Забяспечваць парадак, спакой і бяспеку грамадзян на вуліцах трэба штодзень і, што важна, з поўным разуменнем справы. Таму працоўны дзень пачынаецца з правядзення інструктажу і атрымання аператыўнай інфармацыі. Арыенціроўкі, звесткі аб зніклых без вестак, статыстыка злачынстваў — такія даныя неабходна абнаўляць штодня. У тым ліку, па словах камандзіра 2-га ўзвода роты ППСМ Мінскага РУУС маёра міліцыі Сяргея РАХНО, для распрацоўкі маршрутаў патрулявання. Толькі потым супрацоўнікі атрымліваюць службовыя дакументы, радыёстанцыі, зброю і выходзяць на пастраенне, дзе правяраюцца веды нарматыўных актаў, праводзяцца практычныя трэніроўкі па затрыманні парушальнікаў.

Дарэчы, большасць з іх, як выяўляецца на практыцы, падчас затрымання нецвярозыя. Увогуле, па статыстыцы МУС за 2023 год, кожнае трэцяе злачынства ў Беларусі здзяйснялася грамадзянамі пад удзеяннем алкаголю. Сёння сітуацыя паступова выпраўляецца, у тым ліку дзякуючы рабоце ППСМ. Калі чалавек парушае грамадскі парадак, асабліва паўторна, справа даходзіць да пратакола і адміністрацыйнай адказнасці.
Моцна п’яных з вуліцы забіраюць, каб гарантаваць бяспеку і іх саміх, і навакольных. Да выцверажэння такія грамадзяне застаюцца ў пакоі для затрыманых. А калі падобныя выпадкі адбываюцца рэгулярна, іх накіроўваюць ужо ў ізалятар часовага ўтрымання — да рашэння суда аб далейшым пакаранні.
Шукаць правапарушальнікаў міліцыянерам дапамагаюць дзясяткі камер відэаназірання па ўсім раёне: яны заўсёды фіксуюць, што адбываецца на вуліцах, і нярэдка становяцца галоўнымі доказамі. Да таго ж, паступова змяняецца абсталяванне патрулёў — абнаўляецца аўтапарк, зброя і форма. Гэта пытанне не толькі зручнасці: кожны выхад на дзяжурства звязаны з рызыкай, а значыць, тэхніка і экіпіроўка павінны быць надзейнымі і якаснымі, а ўмовы працы — максімальна камфортнымі.

Міліцыянеры прызнаюцца: ніводны дзень на службе не падобны на іншы. Сёння патрульны гутарыць з падлеткамі ў двары, а заўтра ўдзельнічае ў пошуку чалавека або дапамагае ратавальнікам. У буднія дні міліцыянеры ППС сочаць за бяспекай вуліц, у святочныя — забяспечваюць спакой грамадзян на розных масавых мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах ці канцэртах пад адкрытым небам. Адсюль і самыя розныя задачы — ахова грамадскага парадку, дапамога жыхарам, затрыманне парушальнікаў, — і спецыфіка службы. За хвіліну можа спатрэбіцца пераключыцца з руціннага патрулявання на складаны выклік. Калі на месцы ёсць пацярпелыя, патрульныя нават самі могуць аказваць першую дапамогу — у крытычны момант важна не губляць ні секунды, каб паспець выратаваць чалавеку жыццё да прыезду медыкаў:
— Але найбольш мы займаемся менавіта прафілактыкай правапарушэнняў. Справа вось у чым: сам факт таго, што супрацоўнікі міліцыі абыходзяць тэрыторыю, прымушае людзей паводзіць сябе больш акуратна. Калі грамадзяне заўважаюць патрульную машыну, ніхто не адважваецца перабягаць дарогу, шумець ці выпіваць у грамадскім месцы. А калі паблізу нешта і адбудзецца, дык мы будзем на месцы здарэння першымі, — падкрэслівае Сяргей Рахно.

Прэстыж, стабільнасць і... небяспека
Служба ў патрулі патрабуе не толькі смеласці, але і ўмення размаўляць з людзьмі, вырашаць канфлікты, гатоўнасці прыйсці на дапамогу ў любы час і ў любое надвор’е. Такая школа жыцця хутка вучыць сабранасці і адказнасці. Непрадказальнасць робіць службу цяжкай, але разам з тым — цікавай. Тыя, хто вытрымліваюць яе рытм, потым лёгка знаходзяць сябе ў іншых падраздзяленнях: ад крымінальнага вышуку да кіруючых пасад. Нездарма падраздзяленне патрульна-паставой службы лічыцца кузняй кадраў міліцыі. Па жывую, рухомую прафесію ў патруль прыйшоў і малодшы сяржант міліцыі Аляксандр БАРОЎСКІ. Юнак служыць у 2-м узводзе роты ППСМ Мінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў ужо год:
— Пасля вучобы на бухгалтара я не спяшаўся працаваць па спецыяльнасці: на практыцы зразумеў, што сядзець у офісе насамрэч не маё. Таму, калі да нас у каледж прыязджалі супрацоўнікі міліцыі, расказвалі і пра перавагі, і пра складанасці службы, я сур’ёзна ёю зацікавіўся. Ды і бацька казаў: калі пойдзеш у органы — не прападзеш. Гэта прэстыж, стабільнасць, шмат магчымасцяў. Пасля курсу падрыхтоўкі мне як маладому супрацоўніку прапанавалі стаць участковым ці пайсці ў патруль. Так я і апынуўся ў ППС — бо хацеў спачатку знутры разабрацца, што з сябе ўяўляе служба.

Аказалася, яна няпростая і даволі небяспечная. Часам даводзіцца ўмешвацца ў канфлікт, супакойваць агрэсіўных грамадзян ці спыняць бойку. У такіх сітуацыях важна дзейнічаць стрымана, не паддавацца эмоцыям — размаўляць спакойна, усё тлумачыць. Ніколі ж не ведаеш, як павядзе сябе затрыманы. Улетку, як прызнаецца Аляксандр, нагрузка асабліва вялікая. Справа ў тым, што жыхары і госці Мінскага раёна едуць адпачываць да вадасховішчаў — на Пціч, Вячу ці на Мінскае мора. Для забеспячэння правапарадку тут выстаўляюцца нарады патрульна-паставой службы. У купальны сезон міліцыянеры ППС разам з ратавальнікамі нават праводзяць рэйды па вадаёмах на катарах. Людзей шмат, усачыць за ўсімі цяжка, але кожны адпачывальнік павінен быць упэўнены ў сваёй бяспецы і захаванасці рэчаў.
На гэтым службовыя абавязкі не заканчваюцца. «Патрульны павінен умець адстойваць сваю пазіцыю, быць фізічна і псіхалагічна моцным, устойлівым. Гэтыя якасці неабходныя кожнаму супрацоўніку, бо нарады патруля — як пешыя, так і аўтамабільныя — заступаюць на маршруты, каб выяўляць і прадухіляць злачынствы. А найбольш частыя з іх — гэта распіццё алкаголю ў грамадскіх месцах, сямейныя канфлікты, бойкі, дробнае хуліганства, — адзначае Сяргей Рахно. — І, канешне, у нашай службе нельга без адданасці краіне і сваёй справе. Дэвіза беларускай міліцыі „Служым закону, народу, Айчыне!“ прытрымліваемся няўхільна».
Аміна Назарава
Фота: Віктар Іванчыкаў