Top.Mail.Ru

Даведаліся, як галоўная кузня педагагічных кадраў у Магілёве рыхтуецца да новага навучальнага года

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова ідуць апошнія прыгатаванні да сустрэчы са студэнтамі. Абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, зроблены касметычны рамонт памяшканняў, набываецца неабходнае абсталяванне. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася на месцы, якія перамены адбыліся ў гэтай установе адукацыі.


Прэстыж ВНУ расце

Нехта думае, што ўлетку ўніверсітэт адпачывае. Гэта не так. Праводзіцца вялікая работа па навядзенні парадку, закупцы мэблі, рамонце аўдыторый, студэнцкіх інтэрнатаў, канстатуе рэктар МДУ імя А.А. Куляшова Юрый МАШЫН:

— Усё робіцца для таго, каб стварыць камфортныя ўмовы для работы ўніверсітэцкага калектыву і вучобы студэнтаў. Асаблівы акцэнт — на інтэрнатах. Хочацца, каб моладзь адчувала сябе як дома.

Рэктар адзначае, што сёлета падчас уступнай кампаніі назіраўся больш высокі попыт на педагагічныя спецыяльнасці. А сярэдні бал на топавыя спецыяльнасці склаў аж 376 балаў. МДУ імя А.А. Куляшова карыстаецца поспехам і ў замежнікаў. Тут вучацца прадстаўнікі Кітайскай Народнай Рэспублікі, Узбекістана і іншых краін.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі Алена БАШАРКІНА паведаміла, што сёлета на бюджэтныя месцы ва ўніверсітэт прыняты 773 чалавекі, з якіх 578 — на дзённую форму атрымання адукацыі, у іх ліку 164 мэтавікі, 30 выпускнікоў профільных класаў, 8 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды. Больш за ўсё было жадаючых стаць юрыстамі, журналістамі, ваенрукамі. Апошніх рыхтуе факультэт фізічнага выхавання. Конкурс там сёлета складаў два чалавекі на месца.

Настрой бадзёры

Знамянальна, што студэнты не застаюцца ў баку ад работ па падрыхтоўцы ВНУ да навучальнага года. Па словах старшыні прафкама студэнтаў Паліны ШЧАРБАКОВАЙ, з сярэдзіны ліпеня ў рамонтных работах задзейнічаны студэнцкі будатрад:

— Гэта добрая магчымасць зрабіць свае пакоі больш утульнымі, а таксама, што не менш важна ў студэнцкія гады, зарабіць грошы. Маладыя людзі фарбуюць, тынкуюць, клеяць — работы шмат. Адчуваецца бадзёры дух калектывізму.

Ва ўсіх інтэрнатах праводзяцца касметычныя рамонты, абнаўляецца мэблевы фонд. У інтэрнаце № 3 па вуліцы Касманаўтаў зроблена мадэрнізацыя аўтаматычнай сістэмы пажаратушэння.

— Папярэдняя сістэма ўжо састарэла, і мы паклапаціліся, каб стварыць максімальна бяспечныя ўмовы для пражывання студэнтаў, — расказвае прарэктар універсітэта Генадзь ІВАНЧАНКА. — Запусціць сістэму ў работу плануецца ў першай палове жніўня.

«Прэзідэнцкі» пакой у інтэрнаце

У інтэрнаце № 1 па вуліцы Ленінскай заканчваюцца работы па мадэрнізацыі сістэмы электразабеспячэння. Гэты аб'ект таксама павінен быць уведзены ў жніўні. Улічваючы, што будынку больш як 90 гадоў, мадэрнізацыя зроблена грунтоўная.

Дарэчы, інтэрнат № 1 той самы, дзе падчас вучобы ў ВНУ жыў Аляксандр Лукашэнка. 

У «прэзідэнцкі» пакой цяпер засяляюць у асноўным актыўных рабят, якія падаюць прыклад у вучобе, спорце, грамадска-палітычнай дзейнасці.

Не пазней чым да сярэдзіны жніўня на ўсе чатыры інтэрнаты ВНУ павінны быць аформлены пашпарты гатоўнасці. Засяленне пачнецца ўжо 26 жніўня.

«Куляшоў. Ньюс» паведамляе...

Начальнік гаспадарчага аддзела Ірына ДЗЯЧЭНЯ звяртае ўвагу на тое, што да адкрыцця навучальнага года ўжо амаль цалкам падрыхтавана лабараторыя адукацыйнай робататэхнікі:

— Зроблены ўвесь неабходны рамонт, закуплена мэбля і часткова абсталяванне. Гэта лабараторыя ўвогуле ўнікальная ў маштабах краіны. Тут будуць праходзіць практычныя заняткі па робататэхніцы, розныя робатабатлы.

Для будучых журналістаў таксама адкрыецца сучасная медыя-лабараторыя. Па ініцыятыве рэктара створаны маладзёжны прэс-цэнтр «Куляшоў. Ньюс», які будзе асвятляць дзейнасць універсітэта па ўсіх кірунках.

Цалкам гатова і шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка.

— Яна ўжо афіцыйна ўведзеная ў строй, — удакладняе Генадзь Іванчанка. — У склад яе ўваходзяць лыжаролерная траса, бегавая дарожка са спецыяльным пакрыццём, пляцоўкі для розных гульнявых відаў спорту, а таксама для заняткаў лёгкай атлетыкай. Створаны ўсе неабходныя ўмовы для якаснай падрыхтоўкі кадраў, запатрабаваных у народнай гаспадарцы краіны.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва МДУ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю