Top.Mail.Ru

Даведаліся, як на Магілёўшчыне аграсэрвісы садзейнічаюць уборцы ўраджаю

Сёння жніво праходзіць у няпростых умовах надвор’я і вельмі важна, каб кожная сонечная хвіліна працавала на будучы ўраджай. А для гэтага трэба, каб тэхніка ўвесь час была на хаду. І ў гэтым аграрыям Магілёўшчыны сур’ёзна дапамагае ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» — дылер МТЗ, «Гомсельмаша», Мінскага маторнага завода і шэрагу іншых прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю для патрэб сельскай гаспадаркі. Супрацоўнічае і з замежнымі партнёрамі.


Арганізацыя знаходзіцца непасрэдна ў Магілёве, але абслугоўвае ўсю вобласць. На плошчы болей за 10 гектараў размешчаны ўсе неабходныя пабудовы для рамонту тэхнікі.

— Абслугоўваем тэхніку, якая прыходзіць да нас па гарантыі, — кажа намеснік дырэктара ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» Аляксандр МІШУР. — Для аператыўнага рашэння праблем ствараецца дадатковы дылерскі цэнтр у Касцюковічах. 

Алгарытм дзеяння арганізацыі просты: калі ў полі зламалася тэхніка, да яе выязджае мабільная група і прама на месцы займаецца рамонтам.

— На сённяшні дзень у нас 16 выязных брыгад, у распараджэнні кожнай — машына і абучаныя для аператыўнага вырашэння праблемных пытанняў спецыялісты, — расказвае Аляксандр Мішур. — Калі тэхніку нельга адразу ж вярнуць да жыцця, з дапамогай трала яна дастаўляецца ў Магілёў на нашу пляцоўку. Калі рамонт зацягваецца больш чым на два дні, вытворца прысылае падменную тэхніку. Нядаўна падалі заяўку на Трактарны завод, каб нас дадаткова забяспечылі вузламі і агрэгатамі. Пры наяўнасці ўсіх неабходных запчастак справа за хуткім аднаўленнем гарантыйнай тэхнікі не стане.

Сёння ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» прапануе АПК поўны комплекс паслуг. На яго базе створана чатыры мехатрады, якія аказваюць паслугі сельгасарганізацыям, пачынаючы ад узорвання да ўборкі. На ўзбраенні ўся неабходная тэхніка.

— Аляксандр Іванавіч, сэрвісныя цэнтры існуюць ва ўсіх абласных цэнтрах, але што датычыцца мехатрадаў, то тут Магілёўшчына працуе найбольш інтэнсіўна. Гэта так? — цікаўлюся я.

— Так. Мы проста самыя першыя ў краіне пачалі выконваць такія работы. За мінулы год больш як сто чалавек набралі. У дадзены момант усе чатыры нашы мехатрады засяроджаны выключна на жніве. А ў зімовы перыяд прыцягваем гэтых людзей на рамонт энерганасычаных трактароў. З дапамогай прыцягнутых спецыялістаў сёлета рэаніміравалі каля 60 такіх трактароў. Працуем ужо некалькі гадоў і, дзякуючы падтрымцы вобласці і дзяржавы, увесь час пашыраем сваю дзейнасць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю