць усе тэхналагічныя рэгламенты вытворчасці:

— Кожныя тры гадзіны тэхнолагі адбіраюць узоры пліты і адпраўляюць на праверку ў лабараторыю. Прадукцыя правяраецца трываласцю на выгіб і расцяжэнне, шчыльнасць, узровень вільготнасці, аднастайнасці структуры. Пліта праходзіць выпрабаванне ўздзеяннем розных тэмператур — ад −5 да +30 градусаў.

Акрамя таго, пасля ацэнкі якасці ў лабараторыі прадукт праходзіць і практычныя выпрабаванні. Ламелі замочваюць у вадзе на суткі, каб праверыць ступень разбухання. Імітуецца інтэнсіўная нагрузка на ламінат, удары, уздзеянне ўльтрафіялету. Подлогавае пакрыццё гомельскіх вытворцаў праходзіць тэст на выціранне: у спецыяльнай машыне, пад ціскам, ламінат падвяргаецца ўздзеянню абразіўнага матэрыялу.

Экалагічнасць як складнік якасці

На прадпрыемстве дзейнічае сістэма шматузроўневага кантролю. Правяраюцца не толькі гатовыя ламелі, але і ўся сыравіна, смолы, дэкаратыўныя плёнкі. Прадукцыя праходзіць выпрабаванні на адпаведнасць стандарту СТБ 13329-2018, пажарнай бяспецы, санітарна-гігіенічным патрабаванням.

Увогуле, усе прадукты арганізацыі маюць міжнародныя сертыфікаты экалагічнай бяспекі. Прадпрыемства ў вытворчасці выкарыстоўвае малатаксічныя смолы і сістэму «экарэзінатар», якая змяншае расход клейкіх складаў. 

У якасці прыроднага звязвальнага кампанента ўжываюць лігнін — рэчыва, якое змяшчаецца ў самой драўніне. Ламінат атрымліваецца бяспечным, яго можна класці ў дзіцячых пакоях і спальнях.

Адказнасць за Знак якасці

Сёння на прадпрыемстве працуе каля 1700 чалавек. 

І для кожнага супрацоўніка прысуджэнне «Знака якасці» прадукцыі іх прадпрыемства — вялікі гонар, разуменне таго, што кожны дзень на сваім працоўным месцы робіш тое, што важна для тваёй Радзімы.

Як адзначае генеральны дырэктар ААТ «Гомельдрэў» Юрый Кузняцоў, Дзяржаўны знак якасці — гонар для калектыву. «Гэта новы старт, новы віток развіцця, які перш за ўсё патрабуе высокай адказнасці перад спажыўцом і перад краінай. Адзнака на такім узроўні — гэта доказ, што мы на правільным шляху. Але цяпер наша задача — з яшчэ большай энергіяй пацвярджаць гэты давер, развівацца і станавіцца лепшымі».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва прадпрыемства

Чытайце таксама: На «Маладзечнамэблі» ўкладаюць у вытворчасць прадукцыі не толькі ўменне, але і душу

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю