Максімум увагі, ласкі і бяспекі
Нягледзячы на тое, што водпуск па доглядзе дзіцяці ў Беларусі доўжыцца да трох гадоў, некаторыя сучасныя матулі хочуць выйсці на працу раней. Улічваючы патрэбу, з 1 сакавіка ў кожным раёне краіны пачалі працаваць групы для дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў дзіцячым садку № 3 «Церамок» горада Жодзіна і даведаліся, чым адрозніваецца работа ў групе другога ранняга ўзросту для дзяцей ад аднаго да двух гадоў і як адаптуюцца малыя.

Установа адукацыі, якую мы наведалі, адносна маладая па ўзросце. Дзіцячы садок № 3 быў адкрыты ў 2017 годзе. Цяпер у ім функцыянуе 9 груп, у якіх навучаюцца 125 выхаванцаў, ёсць асобныя музычныя і спартыўныя залы, кабінет інфармацыйных камунікацыйных тэхналогій, сэнсарны пакой, кабінеты настаўнікаў-дэфектолагаў, кабінет сацыяльна-педагагічнай службы, медыцынскі блок.
Штатная колькасць складае 60 работнікаў, сярод якіх выхавальнікі дашкольнай адукацыі, настаўнікі-дэфектолагі, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны. Ва ўстанове шмат маладых спецыялістаў са свежымі ідэямі і пастаянным імкненнем да развіцця ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Дапаўняе гэту энергію бясцэнны вопыт старэйшага пакалення педагогаў.
Ведаць, як малога ласкава называюць дома
«Летась на базе нашага дзіцячага садка на аснове запытаў бацькоў, якія жадаюць выйсці на працу, была адкрыта група другога ранняга ўзросту для дзяцей ад аднаго да двух гадоў, — расказвае загадчыца дзіцячага садка № 3 „Церамок“ Наталля ПАЛЕЙ. — Работа ў першай групе ранняга ўзросту істотна адрозніваецца нават ад той, што з двухгодкамі. У гэты перыяд дзіця праходзіць шлях ад першых крокаў і слоў да пачатку актыўнага асваення прадметнага свету».

Сярод асноўных асаблівасцяў працы выхавацелі выдзелілі некалькі. Па-першае, вельмі важным з’яўляецца працэс адаптацыі. Напаўняльнасць групы не павінна перавышаць 10 выхаванцаў, што дае магчымасць ажыццяўляць індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці. Акрамя таго, у гэтым узросце дапушчальна выкарыстанне элементаў хатняга ўжытку (любімая цацка ці бутэлька з вадой), каб знізіць трывожнасць. Для маленькіх дзетак таксама вельмі важна адчуваць цялесны кантакт, якім забяспечваюць выхавацелі.

Праца педагога ў першыя месяцы накіравана на стварэнне эмацыйнага камфорту, устанаўленне давернага кантакту «выхавальнік — дзіця», паступовае прывучванне да распарадку дня, пра які варта згадаць асобна.
Для дзяцей другога ранняга ўзросту характэрна высокая стамляльнасць, таму рэжым будуецца на частай змене дзейнасці. Выхавацель абавязкова ўлічвае хатнія звычкі і інтарэсы дзіцяці, даведваецца, як малое ласкава называюць дома, як яно засынае, якія цацкі падабаюцца, і актыўна выкарыстоўвае гэту інфармацыю ў адукацыйным працэсе. Дзеці да паўтара года могуць спаць двойчы ў дзень, пасля — адзін раз. У групах часта арганізоўваецца гібкі графік адыходу да сну.
«Ва ўзросце ад аднаго да двух гадоў у дзяцей адбываецца пераход да першых слоў, — адзначыла загадчык дзіцячага садка. — Выхавацелі павінны ўлічваць гэта і весці з дзецьмі пастаянны дыялог, чытаць рытмічныя вершы, выкарыстоўваць гукаперайманне. Калі гаварыць пра заняткі, то яны для такіх дзетак праводзяцца ў фармаце мікра-гульні працягласцю да сямі хвілін».

Калі сумняваецеся — варта паспрабаваць
Калі мамы і таты аддаюць сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак у дзіцячы садок у такім раннім узросце, для іх асабліва важна ведаць, у якім настроі было іх дзіця, якія ў яго поспехі за дзень, а што, можа быць, атрымліваецца з цяжкасцю. Выхавальнік у гэтым выпадку — злучны мост паміж сям’ёй і садком.

Па словах загадчыка дзіцячага садка, ва ўстанове існуе практыка штодзённай справаздачы — бацькоў інфармуюць аб тым, як малы паспаў, паеў, якім быў настрой.
Паліна ЖЫЛА — мама двух хлопчыкаў. Старэйшаму, Марку, — чатыры гады, а маленькаму Мірону няма яшчэ і двух з паловай. Тым не менш малы з мінулай восені ўжо ходзіць у групу другога ранняга ўзросту для дзяцей ад аднаго да двух гадоў. «Аддала я малодшага ў год і шэсць месяцаў, — распавядае мама. — Спачатку было неспакойна, раптам выхавальнік лішні раз не абдыме яго, памперс своечасова не заменіць. Аднак адаптацыя прайшла добра».
Паліна Васільеўна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, але працуе на палову стаўкі. «Нікому не перашкодзіць дадатковы даход, — лічыць яна. — У мяне з’явілася больш вольнага часу. З двума маленькімі дзеткамі іншы раз нават не было магчымасці зрабіць банальныя рэчы, бытавыя справы. Я, напрыклад, за гэты час, калі яны абодва ходзяць у дзіцячы садок, паспела атрымаць вадзіцельскае пасведчанне».
Маленькі Мірон даволі спакойны хлопчык, у садку яму камфортна, гаворыць мама. «Мая парада для тых, хто не можа вырашыць, ці аддаваць дзіця так рана, — паспрабуйце, — дадае яна. — Калі малы яшчэ не гатовы, а такое можа быць, вы гэта адчуеце. Баяцца тут няма чаго.
У маім выпадку адаптацыя ў малодшага дзіцяці прайшла прасцей, чым у старэйшага».

«Стараемся ахінуць іх цяплом»
Выхавальнік першай катэгорыі Ірына ДАНІЛІНА валодае вопытам работы з дадзенай узроставай групай. «Праца з дзецьмі такога ўзросту, вядома, мае свае асаблівасці і патрабуе павышанай увагі, — лічыць яна. — Я, як мама, вельмі добра адчуваю дзяцей, яны цягнуцца да мяне. І абняць, і пагаварыць, і супакоіць своечасова — вельмі важная частка нашай працы. Бацькі давяраюць нам сваіх дзетак, мы стараемся іх ахінуць цяплом і клопатам».
Выхавальнік Анастасія ГЕДЗЬКО — малады спецыяліст, ёй даверылі работу з дзеткамі ва ўзросце ад аднаго да двух гадоў. «Ніякага недаверу з боку бацькоў не адчуваю, — падкрэслівае яна. — Бачаць, што я вельмі адказна падыходжу да сваёй працы, люблю дзяцей, таму выдатнае ўзаемадзеянне паміж намі наладжана. Дзеткі растуць і развіваюцца ў мяне на вачах, пры маёй дапамозе — гэта так цудоўна».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД