Аграрыі Гомельшчыны паступова набіраюць тэмпы нарыхтоўкі сенажу з траў першага ўкосу. Цяпер трава знаходзіцца ў найбольш спрыяльнай фазе для ўборкі, і перад гаспадаркамі стаіць задача своечасова забяспечыць кармавую базу для буйной рагатай жывёлы на наступны зімова-стойлавы перыяд. Работы ў палях імкнуцца весці без затрымак.
У ААТ «Уцеўскае» Добрушскага раёна ў тэрмін завяршылі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, днямі цалкам «закрылі» план па сяўбе кукурузы на зялёную масу і прыступілі да нарыхтоўкі траў. Стартуюць з люцэрны, адной з самых пажыўных кармавых культур.
Ужо ў гэту касавіцу і ўборачную кампанію ўпершыню папрацаваць як паўнацэнная адзінка калектыву марыць студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Уладзіслаў МІХАЛЕНКА. Ён завяршае навучанне ў ВНУ і якраз праходзіць пераддыпломную практыку ў гаспадарцы. Малады чалавек мясцовы, родам з Уці. Тут скончыў школу, паступіў ва ўніверсітэт, для навучання атрымаў мэтавае накіраванне ад Добрушскага райвыканкама. Летась на вытворчую практыку Уладзіслаў папрасіўся ў родную гаспадарку, дзе вельмі добра сябе зарэкамендаваў.

— Працаваў на МТЗ-82. Сёлета даверылі тэхніку ўжо больш сур’ёзную. Займаўся падвозам насення да сеялак з бункерам, затым унясеннем арганікі, — тлумачыць Уладзіслаў.
На машынным двары каля энерганасычанага трактара, на якім ён цяпер працуе, затрымліваешся мімаволі: тэхніка выглядае амаль як новая — акуратная, падфарбаваная, прыведзеная ў парадак. Студэнт-практыкант сам папрасіў замацаваць за ім гэту машыну і сам займаўся яе рамонтам.
— У канцы чэрвеня ва ўніверсітэце ў мяне абарона дыплома. Тэма дыпломнай работы звязана з мадэрнізацыяй культыватара-дыскатара, які прымяняецца ў складзе комплексу машын для асноўнай і перадпасяўной апрацоўкі глебы пад збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя культуры.
Нягледзячы на падрыхтоўку да абароны дыпломнай работы і вучобу, малады чалавек ужо будуе планы на свой удзел у летняй кампаніі ў гаспадарцы.
— Пасля абароны дыпломнай работы адразу хачу вярнуцца сюды працаваць. Мару стаць добрым інжынерам!

У сезон заўжды работы вельмі шмат, таму буду рады дапамагчы на розных пазіцыях. Да энерганасычанага трактара, на якім цяпер працую, агрэгаціруецца бункер на дваццаць тон, і ён якраз будзе задзейнічаны падчас уборачнай, — з веданнем справы ўдакладняе Уладзіслаў.
У гаспадарцы на маладога спецыяліста сур’ёзна разлічваюць. Кажуць аб ім ужо як аб будучым запатрабаваным інжынеры.
— Чалавек вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе.
Цікавіцца тэхнікай, пасяўнымі агрэгатамі, прычапнымі агрэгатамі, вывучае іх. Будзе ведаць трактар, будзе ведаць агрэгаты, як яны рэгулююцца, як працуюць.
Хлопец — на сваім месцы! — з радасцю за маладыя кадры і новае працоўнае папаўненне ў гаспадарцы дадае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Уцеўскае» Уладзімір ХАЛЯЎКІН.
Для сельгасарганізацыі маладыя спецыялісты сёння асабліва важныя. Гаспадарка стала адной з найбуйнейшых у раёне пасля дабаўлення сельгасугоддзяў летась. Як адзначае намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ «Уцеўскае» Галіна ДЗЯМКОВА, агульная плошча сельгасзямель гаспадаркі цяпер — амаль 11 тысяч га, больш як 8600 га — ралля.
— Вясновыя палявыя работы пачалі з сярэдзіны сакавіка, ідзём вельмі рытмічна ў гэтым сельгассезоне.
У тэрмін поўнасцю завяршылі сяўбу яравых збожжавых на плошчы звыш 1080 га. Пасеялі грэчку і аднагадовыя культуры на корм. Асноўны ўпор традыцыйна робім на кукурузу. Пад яе сёлета адведзена амаль 2,3 тысячы га, з іх звыш 350 га — на зерне, астатняе — на зялёную масу, — уводзіць у курс справы Галіна Дзямкова.
На гэтым тыдні аграрыі пераходзяць да наступнага этапу работ — корманарыхтоўкі. Плошча шматгадовых траў у гаспадарцы — больш як 2,2 тысячы га,
з іх больш паловы адведзена пад люцэрну.

У корманарыхтоўчай кампаніі на ўсіх этапах — ад падрыхтоўкі поля, тэхнікі, траншэй да закладкі і захоўвання кармоў — варта строга выконваць тэхналогію, падкрэслівае спецыяліст.
— Вельмі важна не ўпусціць аптымальныя тэрміны касьбы і вытрымаць неабходную вышыню зрэзу травы. Скошаную масу аператыўна дастаўляем у сянажна-сіласныя траншэі. Адзін з галоўных паказчыкаў якаснага сенажу — вільготнасць зялёнай масы на ўзроўні 50–55 %. Частку кармоў абавязкова нарыхтоўваем і ў плёнку з дапамогай прэс-падборшчыка.
Да корманарыхтоўчай кампаніі ў гаспадарцы падышлі адказна. Тэхніка гатова да працы, механізатары працуюць з разуменнем таго, наколькі важная трывалая кармавая база для жывёлагадоўлі, бо ад якасці і аб’ёмаў нарыхтаваных кармоў напрамую залежаць прыбаўленні ў вазе, надоі, а значыць — эканамічныя поспехі сельгаспрадпрыемства і заробак працаўнікоў.
Усяго аграрыі ААТ «Уцеўскае» для наступнага зімова-стойлавага перыяду плануюць нарыхтаваць 1,8 тысячы т сена, больш за 16 тысяч т сенажу, у тым ліку каля 3 тысяч т нарыхтуюць у плёнку і каля 46 тысяч т сіласу.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота аўтара